В Ушачах подвели итоги работы учреждений сектора культуры за 2023 году и определили задачи на 2024 год

Общество

Мерапрыемстваў стала больш, а вось у бібліятэкі ўшачане хадзілі радзей. Папоўнілася матэрыяльная база і фонды, прадоўжылася работа па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей. Прывядзём і праналізуем некаторыя лічбы і факты.

У сектар культуры ўваходзяць цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтр культуры і народнай творчасці, музей народнай славы, дзіцячая школа мастацтваў. Летась ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстановамі атрымана 81 тысяча рублёў, тэмп росту ўласных даходаў склаў 106% да ўзроўню мінулага года. Але гэта толькі 2,5% ад агульнага фінансавання сферы.

Для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў за сродкі раённага бюджэту набыта камп’ютарная тэхніка, сцэнічнае абсталяванне, касцюмы, мэбля для навучэнцаў. Але галоўнай і самай чаканай пакупкай года культработнікі лічаць новы аўтобус “Газель-next” для нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раёна, выездаў на конкурсы і фестывалі.
Ва ўстановах культуры раёна працуе 167 работнікаў, з іх 117 – кіраўнікі і спецыялісты. Профільную адукацыю маюць 54 чалавекі. У цяперашні час у наяўнасці 9 вакансій. Каб іх запоўніць, прафарыентацыйная работа павінна весціся не ад выпадку да выпадку, а на пастаяннай аснове.

Летась дзіцячую школу мастацтваў скончылі 45 навучэнцаў, у тым ліку 15 – на «выдатна». У профільную ўстанову (Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж) паступілі 3 выпускнікі школы.

Паслугамі бібліятэк за год скарысталіся 6997 чалавек, што на 802 менш, чым у 2022 годзе. Звязана гэта з аптымізацыяй ЦБС і памяншэннем колькасці насельніцтва ў раёне. Тым часам пачытаць ушачанам ёсць што: у фонды паступіла 3399 адзінак, у тым ліку 1620 кніг.

За 2023 год музей народнай славы наведала 23492 чалавекі, з іх 9577 – навучэнцы школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Праведзена 858 экскурсій, арганізавана 23 часовыя экспазіцыі.

Клубныя ўстановы правялі 2801 мерапрыемства (+20 у параўнанні з 2022г.), на якіх прысутнічала 78602 чалавекі. 85 клубных фарміраванняў у раёне наведвае 890 ушачан. Дарэчы, хоць іх паменела на 5, агульная колькасць удзельнікаў павялічылася. Да слова, мэтавы паказчык наведванняў арганізацый культуры на 1000 чалавек насельніцтва перавыкананы і склаў 130% да плана.

Загадчык сектара культуры райвыканкама Л.М.Шкаруба: “Шмат зроблена і ўкладзена, але хачу звярнуць увагу на адсутнасць у раёне стыпендыятаў фонду Прэзідэнта, мала ўвагі надаецца выкарыстанню мясцовага творчага патэнцыялу для ўдзелу ў рэспубліканскіх конкурсах, лічу недастатковай сумесную працу цэнтра культуры, школы мастацтваў, бібліятэк і музея на агульны вынік: невялікая колькасць ініцыятыў па стварэнні і рэалізацыі сумесных творчых і доўгатэрміновых праектаў, у тым ліку па прыцягненні бязвыплатнай замежнай дапамогі”.

2024 год аб’яўлены Годам якасці і адзначаны шэрагам памятных гістарычных дат: 80-годдзе вызвалення Беларусі і прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны, 50-годдзе з дня адкрыцця “Прарыву”, 100-годдзе народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, 100-годдзе з дня ўтварэння Ушацкага раёна. Абмяркоўваючы планы на 2024-ы, культработнікі паставілі мэту: кожны канцэрт, выступленне, акцыю і ў цэлым усё культурнае жыццё раёна напоўніць высокім сэнсам і якасцю. Ні ў якім разе не праводзіць мерапрыемствы “дзеля галачкі”, яны павінны мець сучасную напаўняльнасць і крэатыўную ідэю, зацікавіць і дзяцей, і дарослых.

* * *

Па традыцыі падчас падвядзення вынікаў не абышлося без урачыстых момантаў. Намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова ўручыла Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзякі старшыні. Яшчэ шэраг працаўнікоў сістэмы былі адзначаны граматамі сектара культуры.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *