Усадьба Мицкевичей: история перестройки и семейного счастья

Общество

Ілья разам з суседкамі-аднагодкамі гойдаліся ў гамаку і смяяліся. Злата таксама перастала плакаць, калі дазволілі пакінуць дом. Немаўля задаволена распласталася ў пясочніцы пад квеценню яблыні. Старэйшая Аксана пыталася аб тым, што рыхтаваць на вячэру, і ўсе сышліся на фунчозе са свінінай. На свежым паветры нагульваецца выдатны апетыт, і ў сям’і Міцкевічаў аддаюць перавагу мясным стравам. Ды і дагледжаная тэрыторыя, вялізны дом з мноствам прыбудоў сведчылі пра тое, што не абысціся без іх для аднаўлення фізічных сіл, якіх тут укладзена нямала.

“Зусім інакш было, калі бабуля падарыла мне дачу. Звычайная старая сядзіба з невялікай хаткай, трухлявымі дрэвамі. Таму ў 2017 годзе пачалі секчы сухія яблыні ды слівы, расчышчаць і раўняць тэрыторыю. І канечне, перабудоўваць дом”, – расказвае задаволеная Галіна Уладзіміраўна Міцкевіч. Спадчынніцы вялікага ўчастка ў вёсцы Дворыца сапраўды ёсць чым пахваліцца. Пераробленая лазня ў канцы сядзібы і сажалка, куды акунаюцца пасля парылкі. Хлявы і загон для чатырох дзясяткаў курэй, што з усіх бакоў абаронены ад лісіц і каршуноў, якіх хапае ў наваколлі. Альтанка, арэлі, гамак, пясочніца і нават самаробны трактар, якім любіць кіраваць Ілья. Бацькі не хвалююцца, што першакласнік пакіне двор – транспартны сродак не мае колаў і служыць забавай для малых, як і для невялікага шчанюка, які ўжо сапсаваў сядзенне кіроўцы.

Аднак ёсць і рухомы жалезны конь з усімі неабходнымі прыладамі для апрацоўкі ўчастка, на якім пасаджана бульба і буракі, морква і цыбуля. Гаспадар, зваршчык і слесар, працуе вахтавым метадам у Мінску і дома мы яго не засталі, але аб яго руплівасці і кемлівасці сведчылі не толькі ўсе гэтыя пабудовы, агароджа, вароты, забетанаваны двор, але і свежаскошаная на паўгектарнай плошчы трава.

“Літаральна ўсё, як унутры дома, так і на вуліцы, Андрэй робіць сваімі рукамі. Гэта вялікая падтрымка”, – Галіна праводзіць мяне па светлых пакоях. Спальня для дзяцей і бацькоў, прасторная зала, дзе насупраць вялікага экрана размяшчаецца некалькі канап. Душ, санітарны пакой і ўтульная кухня з мноствам раслін. Новую столь, ламінат, драўляныя перагародкі рабіў гаспадар. Ды і дзедава хата павялічылася ўдвая, толькі жылая плошча зараз складае 70 метраў, а якая вялікая крытая тэраса перад уваходам. Каміны: старажытны – у зале і новы – на кухні, засталіся, аднак гэту зіму імі ўжо ніхто не карыстаўся: летась падключылі электраацяпленне і шыкавалі ў 23-градуснай цеплыні, заплаціўшы за месяц з самымі моцнымі маразамі 120 рублёў. Хацелася сказаць – як сапраўдныя гараджане, аднак не, лепш – як уласнікі асабнякоў на ўлонні прыроды, дзе лепш за ўсё, канечне, у маі.
На вуліцы адцвіталі цюльпаны, ва ўсю бялелі яблыні, а ў доме радавалі квеценню архідэі і шыкоўныя ружы. Галіна Уладзіміраўна любіць розныя расліны – пакаёвых, вялікіх дагледжаных дрэўцаў больш 10 відаў. Вось і прырасла калекцыя 8 мая, калі гаспадыня адзначыла сваё 35-годдзе. Маладая юбілярша выглядала натуральна шчаслівай. Прыгожы дом, дружная сям’я, дзевяцікласніца Аксана – ужо сапраўдная памочніца, а Злаце толькі паўтара гадкі. Розніцу ва ўзросце маці лічыць выдатнай менавіта для бацькоў, якія дзякуючы малым дзецям застаюцца маладымі. Тую акалічнасць, што кожны дзень яна садзіцца за руль, адвозіць і прывозіць дзяцей са школы, не лічыць цяжарам. Ім прапаноўвалі перавесці Аксану і Ілью ў Ільюшынскую, тады быў бы падвоз, але як адарваць дачку ад аднакласнікаў, сяброў, з якімі правяла ў тым ліку і сем год у школе мастацтваў.

Канчаткова засталіся ў Дворыцы яны ў 2019-м. Не таму, што мужу і жонцы да работы бліжэй, а раней абое працавалі ў санаторыі “Лясныя азёры”. Домік на вёсцы ўспрымалі выключна як дачу, пяць год таму перабраліся на лета, ды так спадабалася, што і засталіся, паралельна будаваліся і абжываліся. Ва Ушачах у іх аднапакаёвая кватэра, зразумела, нават для чацвярых цеснавата. Таму льготную субсідыю на рэканструкцыю, а таксама сямейны капітал пусцілі на другое нараджэнне сядзібы. Прыемна выглядае яна на ўзгорку вёскі, радуе аднаўленнем сяла, насельнікаў якога не назавеш пажылымі. Да адной з бабуль прыехалі ўнучкі-блізняты і, канечне, прыбеглі да Міцкевічаў. У гасцях у Галіны была маладая суседка з Мінска, што таксама чакае дзіця. Гэтыя мясціны з мноствам маляўнічых азёр любяць дачнікі. Тут прыгожа і разам з тым вельмі спакойна. Не трэба хвалявацца, што на веласіпедзе выедуць на дарогу дзеці – яна не перанасычана транспартам. Блізка і да грамадскай сажалкі, на якую з’язджаюцца аматары карасёў. За кампанію з мужам выходзіць з вудай і Галіна. Купацца сям’ёй едуць на “чорныя камяні”. Мабыць, нехта з прыхільнікаў кінастужкі “Брыльянтавая рука” даў такую назву прыстані ля гаючых баркоўшчынскіх крыніц, аднак маладое пакаленне, у прыватнасці Аксана, з папулярнай камедыяй мінулага стагоддзя яе ўжо не атаясамлівае. Мяняюцца прыхільнасці і традыцыі. Выдатна, што адна з іх дакладна адраджаецца: шматдзетныя працавітыя сем’і, як і раней, зажываюцца на зямлі сваіх продкаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *