Обручальные кольца — через 50 лет…

Золотые юбиляры

паднеслі дзеці Ганне Сцяпанаўне і Анатолю Сцяпанавічу ў раённым аддзеле загса восьмага кастрычніка з нагоды іх залатога вяселля. Да гэтага дня ў Найдуновых такога сімвалу вернасці проста не было. Затое ёсць 50 гадоў сумеснага жыцця.

Ваеннае дзяцінства

Ганна Сцяпанаўна і Анатоль Сцяпанавіч нарадзіліся ў вёсцы Усвея Глыбачэнскага сельсавета, ведалі адзін аднаго з дзяцінства, сябравалі, хадзілі ў адну школу. З пачатку вайны, калі Анатолю Сцяпанавічу было ўсяго тры гады, яго бацьку забралі ў армію. Маці засталася з чатырма дзецьмі на руках. Вялікая Айчынная жорстка абышлася з сям’ёй юбіляра: загінуў бацька, ад голаду памерлі ўсе браты і сёстры. Засталіся толькі Анатоль Сцяпанавіч і яго маці, якія здолелі выжыць толькі дзякуючы шчодрасці прыроды.
У Ганны Сцяпанаўны ў сям’і было восем дзяцей, яна – шостая. Вайна забрала старэйшую сястру і маленькага браціка. Бацька ваяваў, але быў камісаваны, хварэў і ў 1959 годзе памёр.
Здавалася б, не можа чалавек вынесці столькі гора. А людзі знаходзілі сілы не толькі жыць, але і кахаць…

Залатыя гады

Звычайна пры рэгістрацыі шлюбу на пытанне маладажонам “ці згодны вы дзяліць з мужам (жонкай) усе радасці і нягоды сумеснага жыцця?” чуецца станоўчы адказ. Праходзяць гады, праходзіць і пампезнасць вясельных урачыстасцей, а жыццёвыя будні не кожны можа зрабіць суцэльным святам. Рознае было і на шляху сямейнай пары Найдуновых. Яны па сакрэту прызналіся, што кахалі адзін аднаго з 16 гадоў, а сустракаліся на працягу шасці. На жаль, пачуцці сучаснай моладзі не заўсёды здольныя прайсці такія выпрабаванні часам.
У 1957-м Анатоля Сцяпанавіча прызвалі на тэрміновую службу ў далёкую Арменію. Тры гады закаханых аб’ядноўвалі толькі гарачыя радкі пісем, якімі яны радавалі адзін аднаго часам і па два на дзень. Служыў хлопец у зенітна-артылерыйскім палку, там жа вывучыўся на вадзіцеля. Пасля вяртання ў родную вёску працаўладкаваўся ў саўгас “Глыбачаны” вадзіцелем, дзе ўжо працавала даяркай яго будучая жонка. Закаханыя сталі цудоўнай парай: Анатоль – першы хлопец на вёсцы, гарманіст – і прыгожая дзяўчына Ганна, спакойная, ураўнаважаная. Пасля танцаў малады чалавек заўсёды праводзіў сваю каханую дадому, і ў адзін з вечароў маці дзяўчыны сказала: “Пара жаніцца!” Анатоль быў вельмі рад, заслаў да будучай жонкі аж 20 сватоў!
Вяселле адзначалі і ў жаніха, і ў нявесты. Былі і вясельная сукенка, і белая фата. А падарункамі лёсу сталі для Анатоля Сцяпанавіча і Ганны Сцяпанаўны іх дзеці. У 1962 годзе нарадзілася дачка Лілія, у 1963-м – Ніна, а яшчэ праз шэсць гадоў – сын Аляксандр. Трэба сказаць, што перад з’яўленнем на свет трэцяга дзіця ў Ганны Сцяпанаўны быў выбар: весці актыўную грамадскую работу або ў трэці раз стаць проста мамай. Вырашылі нараджаць Сашу. З кожным дзіцяці прыбаўлялася клопатаў у Ганны Сцяпанаўны, аднак справіцца з любымі праблемамі дапамагаў муж. У 1973 годзе Найдуновы адважыліся на будаўніцтва асабістага дома (дагэтуль яны 11 гадоў пражылі ў маці Анатоля Сцяпанавіча). З дапамогай мясцовай гаспадаркі дом пабудавалі ўсяго за тры гады.
Усё ў жыцці юбіляры дзялілі пароўну: і радасці, і беды. Нават захапленні ў іх былі аднолькавыя. Абое актыўна ўдзельнічалі ў фальклорным калектыве вёскі Усвея. Анатоль Сцяпанавіч – цудоўны гарманіст, прычым самавучка, Ганна Сцяпанаўна – вядомая пявуння. А якую кадрылю на пяць кален яны танцавалі!

Працоўнае пастаянства

Працоўная дзейнасць залатых юбіляраў таксама вызначаецца пастаянствам. 40 гадоў аддаў Анатоль Сцяпанавіч саўгасу “Глыбачаны”, а ў Ганны Сцяпанаўны за плячыма каля 30 гадоў працоўнага стажу ў гэтай жа гаспадарцы. Добрасумленная праца Найдуновых адзначана шматлікімі Ганаровымі граматамі, лістамі падзякі і дыпломамі.
Добрую адукацыю атрымалі і іх дзеці. Медыцынскім работнікам працуе Лілія, юрыстам – Ніна, а Аляксандр пасля службы ў Афганістане застаўся жыць і працаваць у Мінску, ён – таксама як і бацька, вадзіцель. Маюць Найдуновы і ўнукаў. Для ўсіх іх залатыя юбіляры – прыклад сямейнага ладу і згоды.

Свята для ўсіх

Праводзячы ўрачысты абрад рэгістрацыі залатога вяселля, начальнік аддзела загса Алена Мікалаеўна Малашчанка пажадала “маладажонам” адзначыць падобным чынам і наступныя сямейныя юбілеі. Прозвішча Найдуновых занесена ў кнігу ганаровых юбіляраў, ім быў уручаны памятны медаль. Ганаровымі сведкамі Найдуновых на гэтай “залатой” імпрэзе сталі іх верныя сябры Анатоль Арсенцьевіч і Галіна Фёдараўна Маціеўскія. Падчас мерапрыемства былі запалены свечкі на святочным торце, нявеста кідала вясельны букет, у адрас юбіляраў гучала звонкае “горка!”. Віншаванні Анатолю Сцяпанавічу і Ганне Сцяпанаўне даслалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы Ушацкага райвыканкама В.М.Захарэнка, старшыня Глыбачэнскага сельскага Савета дэпутатаў Л.В.Храмцова, дырэктар КУСГП “Глыбачаны” С.І.Кірпічонак, старшыня раённага грамадскага аб’яднання ветэранаў У.М.Малаткавец. З музычнымі віншаваннямі выступілі работнікі культуры. Потым “маладажоны” паехалі ў родную вёску і наладзілі там свята, на якое запрасілі ўсіх жыхароў Усвеі.
У гэты дзень у адрас сям’і Найдуновых было сказана многа цёплых, шчырых слоў. Мы далучаемся да іх і жадаем юбілярам пражыць яшчэ разам многа шчаслівых гадоў!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *