Подвиг Александра Мамкина: спас детей ценой собственной жизни

Общество По улицам памяти

11 красавіка 1944 года пачалася карная аперацыя фашыстаў на Полацка-Лепельскую партызанскую зону. І ў гэты ж дзень апошні раз узняўся ў неба пілот Аляксандр Мамкін. Невядома, адкуль чэрпаў сілы 27-гадовы лётчык, калі, ахоплены агнём, пасадзіў палаючы самалёт і выратаваў жыцці ўсіх пасажыраў – выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома. Заўтра роўна 80 год з таго трагічнага палёту, а Аляксандра Пятровіча памятаюць да гэтага часу не толькі родныя яго пасажыраў, асабліва шануюць свайго героя жыхары Ушаччыны, Полацка, яго роднай Варонежскай вобласці. Не ў нябыт зышоў – назаўсёды ўзняўся ў неба.

Вуліца Мамкіна – адна з самых маладых у гарадскім пасёлку Ушачы. Размяшчаецца яна за райгазам і ідзе паралельна Калінінскай у напрамку возера Вечалле, якое ў гады вайны ператваралася ў зімовы партызанскі аэрадром. Вясна 1944-га выдалася вельмі халоднай, у пачатку красавіка на ім яшчэ стаяў трывалы лёд, таму калі брыгада імя Чапаева страціла свой пастаянны аэрадром ля вёскі Прудкі, адкуль Мамкін забіраў першыя партыі дзяцей, эвакуацыя пачалася з Вечалля.

Пра аперацыю “Зорачка” мы неаднойчы пісалі на старонках газеты. І пра першы этап: аб начным пераходзе да партызан брыгады імя Чапаева з-пад носу немцаў дзяцей, якіх хацелі зрабіць донарамі фашыстаў. І пра другі – па эвакуацыі іх на Вялікую Зямлю. І ў прыватнасці пра подзвіг Аляксандра Мамкіна. У 2019 годзе эксклюзіўнае інтэрв’ю “Патрыёту” дала Галіна Пятроўна Цішчанка, адзіная застаўшаяся сведка таго рэйса – адзінаццацігадовая дзяўчынка, што стаяла за спіной пілота і бачыла, як на ім загарэлася вопратка, як лопнуў скураны камбінезон, пачалі плавіцца акуляры, а па скроні пацёк струменьчык крыві. Па інструкцыі Мамкін павінен быў пакінуць самалёт, толькі парашутам ён не скарыстаўся. У інструкцыі не было прапісана, што за тваімі плячыма ў прамым сэнсе слова акажуцца дзеці. На сваім фанерным Р-5 толькі ён вывез 80 сірот.

Медыкі здзіўляліся, як лётчык з абгарэлымі да касцей нагамі змог выбрацца з кабіны і зрабіць некалькі крокаў да пасажыраў, як праз “ўклееныя” ў твар акуляры змог разгледзець пляцоўку для пасадкі, як наогул з такой ступенню апёкаў пасадзіў самалёт. А перад тым як страціць прытомнасць, ён запытаецца, ці жывыя дзеці.

Пілоты насцярожана аднесліся да задання па перавозцы малых. Бясстрашныя асы, з дзясяткамі рэйсаў у тыл ворага, яны разумелі, які “крохкі” гэты груз. Не боепрыпасы, не параненых партызан – такіх жа як і самі байцоў – вязуць, а няшчасных сірот. Напэўна, толькі тады яны і баяліся, але не за сябе. І сёння хочацца расказаць пра іншыя вылеты Мамкіна і яго калег. Пра будзённыя заданні, паспяховыя і не вельмі…

Першыя самалёты на партызанскі аэрадром у Старынку прыляцелі 20 ліпеня 1943 года. Гэта былі Чэзікаў і Гердзі. І з таго часу рэйсы сталі пастаяннымі, а лётчыкі 105-га гвардзейскага авіяпалка – самымі чаканымі. Радасці партызан не было межаў. З Вялікай Зямлі паступалі боепрыпасы, медыкаменты, раненых пачалі адпраўляць у шпіталі. Сюды, на “востраў” у варожым тыле, пачалі прыходзіць пісьмы!

Ціхаходы прыляталі выключна ноччу, робячы па 2-3 рэйсы. А калі восенню 1943-га рыхтавалася аперацыя па ўзяцці Лепеля – Асокін, Тарасаў, Палзуноў здзейснілі па 15 – дастаўлялі такія патрэбныя снарады, патроны і зброю. І тады ж, пасля некалькіх дзён бесперапынных атак, калі боепрыпасы былі на зыходзе, як ніколі ўважліва глядзеў у зацягнутае хмарамі неба кіруючы аперацыяй Фёдар Фаміч Дуброўскі. Непагадзь – адзіная ўмова, па якой не было вылетаў.

Цемень, усяго на некалькі хвілін распальваюцца вогнішчы-маякі ці наогул без іх, і варожыя патрулі-знішчальнікі – кожны вылет для афіцэраў 105 авіяпалка быў смяротна рызыкоўным. Праз лінію фронту палкоўнік Яўген Клуссон накіроўваў самых вопытных сваіх падначаленых.

Васілю Палзунову паказалі кропку на карце, сказалі час, калі там роўна 2 хвіліны будзе гарэць “маячок”, побач з якім ён павінен скінуць груз, а на зваротным шляху загадалі пакружыць з уключанымі бартавымі агнямі над нямецкімі часцямі, каб адцягнуць увагу. Гэта азначала прыняць агонь на сябе, але Васіль Сцяпанавіч выканаў заданне і вярнуўся на базу. “Ведаю, груз скінуў роўна ля агню, толькі вось парашут не раскрыўся і ён разбіўся ўшчэнт, трэба ляцець яшчэ. Зможаш?” – запытаўся Я.Клуссон. І пілот зноў рызыкаваў дзеля дастаўкі звычайнага няновага баяна, у які быў схаваны радыёперадатчык.

Іван Тарасаў дастаўляў у атрад двух сувязістаў наогул без апазнавальных агнёў – пры месячным святле адшукаў паляну-пляцоўку і пасадзіў “кукурузнік”. Афіцэры накіраваліся ў лес, і раптам начную цішыню разрэзалі аўтаматныя чэргі. Самалёт ужо набіраў вышыню, калі пілот убачыў, што сувязісты абавязкова трапяць у палон, і зноў пасадзіў У-2 проста на дарогу, падабраў вайскоўцаў і зноў падняўся пад носам у немцаў.

Такім жа смельчаком быў і Аляксандр Пятровіч Мамкін. Аднойчы, калі В.Палзуноў заходзіў на пасадку, з аблокаў вынырнуў фашысцкі знішчальнік і пачаў атакаваць. Мамкін толькі падлятаў, але імгненна ацаніў сітуацыю – у сябра не было магчымасці для манеўра, і ён пайшоў наперарэз ворагу і тым самым адцягнуў яго ўвагу. Палзуноў пасадзіў машыну, а Аляксандр крута развярнуў самалёт і са зніжэннем выйшаў з-пад удару. Лётчыкі часта выкарыстоўвалі гэты манеўр, лёталі нізка-нізка, над кронамі кустоў, вымотваючы ворага, які не мог дастаць іх ля зямлі.

Яшчэ больш рызыкавалі пілоты, калі лёталі днём. І на такія рэйсы ішлі па просьбе партызан: каб выратаваць цяжкапараненага ці тэрмінова зрабіць разведку з вышыні.

Да прылёту на аэрадромах звычайна збіралася шмат партызан. Кожнага лётчыка яны добра ведалі. Аднойчы Аляксандр Мамкін акрамя асноўнага грузу прывёз падарунак. Адшукаў у натоўпе У.Е.Лабанка і працягнуў загорнуты пакет: “Толькі акуратна, Уладзімір Елісеевіч. Грамафонная пласцінка. “Синий платочек” у выкананні Клаўдзіі Шульжэнкі”. У Аляксандра Мамкіна таксама была каханая, толькі не ўбачыў ён больш яе сіняй хустачкі, не было ў яго сваіх дзяцей. Затое шмат чужых.

Лётчыкі 105 гвардзейскага авіяпалка пасля заканчэння вайны ўвайшлі ў склад Беларускага грамадзянскага флоту і спачатку на падобных малых самалётах ажыццяўлялі рэйсы па рэспубліцы, у прыватнасці, і з добра знаёмых ім Ушач да Мінска, Віцебска.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *