Тепло и забота: баготворительные акции ‘Наши дети’ и ‘От всей души’ продолжают радовать белорусов

Общество

Рэспубліканскія дабрачынныя акцыі “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы” працягваюць дарыць цяпло, радасць, усмешкі па ўсёй краіне. Актыўны ўдзел у іх прымае і Ушацкая раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын.

З мнагадзетнай сям’ёй Лёля мы пазнаёміліся раней – калі жыхарка Ліпаўца Юлія Рэнатаўна была ўзнагароджана Ордэнам Маці. Цяпер жа, пачуўшы ад старшыні грамадскага аб’яднання Д.М.Садоўскай іншы адрас (як пазней высветлілася, тут жывуць бабуля з дзядулем дзяцей), па прозвішчы не здагадаліся, да каго едзем. І калі б Юлія не выйшла сустракаць, наўрад ці б пазналі яе сыноў і дачку – усе пяцёра прыкметна падраслі, пасталелі. Але ўвазе радаваліся як і пяць гадоў таму. “Шыкоўны сёння дзень: на ёлку ў лясгас, дзе працуе тата, збіраліся, а тут такія госці!” – атрымліваючы падарункі ад БСЖ, казалі Андрэй з Антонам. Ды і Саша, які вучыцца ў полацкім каледжы, зараз дома – усе сабраліся.
Між тым, у Ліпавец, пра які прыгадалі, мы ўсё ж трапілі. Віншаванні са святамі Дзіна Міхайлаўна і яе намеснік па суполцы Вольга Мікалаеўна Тычына адрасавалі Пашы і Жэні Крывёнкам, якія вучацца ў 6 і 7 класах. “Няўжо памыліліся з колькасцю?” – убачыўшы ў пакоі зусім яшчэ малыша, занепакоіліся госці. “Не, усё правільна: непаўналетніх дзяцей у мяне двое, а гэта ўжо ўнучак – старэйшая дачушка парадавала”, – патлумачыла гаспадыня дома Юлія. Бабуляй яе, праўда, назваць цяжка: настолькі маладая і актыўная.

Ну а трэцяя сустрэча ў рамках акцыі “Нашы дзеці” праходзіла не па месцы жыхарства дзяўчынкі, а ў ЦБП №237 “Белаграмбанка”. Справа ў тым, што сямікласніца з Арэхаўскай СШ Марыя Кемстач, якую выхоўвае тата, падумвае звязаць свой будучы лёс з банкаўскай справай. Як кіраўнік раённай арганізацыі БСЖ і цэнтра банкаўскіх паслуг адначасова, Дзіна Міхайлаўна вырашыла сумясціць прыемнае з карысным – школьніца атрымала падарункі і падказкі па падрыхтоўцы да экзаменаў, даведалася пра ўмовы працы.

Сюрпрыз ад раённай арганізацыі БСЖ чакаў і нашых землякоў сталага ўзросту. “З хаты практычна не выходжу: здароўе падводзіць. Таму так прыемна, што сёння ў мяне столькі гасцей! – не хавала эмоцый ушачанка Зінаіда Еўдакімаўна Жогаль. – З раніцы быў сацыяльны работнік, а цяпер вы завіталі, ды яшчэ з ласункамі. Пра слёзы хаця б на некаторы час забылася”. Лёс у жанчыны, сапраўды, няпросты: давялося нядаўна пахаваць мужа, двух сыноў. Выратоўвае толькі ўвага ўнукаў, праўнукаў, якія рэгулярна наведваюцца, забраць да сябе прапаноўваюць.

Такі ж няпросты лёс – са стратай блізкіх, праблемамі са здароеўм – і ў Ганны Віктараўны, Пятра Дзмітрыевіча Качаноў з гарпасёлка. Аднак пра гэта нават не ўспаміналі – расказвалі гасцям пра былую работу, дамашні быт і сваё знаёмства, адбылося якое ў дзень выбараў. “Толькі ўявіце – сёлета ртутнае вяселле адзначым! – падзялілася сямейная пара. – Разам мы ўжо 63 гады”.

Прымалі віншаванні ў гэты дзень таксама 34-гадовы С.Ларчанка, які мае першую групу інваліднасці, і яго сястра Святлана Фёдараўна Лемеш. “Калі не стала матулі, была вымушана кінуць працу і ўзяць Сяргея да сябе, – расказала ўшачанка. – Прафесія медыцынскай сястры вельмі дапамагае”.

Завяршыўся віншавальны аб’езд у Рыбаках, дзе віншаванні прымала Марыя Станіславаўна Сідаровіч. “Беларускі саюз жанчын нацэлены на тое, каб дарыць людзям радасць, надзею на лепшае, – зазначыла Д.М.Садоўская. – І вельмі прыемна, што ў гэтыя святочныя дні нам гэта ўдалося”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *