Борьба с борщевиком в Ушачском районе: итоги сезона

Общество

Сезон барацьбы з баршчэўнікам быў працяглым, і канчатковыя яго вынікі можна падвесці толькі зараз.

Нагадаем, што сёлета планавалася апрацаваць хімічным спосабам 1212 гектараў забруджаных плошчаў, на што было выдаткавана 554 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў. Заданне перавыканалі: ачысцілі 1612 га – з улікам месцаў, апрацаваных у 2019-2023 гадах, што знаходзяцца на кантролі. Знішчыць пустазелле на дадатковай плошчы дазволіла эканомія грошай пры правядзенні тэндара. Як вядома, асноўныя работы вяліся ў маі брыгадамі абласнога ўпраўлення МНС, а вось летам, калі спачатку трэба было абкошваць зараснікі, а потым апырскваць гербіцыдам, у раёне працавала адна з прыватных кампаній.

Важным момантам быў кантроль за якасцю – прыёмку ўчасткаў вяла камісія, у складзе якой – прадстаўнікі заказчыка (ім выступае райсельгасхарч), эколагі (на здымку). Хібы выяўляліся ў абодвух падрадчыкаў – плошчы апрацоўвалі паўторна за кошт уласных сродкаў. Варта зазначыць, што залежыць гэта не толькі ад якасці работы, а і ад нюансаў надвор’я – ветру, ападкаў, тэмпературы: у спякотныя дні прэпарат імгненна выпарваецца, не паспяваючы дайсці да каранёў.

Працавала камісія аж да верасня – у цяперашні час усе работы прыняты і толькі пасля гэтага яны будуць аплочаны.

Што да землекарыстальнікаў, то работу лясгасаўцаў і энергетыкаў можна ацаніць здавальняюча, а вось дарожнікам і аграрыям неабходна прыкладаць больш намаганняў. Сёлета раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вынесла 4 папярэджанні, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 9 пасадных асоб на агульную суму 6040 рублёў.

Аб тым, што тэма распаўсюджання інвазіўных раслін хвалюе ўшачан, сведчыў нядаўні зварот да члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталлі Мікалаеўны Марковіч. Жыхар Вяркудскага сельсавета канстатаваў, што комплексная барацьба з баршчэўнікам дала відавочны плён – у наваколлі аграгарадка прыкметна пачысцела. Вось толькі на месцы, дзе яго знішчылі, зараз буяе нейкая іншая расліна. “Магчыма, у хуткім часе яна таксама распаўсюдзіцца і стане новай праблемай?”, – хваляваўся грамадзянін.

Вось які каментарый даў на гэты конт начальнік раённай прыродаахоўнай інспекцыі М.Шук: “Размова ідзе пра “мелколепестник канадский” – аднагадовую травяністую пустазельную расліну, якая не з’яўляецца абарыгеннай для нашай мясцовасці, аднак не належыць да інвазіўных. Відавочна, што тэрыторыі, вызваленыя ад баршчэўніку, з цягам часу будуць зарастаць іншым пустазеллем, якое трэба рэгулярна абкошваць – каардынаваць такія работы на землях агульнага карыстання населеных пунктаў абавязаны сельвыканкам”.
А вось сумнік (золотарник) канадскі належыць да пераліку інвазіўных. Сёлета ў нашым раёне змагаліся і з ім: апрацавана хімічным спосабам 1,7 гектара. Прывольна сябе адчувае гэтая небяспечная расліна і на прыватных участках, гаспадары якіх рызыкуюць атрымаць за гэта штраф.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *