В Ушачском музее народной славы работает интерактивная выставка «Партизаны Беларуси»

Культура

“Васіль Качынскі”, “Іван Александровіч”, “Браніслаў Грыневіч” – старанна ўводзілі ў пошукавы радок прозвішчы сваіх прадзедаў ушацкія школьнікі. Ля камп’ютарнай прылады, якую разам з інфармацыйнымі стэндамі прывезлі ва Ушацкі музей Народнай славы імя У.Е.Лабанка арганізатары перасоўнай выставы “Партызаны Беларусі”, утварылася цэлая чарга з жадаючых знайсці звесткі пра сваіх гераічных продкаў. Апрабавалі рэсурс і дарослыя – і па-дзіцячаму радаваліся, калі на дысплэі высвечваліся чаканыя радкі.

“Зараз праз партал partizany.by можна знайсці інфармацыю больш чым пра 220 тысяч народных мсціўцаў, якія ваявалі на тэрыторыі Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін. І база даных пастаянна папаўняецца!” – паведаміў на адкрыцці экспазіцыі начальнік упраўлення выдавецкага дома “Беларусь сёння” Павел Сухарукаў (а менавіта гэтая ўстанова разам з Нацыянальным архівам Беларусі ажыццяўляюць праект). За чатыры гады яго існавання ў розных кутках Беларусі праведзена каля 110 выстаў, што папулярызуюць рэсурс, які, дарэчы, пастаянна ўдасканальваецца. На сайце, напрыклад, з’явілася кнопка “Я ведаю гэтага чалавека”, праз якую можна падзяліцца фотаздымкамі, дакументамі з сямейных архіваў, што дапоўняць інфармацыю пра партызан. Такім чынам праект становіцца па-сапраўднаму народным.

Летась праект “Партызаны Беларусі” быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта за значную работу па папулярызацыі гісторыі партызанскага і падпольнага руху Беларусі.

Асабіста я зайшла на партал выпадкова: шукала звесткі пра свайго дзядулю. Расказваць пра вайну ён не любіў, таму ведала толькі, што быў камісарам атрада КІМ партызанскай брыгады Варашылава. І якім жа было маё здзіўленне, калі па запыце “Аляксандр Фёдаравіч Вярбіцкі” ў базе знайшлося аж 35 дакументаў: вывучала іх некалькі гадзін і ведаю цяпер усю біяграфію, баявыя аперацыі, узнагароды, якімі быў адзначаны яго ўклад ў Перамогу.

“Нізкі паклон людзям, якія прыдумалі гэты выдатны праект, дзякуючы якому нашы героі-партызаны ніколі не сыдуць у нябыт”, – агучыла агульную думку старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Васілеўская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *