Тры гады – на пасадзе юрысконсульта ў ААТ “Селішча”, столькі ж – у аддзяленні прымусовага выканання. “Пара ўжо на большыя лічбы пераходзіць, пажадана двухзначныя”, – усміхаецца Наталля Подраз, старшы следчы Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта. Такім чынам пацвярджае сваю любоў да цяперашняй справы, якую, дарэчы, называе найбольш складанай.
Н.Подраз: “Мой выбар блізкія спачатку не раздзялялі, маўляў, недзявочая гэта справа. Цяпер жа, думаю, радуюцца маім прафесійным поспехам, якія дазволілі нядаўна стаць старшым следчым”.
– Гэта ў рабоце з даўжнікамі, абавязанымі асобамі ўсё прадказальна: на доме наведваеш, маёмасць апісваеш, даходы кантралюеш… У следчай жа справе інакш: кожны раз заступаючы на службу, не ведаеш, з матэрыяламі якой спецыфікі давядзецца працаваць. Неабходна быць універсальным спецыялістам, – зазначае ўраджэнка Селішча.
Са снежня 2022-га, калі толькі прыйшла ў аддзел, у вопытных калег яна вучылася правядзенню допытаў, праверак паказанняў на месцы, вочных ставак, збору рэчдокаў. Ідзе насустрач і цяперашні начальнік РАСК А.С.Мар’янкоў – калі трэба, падказвае, накіроўвае. У такім тандэме, зазначае Наталля, прасцей вырашыць любую задачу.
– Першую крымінальную справу, якую давялося расследаваць, запомню, напэўна, на ўсё жыццё, – зазначае наша суразмоўца. – У дзядулі з Зарубаўшчыны выкралі металалом, падазроных не было, але праз некаторы час супрацоўнікі крымінальнага вышуку мне прывялі адразу чацвярых – непасрэдны ўдзел кожнага трэба было аператыўна вызначыць. У аддзеле тады днявала і начавала. Дарэчы, пацярпелы, якому кампенсавалі частку маёмасці, а астатняе злачынцы вярнулі грашыма, літаральна “спяваў дыфірамбы”. Не буду хаваць – прыемна!
Цяпер, канечне, у Н.Подраз усё атрымліваецца значна хутчэй. Не пужаюць і новыя па профілі матэрыялы – на сённяшні дзень, напрыклад, працуе з угонам аўтамабіля і здзейсненым на ім ДТЗ, дзвюма незаконнымі рыбалкамі. Звычайна ж больш “шанцуе” на справы ў адносінах даўжнікоў па аліментах, абавязаных асоб.
– Выязджаем не толькі на месцы злачынстваў, але і гібелі людзей – з судовымі медыкамі працуем з фактамі алкагольнага атручвання і іншымі, – расказвае старшы следчы. – І калі да трупаў, крыві з часам прывыкаеш, кантактаваць з блізкімі памерлых заўсёды цяжка.
Рамантыкі ў такой рабоце, сапраўды, мала. Ды і кантынгент, з якім даводзіцца штодня перасякацца, розны. У ліку тых, хто здзейніў злачынства, нярэдка грамадзяне з судзімасцю і алкагалізмам, без пэўнага месца жыхарства. Дачакацца некаторых для допыту ў аддзел бывае проста немагчыма – тады дастаўляюць супрацоўнікі міліцыі. І ўсё ж справа, якой займаецца, Наталлі па душы!
– Пішам штодня, напэўна, больш за журналістаў, – дэманструючы пухлыя папкі з дакументацыяй, усміхаецца Н.Подраз, – на кожную справу рэдка калі менш 150 старонак атрымліваецца, а была ў мяне адна і на паўтысячы – двухтомнік.
Наша гераіня – у рэжыме пастаяннага самаўдасканалення: прайшла нядаўна прафесійную перападрыхтоўку ў Інстытуце Следчага камітэта, штудзіруе профільную літаратуру. У вольны ж ад работы час любіць пасядзець за стварэннем карцін па нумарах, спрабавала сябе ў алмазнай мазаіцы. Усё гэта надае новых сіл – каб зноў імчаць у адзел і служыць закону.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.