22 чэрвеня. Чатыры гадзіны раніцы – менавіта ў гэты час па краіне пачаліся жалобныя мерапрыемствы ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. На Ушаччыне таксама. 22 лампадкі запалілі на мемарыяльным комплексе “Прарыў” актывісты райкама БРСМ, а днём на могілках вёскі Старое Сяло Ушацкага сельсавета адбыўся ўрачысты мітынг.
Чаму менавіта там сабраліся прадстаўнікі ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прыехаў духавы аркестр з воінскай часці? Бо спецыяльна да гэтай даты было прымеркавана перапахаванне шасці партызан, загінуўшых пры прарыве блакады. А салдат прынята праводзіць па вайсковым рытуале.
“Яшчэ многа застаецца невядомых герояў, і ў раёне працягваецца пошукавая работа, у банк даных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь” уносяцца няўлічаныя воінскія пахаванні, імёны партызан і мірных жыхароў. Доўг сённяшніх пакаленняў – захаваць памяць аб людзях, якія аддалі жыццё за свабоду. І зрабіць усё, каб падобнае не паўтарылася”, – сказала, адкрываючы мерапрыемства, член Савета Рэспублікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Вельмі чуллівым было выступленне і старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ніны Аляксандраўны Васілеўскай. Як і ўсе на мітынгу, яна спрабавала ўявіць, як загінулі гэтыя шасцёра, якімі былі іх сем’і.
Сімвалічна, што ў гэты дзень вернікі святкавалі траецкую бацькоўскую суботу – дзень памяці памерлых продкаў. І цырымонію перапахавання па праваслаўным абрадзе правёў настаяцель храма вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы протаіерэй Вячаслаў Лобец. Вось толькі імёны не называліся… Яны невядомыя.
Прапаў без вестак. Вельмі распаўсюджаны запіс у кнізе памяці нашага раёна. Знікалі бясследна пры прарыве блакады, гінулі ў балотах, калі выйшлі з акружэння, накрыла ў варонках на перадавой… Напэўна, такі запіс атрымалі і родныя гэтых мсціўцаў, астанкі якіх пры земляных работах паднялі ў вёсцы Замошша-2. Фундамент новага дома закладзены раней, а ў сантыметрах 40 ад яго, ніжэй да ручая, што падзяляе Пушчу і Замошша-2, і адшукаў дачнік брацкую магілу. Ні медальёнаў, ні рэшткаў адзення… Экспертыза ж устанавіла, што касцям больш за 50 год і належаць яны не менш 6 чалавекам. Па звестках, якія дайшлі ад карэнных замашанцаў, у вёсцы, прычым, не ў адным месцы, знаходзіліся магілы партызан.
Гэта ўжо другое за апошнія некалькі год перапахаванне астанкаў ва Ушацкім сельсавеце. Практычна ўся яго тэрыторыя – эпіцэнтр баявых дзеянняў у маі 1944 года. Абеліск ахвярам генацыду – мірным жыхарам ужо стаіць на раўбянскіх могілках. Таксама за сродкі раённага аддзялення Беларускага фонду міру адбылося пахаванне і з’явіцца помнік і тут. Месца ж старшынёй сельвыканкама М.П.Хомічам выбрана ўдалае – на чыстым прасторным участку, блізка ад дарогі, па якой, дарэчы, падчас мітынгу прайшла калона сельскагаспадарчай тэхнікі са сцягамі – мірнай тэхнікі, бо беларусы – міралюбівы народ.
Вольга КАРАЛЕНКА.