Пять часов борьбы за жизнь человека

Cлужба-101 Ими гордятся

Ідучы на работу, большасць з нас ведае, чым будзе сёння займацца: настаўнік правядзе ўрок, бухгалтар налічыць зарплату, прадавец абслужыць пакупнікоў, вадзіцель адправіцца ў рэйс. Заступаючы на чарговую змену, супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях не ведаюць, што ім прыйдзецца рабіць і адкуль чакаць трывогі. Але адно яны ведаюць дакладна: трэба быць у пастаяннай гатоўнасці да новых выпрабаванняў.

Жыхар Полацка тыдзень таму прыехаў на сваю дачу ў вёсцы Цётча Вяркудскага сельсавета, у яго планах было выкапаць калодзеж на прысядзібным участку. Дапамогу ў патрэбнай справе яму аказвалі калегі адной з будаўнічых арганізацый Наваполацка. Але дзень гэты яўна быў не надта спрыяльны для гаспадара. У той час як ён рабіў ачыстку жалезабетоннага кальца калодзежа, на яго абрушыўся грунт, у выніку чаго мужчына аказаўся заціснуты зямлёй на глыбіні 10 метраў. Зразумеўшы, што ніяк не змогуць дапамагчы таварышу, калегі патэлефанавалі ў выратавальную службу…
У такіх выпадках дарагой з’яўляецца кожная хвіліна, кожная секунда. Дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання Ушацкага аддзела па надзвычайных сітуацыях да месца здарэння былі накіраваны два пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні. Праз 7 хвілін на дачным участку ўжо былі супрацоўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 вёскі Глыбачка, якія прыняліся вызваляць з “палону” мужчыну. Начальнік ПАСП №12 А.Чарнышоў спусціўся да месца, дзе знаходзіўся пацярпеўшы, а вадзіцель С.Солтан ажыццяўляў яго страхоўку з дапамогай выратавальнай вяроўкі. На дапамогу ім падаспелі і калегі з пажарнай аварыйна-выратавальнай часці г.п.Ушачы – камандзір аддзялення А.Жукаў і вадзіцель У.Цвяцінскі.
Амаль пяць гадзін доўжыліся выратавальныя работы, з дапамогай спецыяльнага абсталявання пацярпелага выцягнулі з завалаў і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі.
Часцей за ўсё ўшацкім выратавальнікам прыходзіцца спяшацца на тушэнне пажараў, такія сітуацыі ўзнікаюць значна радзей. Здавалася б, нічога гераічнага ў іх дзеяннях няма – гэта іх работа, якую яны павінны выконваць. Гэта так, але як многа залежыць ад іх, калі жыццё чалавека вісіць на валаску! Адзін недакладны рух, няправільнае рашэнне, прамаруджванне – і можа перастаць біцца сэрца чалавека… Вышэй апісаны выпадак яшчэ раз пацвердзіў, што нашы выратавальнікі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і, рызыкуючы сваім жыццём, выратаваць чужое.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *