Хозяйства Ушачского района активно занимаются кормозаготовкой

Сельское хозяйство

Калі па цэльсію за 25 – самы час сушыць сена. Што і рабілі “Сафійскія дары” з 29 мая.

Дакладней, з гэтай даты пейзаж вакол Угрынак ужо ўпрыгожвалі рулоны балотнага колеру. Так, паколькі трава не трапіла пад дажджы – не згубіла сваёй насычанасці. І рука падсвядома пацягнулася да пухлага валка, каб праверыць, ці высахла зялёнка. Абсалютна. І ў такім сене захавалася найбольш пажыўных рэчываў.

Вопытныя кіраўнікі распачынаюць нарыхтоўку кармоў з сена не толькі з-за адсутнасці дажджоў, якія зацягваюць працэс сушкі і “вымываюць” да 50 працэнтаў каштоўных рэчываў. Іх больш за ўсё менавіта ў маладым травастоі, а сена прызначаецца для самай пераборлівай катэгорыі – цялятак.

Літаральна ўсе гаспадаркі распачалі корманарыхтоўку з сена – запрасавана 6,7 працэнта ад патрэбы, лідзіруюць у гэтым відзе “Глыбачаны” – 13,3 і “Вялікадолецкае” – 11,3. У “Сафійскіх дарах” паказчык адпавядае сярэднераённаму – 6.7.

Памылкова меркавала раней, што дамашняе сенца якасней рулоннага. Галоўны аграном “Сафійскіх дароў” Антон Юльянавіч Анецька патлумачыў, што ў рассыпным губляецца ад 35 да 50 працэнтаў сухіх рэчываў, а ў рулонах – 30-35. Зараз жа толькі пачалося калашэнне злакаў – самы спрыяльны час. І калі летась хадзілі нават па няўдобіцах, то сёлета пускаюць касілкі выключна па культурных травах.

У “Сафійскіх дарах” культурныя травы растуць на 2500 гектарах. На сена найперш траплялі дробнаконтурныя ўчасткі, паралельна па вялікіх рыхтуюць сянаж корманарыхтоўчыя камбайны. А паколькі трава высыхала за суткі пасля скошвання, то ўсачыць за перамяшчэннем прэс-падборшчыка можна хіба што па навігатары ці па падказцы агранома. Менавіта ён, аб’ехаўшы папярэдне ўчасткі, дзе прайшлі касілкі і граблі, накіроўвае Дзмітрыя Купцова на чарговы. На наступны дзень ён ужо ў Сарочыне, а замест сена ў стрэйч-плёнку прасаваў сянаж.

Сёлета гаспадарцы трэба нарыхтаваць яго рэкордную колькасць – больш 12 тысяч тон, вось і пусцілі агрэгат па правяленых травах. Добра, што нічога мяняць у нямецкім прэс-падборшчыку “Сlass” не трэба. Тут паралельна закладзена і плёнка, і нейлонавая сетка – менавіта ёй, а не шпагатам зараз мацуюць рулоны з сенам. А агрэгат зусім не баіцца вільгаці. Таму калі нахмарылася неба, механізатар не ўключаў павышаную хуткасць. Яна і немагчыма, асабліва пры ўрадлівым травастоі, як і было на ўчастку ля комплексу “Маяк”. Вальцы могуць не справіцца з аб’ёмам і ў лепшым выпадку заблакіруюць прасаванне, а ў горшым – абрэжацца засцерагальная муфта. “10 хвілін на выпраўленне”, – тлумачыць механізатар, які пакуль толькі тэарэтычна ведае ад напарніка аб нюансах, за якімі трэба сачыць. З “Сlassам” ён працаваў другі дзень, складаны агрэгат перайшоў да яго ад Андрэя Яфрэмава, які і інструктаваў зменшчыка, правёўшы разам з ім першы дзень прасавання. Гэта неабходна, паколькі і ў кабіне, і непасрэдна на падборшчыку панэлі кіравання з мноствам кнопак. І хоць раса спадае ў 9-10 гадзін, на работу механізатар прыходзіць у сем, каб абавязкова перагледзець, змазаць усе механізмы складанай машыны. Дарэчы, панядзелак, калі ўсё ж пайшоў дождж, не стаў выхадным. Дзмітрый пераключыўся на адвозку.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *