Как прошёл Единый день голосования на Ушаччине

ВЫБОРЫ 2024 Единый день голосования Общество

Чарговая электаральная кампанія стала гісторыяй. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовых Саветаў дэпутатаў прайшлі канструктыўна і зладжана, кожны грамадзянін краіны меў магчымасць паўплываць на вызначэнне нашай агульнай будучыні. І беларусы ахвотна карысталіся сваім канстытуцыйным правам: па папярэдніх даных, яўка выбаршчыкаў у Адзіны дзень галасавання склала 73,09 працэнта.

Па папярэдніх выніках выбараў, абраны ўсе 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання. Па Полацкай сельскай выбарчай акрузе №28, у якую ўваходзіць Ушацкі раён, у Парламент абраны Аляксандр Мікалаевіч Стома. Дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў па Ушацкай выбарчай акрузе №51, у якую ўваходзіць Ушацкі раён і частка Шумілінскага, абраны Сяргей Мікалаевіч Мялешкін.

Ушачане ў падобных грамадска-палітычных кампаніях заўжды праяўляюць актыўнасць і свядомасць. Ужо падчас датэрміновага галасавання свой выбар зрабіла каля 40 працэнтаў нашых землякоў. У асноўны ж дзень, 25 лютага, запоўненыя бюлетэні паляцелі ў празрыстыя скрыні з самага пачатку работы ўчасткаў. “Як і многія людзі ва ўзросце, устаём рана, так што галоўную справу дня вырашылі не адкладаць”, – патлумачылі нам Зінаіда і Васіль Лёлі, якія галасавалі на ўчастку №1 у райвыканкаме. Разам з дачкой прыйшла на выбары ўшачанка Таццяна Салавей. “Хоць Віка яшчэ школьніца і галасаваць пакуль не можа, але мы сумесна абмяркоўвалі кандыдатуры, ды і веданне працэдуры ёй спатрэбіцца ўжо падчас наступнай кампаніі”, – зазначыла жанчына.

Увогуле многія ўшачане ідуць галасаваць з дзецьмі, бо лічаць, што знаёміць з грамадскімі абавязкамі варта з маленства. Склалася такая добрая традыцыя і ў сям’і кіраўніка нашага раёна Сяргея Сяргеевіча Садоўскага – вось і ў гэты раз ён прыйшоў на ўчастак з жонкай Дзінай Міхайлаўнай і двума сынамі. Упершыню пазіравала на камеру журналістаў пяцігадовая Маргарыта Бугай, але не хвалявалася, бо побач былі тата і дзядуля. А вялікая і дружная сям’я Сакаловых заўсёды ажыўляе і без таго святочную атмасферу на ўчастку №2 у адміністрацыйным будынку УП ЖКГ. “Пра тое, як моцна падтрымлівае наша дзяржава мнагадзетных бацькоў, ведаю не па чутках, і калі рабіла выбар паміж кандыдатамі, звяртала ўвагу ў тым ліку і на гэты аспект іх праграм”, – зазначыла Наталля Сакалова.

Надзея Мінаўна СЕДЗІНА:

“Сёння зрабіць выбар паміж кандыдатамі мне было няпроста: усе падаліся вельмі дастойнымі. А вось на прэзідэнцкіх выбарах не вагалася ні хвіліны – вядома ж, аддала свой голас за нашага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Нам вельмі пашанцавала мець такога мудрага, адданага краіне кіраўніка, які глыбока разумее інтарэсы простых людзей. А яшчэ я абсалютна згодна з нашым Прэзідэнтам, які сказаў, што нідзе ў свеце няма такіх адкрытых, сумленных, прынцыповых выбараў, як у Беларусі”.

У працяг тэмы аб маладым пакаленні дарэчы будзе прыгадаць тых, для каго гэта электаральная кампанія была першай. У памяць пра знакавую падзею такія выбаршчыкі атрымалі ў падарунак Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і сувенір ад райкама БРСМ. На ўчастку №3 у райцэнтры, напрыклад, “дэбютантаў” аказалася 9, у іх ліку – і Арцём Лёля. “Сёння я адчуў сябе паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны, усвядоміў, што разам з іншымі магу вырашаць яе лёс. Гэта і адказна, і прыемна!” – не хаваў юнак узнёслага настрою.

Аддаць свае галасы, канечне, змаглі і выбаршчыкі з самым вялікім стажам, якім узрост ці стан здароўя не дазваляюць прыбыць на ўчастак. Асабліва шмат такіх на сяле. 574 жыхары з 40 населеных пунктаў былі ўнесены ў спісы на ўчастку ў Сарочыне, 340 з іх выказалі жаданне галасаваць на доме. “Маршруты аб’ездаў у нас вялікія – ад Мосара да Увалокаў, у Шасцярнях, напрыклад, толькі два выбаршчыкі, але, вядома ж, завітаем у кожную вёсачку”, – патлумачыла старшыня камісіі Людміла Аляксандраўна Пашута. А на ўчастку №12, што ў Градзянцы, нам расказалі, што некаторыя пажылыя вяскоўцы званілі сюды не толькі каб паведаміць пра намер прагаласаваць дома, а і прасілі членаў камісіі зачытаць ім па тэлефоне звесткі пра кандыдатаў, паколькі самі з-за слабага зроку не маглі пазнаёміцца з прынесенымі інфармацыйнымі лістоўкамі.

Варта адзначыць і годную ініцыятыву жарскіх выбаршчыкаў: як вядома, іх населены пункт належыць да ільюшынскага ўчастка, дабрацца да якога многім складана, але і прымушаць членаў камісіі аб’язджаць кожны дом немалой вёскі яны не хацелі, таму папярэдзілі, што а 10-й гадзіне ўсе, каму дазваляе здароўе, збяруцца ў сельвыканкаме. Такім чынам людзі і святочны настрой сабе стварылі – залішне казаць, што для савецкага пакалення выбары заўсёды асацыіруюцца з урачыстасцю, нагодай “схадзіць на сяло”, абмеркаваць падзею з суседзямі.

Прынамсі, элементы свята прысутнічалі на кожным участку. Ушацкія кааператары паклапаціліся пра пачастункі. “Сёння сарочынцы, напэўна, абед не гатавалі – у наша кафэ ўсё такое свежае, смачнае завезлі, ды яшчэ і са скідкамі, з ранку ўжо шмат чаго разабралі, дык мы яшчэ выпечкі заказалі”, – падзялілася з намі бармен Таццяна Пятроўна Рубанік.
На ўчастках былі аформлены выставы народнай творчасці і, канечне, прайшлі традыцыйныя канцэрты. У райвыканкаме гледачы апладзіравалі выканаўцам з дзіцячай школы мастацтваў, цэнтра дзяцей і моладзі, ільюшынцы з захапленнем глядзелі тэатральныя мініяцюры і слухалі песні ў выкананні ўшацкіх культработнікаў. А вось у Двор Пліне шматлікіх гледачоў парадавалі мясцовыя самадзейныя артысты: у праграме знайшлося месца і народным песням, і рок-музыцы, і дэбюту вакальнага гурта “Сяброўкі”, пасля якога стала зразумела, што Тамара Ксянджук, Мая Вахмяніна і Вера Парашкіна хоць зараз гатовы выступаць і на раённай сцэне!

Прынамсі, радавалі нашы таленавітыя землякі выбаршчыкаў і ў іншых гарадах. Выпадкова давялося падслухаць, як ушачанка Ірына Васільеўна Шасцярэнь давала парады па мабільным тэлефоне свайму ўнуку Ягору: “Ты ж глядзі, старайся! Не падвядзі калектыў!” Як аказалася, выпускнік нашай ДШМ, які зараз вучыцца ў Наваполацкім музычным каледжы, выступаў у складзе духавога аркестра на гарадскіх участках. Яго бабуля між тым падзялілася з намі наступнымі меркаваннямі: “Мы, людзі ва ўзросце, вельмі хочам ганарыцца нашымі дзецьмі і ўнукамі, бачыць, як рэалізуюцца іх мары і таленты. А таму да выбару дэпутатаў асабіста я сёння падыходзіла вельмі ўдумліва і скрупулёзна. У тым ліку і ад майго рашэння залежала, хто будзе прадстаўляць нашы інтарэсы ў органах улады рознага ўзроўню, а значыць, і тое, як далей будзе развівацца Беларусь”.

Многія, з кім мы гутарылі ў Адзіны дзень галасавання, прасілі праз газету выказаць падзяку ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні электаральнай кампаніі. Вось што расказаў нам член участковай камісіі Генадзь Журко: “У арганізацыі выбараў я задзейнічаны на працягу некалькіх дзясяткаў год. Браў вымушаную паўзу, толькі калі сам абіраўся дэпутатам райсавета. Каб выбары прайшлі ў адпаведнасці з заканадаўствам, у спакойнай, дзелавой абстаноўцы, свае намаганні аб’ядноўваюць члены камісій, назіральнікі, прадстаўнікі сілавых структур, медработнікі, спецыялісты іншых сфер – і сёлета ўсе яны дастойна справіліся са сваёй місіяй. На ўласным вопыце ведаю, якая адказная работа чакае і тых, хто атрымаў дэпутацкі мандат, таму жадаю ўсім народным абраннікам апраўдаць высокі давер выбаршчыкаў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.


Самая маштабная за апошнія гады выбарчая кампанія прайшла на Віцебшчыне арганізавана і спакойна. Сфарміраваны ўсе мясцовыя Саветы дэпутатаў, абраны дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па акругах.

Пра гэта заявіў старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома на прэс-канферэнцыі, падводзячы папярэднія вынікі электаральнай кампаніі. Гаворачы ў цэлым аб яўцы выбаршчыкаў, Дзмітрый Хома адзначыў, што на выбарах мясцовых Саветаў дэпутатаў яна склала 75,63%. Традыцыйна больш высокую актыўнасць паказалі жыхары сельскіх раёнаў. Напрыклад, у ліку лідараў Бешанковіцкі і Дубровенскі, у якіх колькасць выбаршчыкаў, што атрымалі бюлетэні, перавысіла 83%. Актыўнасць праявілі маладыя выбаршчыкі: усяго ў спісы ўключана больш за 19,6 тысячы ўпершыню галасуючых грамадзян, з якіх больш за 80% прынялі ўдзел у выбарах.

Па ўсіх акругах у абласны Савет дэпутатаў вакансіі запоўнены, у тым ліку ў новым скліканні будуць працаваць лідары абласных структур усіх чатырох палітычных партый, якія ўдзельнічалі ў кампаніі. Плануецца, што арганізацыйная сесія прадстаўнічага органа абласной улады адбудзецца 6 сакавіка, тады будзе сфарміраваны Прэзідыум аблсавета і абраны старшыня. Аналагічныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх Саветах у першай дэкадзе сакавіка, пасля чаго мясцовым дэпутатам трэба будзе актыўна ўключыцца ў наступныя найважнейшыя выбарчыя кампаніі — выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў і членаў Савета Рэспублікі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *