Ушачские газовики

К профессиональному празднику

Калі пераступаеш парог адміністрацыйнага будынка філіяла “Ушацкае раённае вытворчае ўпраўленне газавай гаспадаркі”, узнікае ўражанне, што трапіў у офіс фірмы саліднага гарадскога ўзроўню. Тут няма таго лёгкага налёту местачковасці, які часам прысутнічае нават у дорага адрамантаваных і абстаўленых памяшканнях. База выглядае сучасна і бездакорна. Гэта і не дзіўна: філіял павінен трымаць высокую марку “Віцебскаблгаза”, які, дарэчы, прэтэндуе на званне лепшага падобнага прадпрыемства на ўсёй постсавецкай прасторы. Але, бадай, найбольш уразіў мяне шыкоўны букет руж з кроплямі расы на пялёстках: ён стаяў на стале ў кабінеце эканаміста і спецыяліста па кадрах Зінаіды Уладзіміраўны Трухановіч. Няўжо тут могуць дазволіць сабе нават такія аксесуары? Зрэшты, мяне “супакоілі”: кветкі – падарунак жанчыне ад калег з нагоды Дня нараджэння.

Увогуле, калектыў філіяла (а працуюць тут 42 чалавекі) надзвычай дружны і згуртаваны. Да такой высновы ўжо паспеў прыйсці дырэктар прадпрыемства Аляксей Яўгенавіч Кавалёў, хоць і працуе тут зусім нядаўна. “З такімі дасведчанымі і адказнымі работнікамі нам па сілах любыя вышыні”, – упэўнены кіраўнік.
А абавязкаў у газавікоў хапае. Філіял эксплуатуе 52,7 кіламетра газаправода, абслугоўвае 3 газаразмеркавальныя і 6 шафавых рэгулятарных пунктаў, 145 дамавых рэгулятараў. Спецыялісты РВУ “Ушачырайгаз” абслугоўваюць 10672 домаўладанні, 1856 з якіх абсталяваны прыродным газам, 8816 – звадкаваным. Штогод павялічваецца колькасць індывідуальных дамоў, у якія падведзены прыродны газ (зараз іх 281). Ідзе будаўніцтва газаправодаў. У гэтым годзе пабудаваны газаправод у Градзянцы. Не спыняюцца работы па добраўпарадкаванні базы і газаразмеркавальных пунктаў. 
Шматлікі фронт работ падзелены на ўчасткі, за якія адказваюць адукаваныя спецыялісты. Такія, напрыклад, як Дзмітрый Васільевіч Карэйша – ён вядзе эксплуатацыю сістэм газазабеспячэння і аварыйную службу. Гэта малады і вельмі перспектыўны работнік, які пачынаў кар’еру ў якасці слесара, а зараз працуе майстрам і завочна атрымлівае ў ВНУ спецыяльнасць інжынера па цеплагазазабеспячэнні. За ахову працы і перавозку небяспечных грузаў адказвае Андрэй Вітальевіч Галяковіч. Ён, а таксама кантралёр Алена Канстанцінаўна Апёнак, вядуць работу з насельніцтвам па прынцыпе “Адно акно”. Гэта вельмі адказны і клапатлівы ўчастак дзейнасці, аднак спраўляюцца спецыялісты з ёй выдатна, аб чым сведчаць водгукі кліентаў. Давялося, напрыклад, чуць, з якім захапленнем адклікаліся аб рабоце “Аднаго акна” нашы госці з Расіі: “Звярнуліся сюды па пытанні пераафармлення дома і былі прыемна здзіўлены хуткасцю, дакладнасцю і ветлівасцю спецыялістаў. На жаль, у нашай краіне такія адносіны да кліентаў – вялікая рэдкасць…” 
Майстар Ігар Уладзіміравіч Швейкус з тых работнікаў, на якіх трымаецца прадпрыемства. На ім – уся газіфікацыя, будаўніцтва газаправодаў, абслугоўванне ўнутрыдамавога газавага абсталявання. Галоўны інжынер Павел Анатольевіч Гербулаў паспяхова курыруе тэхнічную частку прадпрыемства.
У тым, што насельніцтву раёна заўсёды своечасова дастаўляюцца газавыя балоны, заслуга вопытных прымальнікаў заявак С.В.Дрозд, Г.П.Лёлі, а таксама вадзіцеляў працоўнай дынастыі Аўдошкаў, С.А. Шчэкачыхіна. Падчас паездак у аддаленыя вёскі да нас пастаянна звяртаюцца пажылыя людзі і вельмі кранальна расказваюць, якія ветлівыя і ўважлівыя ў райгазе дыспетчары, як выдатна працуюць хлопцы, што мяняюць вяскоўцам балоны.
Спіс лепшых работнікаў можна працягваць і працягваць. Сярод іх – слесар прадпрыемства У.В.Маковіч, занесены на раённую Дошку гонару, вадзіцель У.А.Церашкевіч, слесары У.А.Пятніца і А.М. Ляхаў, зваршчыкі А.Я.Аўдочанка, А.У.Футарман, М.М.Пінчук. Нельга прадставіць прадпрыемства без бухгалтара і старшыні прафкама Р.І.Шыханцовай, галоўнага бухгалтара Г.М.Віткоўскай, прыбіральшчыцы Л.А.Глінскай. Даглядае за шматлікімі кветкамі на тэрыторыі базы кладаўшчык А.Ф.Шарыпа.
Але не працай адзінай жыве калектыў РВУ “Ушачырайгаз”. Яго работнікі могуць раскрыць свой творчы і  фізічны патэнцыял у спорце, мастацкай самадзейнасці, прыкладным мастацтве. Каманда філіяла ўдзельнічае ў спартакіядзе работнікаў “Віцебскаблгаза”. Любімае спартыўнае практыкаванне нашых газавікоў – перацягванне каната, у якім яны двойчы запар першынствавалі, а ў гэтым годзе атрымалі “бронзу”. Гэта і не дзіўна: на базе маецца ўтульная трэнажорная зала, абсталяванне якой мясцовыя майстры зрабілі ўласнымі рукамі. Трапна ўліўся ў спартыўны калектыў і яго новы кіраўнік – сёлета Аляксей Яўгенавіч стаў пераможцам у спаборніцтвах па стральбе. Маюць шанс сябе праявіць і дзяўчаты: другі год прадпрыемства накіроўвае сваіх прыгажунь на абласны конкурс “Міс Аблгаз”.
Пасля ўсяго сказанага можа скласціся ўражанне, што работа газавіка – суцэльнае задавальненне. Ды і не сакрэт, што яна добра аплачваецца (у бягучым годзе сярэдні заробак газавікоў склаў 2013 тысяч рублёў). Але трэба ўлічваць, што чалавек, які мае справу з газам, павінен быць надзвычай пільным і дысцыплінаваным. Таму патрабаванні тут вельмі жорсткія. Напрыклад, з працаўніком прадпрыемства, які быў заўважаны на рабоце нецвярозым, у філіяле развітаюцца адразу. Тут на рабочым месцы нельга і курыць. А.Я.Кавалёў, які, дарэчы, сам ніколі не браў у рот цыгарэту, ставіцца да курцоў вельмі строга: “Работнік, які не можа пераадолець гэтую звычку, павінен пакінуць яе па-за тэрыторыяй прадпрыемства!”
Для тых жа, каго не палохаюць такія ўмовы, дзверы філіяла РВУ “Ушачырайгаз” адчынены – сумленных работнікаў тут чакаюць. Зараз, напрыклад, прадпрыемства мае патрэбу ў вадзіцелях, экскаватаршчыках.
Хочацца павіншаваць газавікоў раёна з Днём работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці, які адзначаецца ў нядзелю, і пажадаць плённай і безаварыйнай працы.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *