В праздник Покрова Пресвятой Богородицы

Общество

Калісьці цэнтр рэлігійнага жыцця тэрыторыі былога Дубраўскага сельсавета размяшчаўся ў вёсцы Усая. Па сведчаннях гісторыкаў, царква тут мелася яшчэ ў 1662 годзе, а ў 1808 была пабудавана драўляная Пакроўская праваслаўная царква, прыход якой ахопліваў 20 навакольных вёсак і тысячы прыхаджан. Натуральна, што калі праз два стагоддзі ў тутэйшых мясцінах быў адноўлены прыход і абсталявана царква ў вёсцы Дубраўка, было вырашана захаваць яе гістарычную назву. Зараз да прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы належаць некалькі сотняў чалавек з навакольных вёсак.
У мінулую пятніцу тут было мнагалюдна, бо ў гэты дзень прыхаджане адзначалі адразу тры святы: Пакроў Прасвятой Багародзіцы, храмавае свята царквы і Дзень маці. Паўсюдна панаваў узнёслы ўрачысты настрой, было бачна, што многія хвалююцца. Ды і як было не хвалявацца, напрыклад, жыхарцы вёскі Кугоні Ефрасінні Ільінічне Кузняцовай, якая прызналася, што ўпершыню ў жыцці прысутнічае на царкоўнай службе. Дарэчы, у той дзень у царкву змаглі наведацца сем жыхароў гэтай аддаленай вёскі: на свята іх даставіла машына, якая прывозіць вяскоўцаў на прафілактычны медыцынскі агляд. Увогуле, між установай аховы здароўя і храмам наладжана вельмі цесная сувязь: дастаткова сказаць, што ключы ад царквы захоўваюцца ў бальніцы, і кожны пацыент літаральна ў любы час можа пайсці ў храм, каб памаліцца, пабыць сам-насам з Богам.
Як адзначыў у сваёй пропаведзі благачынны Ушацкага раёна айцец Вячаслаў, адкрыццё гэтага храма стала сапраўднай падзеяй для вернікаў раёна. Ён упэўнены, што з Божым словам і бласлаўленнем тутэйшым людзям будзе лягчэй жыць і змагацца са спакусамі і заганамі. Дарэчы, спецыяльна для храма ва Украіне была набыта ікона “Георгия Победоносца”, якой можна маліцца аб заступніцтве воінаў і дабрабыце ў гаспадарцы, а ікона з лікам Божай Маці “Неупиваемая чаша”, як лічыцца, дапамагае пры пазбаўленні ад алкагольнай залежнасці.
А яшчэ айцец Вячаслаў адзначыў, што найвялікшая заслуга ў адраджэнні храма належыць галоўнаму ініцыятару гэтай справы кіраўніку мясцовай гаспадаркі Б.Т.Юргенсу. Богдан Тадэвушавіч у сваю чаргу падзякаваў усім, хто меў дачыненне да пабудовы храма, яго аздаблення, добраўпарадкавання навакольнай тэрыторыі: ветэранскай арганізацыі вёскі Дубраўка, работнікам магазіна, бальніцы, якія, у прыватнасці, даглядаюць шыкоўныя кветнікі ў царкоўным двары, настаўнікам і навучэнцам мясцовай школы, Полацкай друкарні імя Ф.Скарыны за дапамогу ў вырабе іканастаса, Ушацкаму райспажыўтаварыству, індывідуальнаму прадпрымальніку М.М.Бабаедаву, брыгадзіру Р.А.Маркарану, зваршчыку Ю.А.Папову за дапамогу ў будаўніцтве ну і, вядома, старшыні райвыканкама А.А.Кавалёнку за ўсебаковае садзейнічанне і падтрымку.
Пасля свята людзі разыходзіліся прасветленымі і натхнёнымі. Дзякавалі, пыталіся, калі адбудзецца чарговая служба. “На Глыбоччыне, дзе я нарадзілася, быў храм, таму мне вельмі не хапала такога святога месца тут, у Дубраўцы”, – падзялілася ўражаннямі адна з прыхаджанак – бібліятэкар Людміла Мікітаўна Булаева. “Спадзяюся, што прыклад нашай вёскі натхніць жыхароў іншых куткоў Ушаччыны на адраджэнне храмаў, бо чалавеку нельга жыць без Бога, без веры ў душы”.
* * *
У суботу, 22 кастрычніка, а сёмай гадзіне раніцы па Першым нацыянальным канале тэлебачання ў праграме “Існасць” будзе паказаны сюжэт, прысвечаны прыходу храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы в.Дубраўка.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *