Приём граждан в Ушачах провёл В.П.Андрейченко

Зваротная сувязь

«Дзякуй, што Вы ў нас ёсць!» Такія словы сказала Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку адна з наведвальніц, ушачанка Лідзія Уладзіміраўна Рубанік. Сказала яна іх і рэспубліканскім журналістам, дарэчы, яшчэ да таго, як трапіць на прыём да Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, зусім не ведаючы, як вырашыцца яе справа. Але казала ад шчырага сэрца, паколькі даводзілася звяртацца з просьбай да нашага дэпутата раней: “Уражвае ўжо тое, як ён, такая занятая асоба, такога ўзроўню, гутарыць з людзьмі, як унікае ў нашы праблемы, як дэталёва разбіраецца. Не факт, што любая просьба будзе выканана – людзі прыходзяць з розным, галоўнае, шчырае імкненне дапамагчы. Калі я кажу дачцэ, што вось так проста расказвала свае праблемы Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, яна не верыць”.
А на прыём да Уладзіміра Паўлавіча заўсёды прыходзіць нямала выбаршчыкаў. І традыцыйна не хапае адведзенага часу, паколькі сапраўды вельмі ўдумліва выслухвае ён кожнага і шукае выйсце, а людзі прыходзяць часта не проста з праблемамі, але і з застарэлымі крыўдамі. Ён выслухвае і дапамагае кожнаму, калі, канечне, людзі не спекулююць і не выкарыстоўваюць візіт да Старшыні Палаты прадстаўнікоў, як пралаз у абыход іншых. Уладзімір Паўлавіч заўсёды падкрэслівае – я не пайду на парушэнне законаў, не загадаю рабіць нешта ў абыход і за кошт іншых, а калі магчыма – канечне, дапамагу. 
І дапамагае, асабліва ў справах, якія не па сілах і не па кішэні раёну. Напрыклад, з будаўніцтвам фізкультурна-аздараўленчага комплексу, які ўшачане ўжо ўяўляюць у марах. Існуе “палац аздараўлення” і на паперы – выраблена дакументацыя. Толькі вось мала што новага з будаўніцтва распачынаецца ў цяперашні няпросты час, прыпынены многія сацыяльныя праграмы. Пра гэта і сказаў Уладзімір Паўлавіч начальніку ўпраўлення фізкультуры, спорту і турызму аблвыканкама М.П.Партному і начальніку адпаведнага аддзела райвыканкама С.І. Ціханёнку, якія прыйшлі на прыём з калектыўным зваротам. Аднак спрабаваць зрабіць задзел трэба, і абавязкова, каб гэты аб’ект значыўся ў планах вобласці.

Трымаюць на кантролі Уладзімір Паўлавіч і старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак пытанне з газіфікацыяй жыллёвага фонду, таму, калі прыйшла старшыня кааператыва “Зарэчны” Г.С.Шчадрова, быў дадзены канкрэтны адказ – як толькі газавікі заканчваюць аб’ект у Глыбоцкім раёне (таксама дэпутацкі запыт У.П.Андрэйчанкі), так пераходзяць на Ушаччыну.
Былі і іншыя калектыўныя звароты і падзякі ад наведвальнікаў. Напрыклад, Анатоль Раманавіч Пахілка дзякаваў не толькі Уладзіміру Паўлавічу за паспяхова вырашанае пытанне, з якім звяртаўся раней, але і кіраўніцтву раёна, камунальнай службе. Асабліва прасіў адзначыць начальніка кацельных і цеплавых сетак УП ЖКГ Леаніда Сямёнавіча Верыча за праяўленую аператыўнасць, вынаходлівасць і, як вынік, – рэальную дапамогу ў замене труб да старых дамоў №№1 і 3 па вуліцы Ленінскай, а з устаноўкай помпы – і падключэнні іх да гарачага водазабеспячэння без залішняга вылівання вады. Там жа сёлета заасфальтаваны двор, так што адны з самых старых пабудоў Ушач атрымалі другое нараджэнне. Знесены і хлявы, што знаходзіліся ў аварыйным стане, а калектыўны зварот жыхароў быў з просьбай паставіць новыя, паколькі ў гэтых дамах адсутнічаюць падвалы. Старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак адказаў, што на працягу першага паўгоддзя, да закладкі наступнага ўраджаю яны будуць пабудаваны.  
Меліся б сродкі – не было б большасці зваротаў грамадзян, якія і датычацца рамонту жылля. Не ўпершыню прыходзяць жыхары Ленінскай №8, капітальны рамонт іх дома знаходзіцца ў спісе на 2012 год першым. На працягу месяца будзе падведзена вада ў інтэрнат райспажыўтаварыства, у якім пражывае Г.А.Лебедзева. 25 кастрычніка – такі апошні тэрмін здачы жыллёвага кааператыва №12.
Людзі выходзілі з прыёму, атрымаўшы канкрэтныя даты, паколькі Уладзімір Паўлавіч узяў іх звароты на асабісты кантроль. А гэта значыць, што пытанне будзе вырашана, паколькі пустых абяцанняў ён не дае ніколі. “Камісія выявіць, ці зможаце вы перазімаваць са старымі рамамі ў інтэрнаце “Райаграсэрвіса”, калі не – замена будзе зроблена персанальна ў вашай кватэры. Калі зможаце – выключэнняў рабіць не будзем, чакайце наступнай лініі рамонту, якая запланавана на 2012 год”. Такі адказ атрымала Лілія Барысаўна Віннік, якая таксама не першы раз звяртаецца да У.П.Андрэйчанкі. Дарэчы, хоць і было гэта яшчэ ў час працы яго старшынёй аблвыканкама, Уладзімір Паўлавіч прыгадаў заяўніцу, – ён наогул памятае ў твар усіх, хто звяртаўся да яго раней, прыгадвае нават пытанні, цікавіцца, як абстаяць справы зараз. А Лілія Барысаўна ў сваю чаргу падзякавала, пералічыўшы ўсё, што зроблена ў іх інтэрнаце з падтрымкай дэпутата.
Візіт на Ушаччыну ніколі не абмяжоўваецца толькі асабістым прыёмам грамадзян. Уладзімір Паўлавіч заўсёды цікавіцца развіццём раёна ў цэлым і асабліва праблемнымі ўчасткамі. І гэта не цікаўнасць з ветлівасці, а рэальнае жаданне дапамагчы, што наш абраннік пацвярджаў неаднойчы.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *