Представители Белагропромбанка Витебщины приняли участие в спартакиаде, которая прошла на базе ФОКа «Юность-Ушачи»

Общество

“На гасціннай ушацкай зямлі мы ўжо ў чацвёрты раз. Не проста спаборнічаем – знаёмімся з мясцовымі славутасцямі (летась, напрыклад, пабывалі на “Прарыве”), культурай, традыцыямі”, – не хавалі эмоцый удзельнікі спартакіяды, што ладзілася на мінулым тыдні на базе “Юнацтва-Ушачы”.

С.Самусеў і Д.Садоўская

Ужо на ўваходзе ў спарткомлекс дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах запрашалі прадстаўнікоў рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” падмацаваць свае сілы. На стале – стравы беларускай кухні, дранікі, сырнікі, бліны з грыбамі, травяную гарбату і многае іншае прыгатавалі ўдзельніцы клубаў “Прысмакі” і “Дружба”. Завочна парадавалі гасцей і нашы мастакі: падчас урачыстага адкрыцця спартакіяды ўсім, хто трымаў слова, начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг №237 ААТ “Белаграпрамбанк” у г.п.Ушачы Д.Садоўская ўручыла іх прыгожыя карціны – дарэчы, з мясцовымі краявідамі”.

“У вас, сапраўды, дзіўны край і асаблівыя людзі! – падзялілася з намі старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Святлана Парчэўская. – З былым супрацоўнікам “раёнкі” Пятром Пратасевічам сябруем многія гады – ад яго часта даведвалася пра тутэйшыя навіны. Калі ж сама бываю на Ушаччыне, па-добраму зайздрошчу жыхарам і мару займець у такім ціхім, азёрным краі дачу ці пасля выхаду на пенсію тут асесці”.

…І вось прадстаўнікі Віцебска, Лепеля, Оршы, Полацка, Глыбокага і непасрэдна рэгіянальнай дырэкцыі рушылі на старт. Свае сілы яны дэманстравалі як у традыцыйных відах – настольным тэнісе, плаванні, дартсе, шахматах, так і ў “экзатычным” карнхоле (у перакладзе – кукурузная нара). Правілы гульні: неабходна з 5 метраў закінуць мяшэчак з сухім кукурузным зернем у лузу, размешчаную на нахільнай дошцы. Трапіў у адтуліну – атрымай 3 балы. Прамахнуўся, але “снарад” застаўся на гульнявым полі – у залік пойдзе 1. У апошнім выпадку, праўда, балы налічаюцца толькі калі мяшэчак здолеў утрымацца на слізкай паверхні.

На пляцоўцы па карнхоле

“Не важна, хто сёння зойме вышэйшыя прыступкі п’едэстала, галоўнае – каб візіт на Ушаччыну запомніўся, а сустрэча згуртавала”, – адзначыў першы намеснік начальніка рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Сяргей Самусеў. Зрэшты, так і атрымалася. Раз’язджаліся ўсе са шчырай удзячнасцю гаспадарам за цёплы прыём і з цвёрдым намерам прыехаць ва Ушачы яшчэ. А каманды-пераможцы, асобныя іх прадстаўнікі адзначаны ўзнагародамі, у тым ліку грашовымі – на далейшае развіццё спорту ў рэгіёнах.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *