Безопасность на дороге: в связи с ростом трагедий с пешеходами ГАИ усиливает контроль в Витебской области

Профилактика и безопасность

Страшная аварыя адбылася 9 студзеня 2025-га на праспекце Чарняхоўскага ў Віцебску.

Вадзіцель мікрааўтобуса “Mercedes-Benz Sprinter” не спыніўся на забараняльны сігнал святлафора і на пешаходным пераходзе збіў дзевяцігадовага хлопчыка. Ад атрыманых траўм той загінуў. Ужо на наступны дзень – 10 студзеня – трагедыя адбылася ў Мінску. Вечарам на аўтамабілі “Ford” на нерэгулюемым пешаходным пераходзе жанчына наехала на васьмігадовага хлопчыка. Атрыманыя малым траўмы аказаліся гэтак жа несумяшчальныя з жыццём.

З улікам такой напружанай дарожнай абстаноўкі пешаходы зараз аказаліся пад асаблівай увагай ДАІ… і СМІ. У рэйд з ушацкімі інспектарамі на бягучым тыдні адправіўся і карэспандэнт “Патрыёта”.

Перакрыжаванне Ленінскай і Савецкай. Спыняемся не ля саміх пераходаў, а ў метрах ста ад іх, каб прааналізаваць паводзіны ўдзельнікаў дарожнага руху. У прыватнасці, як вадзіцелі пры ажыццяўленні павароту прапускаюць (ці не прапускаюць) пешаходаў, а тыя, у сваю чаргу, выконваюць патрабаванні правілаў.

Літаральна некалькі хвілін – і вось першы парушальнік: мужчына на іншамарцы не прапусціў пешахода. “Я больш дваццаці гадоў за рулём і заўсёды перад пераходам зніжаю хуткасць, – апраўдваўся ён. – Цяпер бачыў, што жанчына няспешна падыходзіць да “зебры”, але паспадзяваўся, што паспею праскочыць”.

Летась на Віцебшчыне зафіксавана 119 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў. У іх выніку 18 чалавек загінула, 104 – атрымалі раненні.

Вечарэе, а мы пад’язджаем да павароту на Градзянец. Ад аўтобуснага прыпынку па “зебры” ідзе школьнік. На руцэ – флікер, адразу адзначае экіпаж ДАІ. А следам без яго – малады чалавек, якога праваахоўнікі запрашаюць на прафілактычную гутарку.

“А хіба ліхтарык не лічыцца святлоадбівальным элементам?” – спрабуе парыраваць парушальнік. “Не. Згодна з ПДР пры пераходзе дарогі і руху па абочынах, краі праезнай часткі ў цёмны час сутак, ва ўмовах недастатковай бачнасці па-за населенымі пунктамі пешаходы абавязаны мець пры сабе святлоадбівальны элемент і забяспечваць яго бачнасць вадзіцелям транспартных сродкаў”, – кажа інспектар ДПС Сяргей Калбасаў.

Нярэдка парушальнікамі ПДР становяцца пешаходы, веласіпедысты. Летась у нашым раёне выяўлена 747 падобных фактаў (562 і 147 адпаведна). 136 грамадзян знаходзіліся пры гэтым у стане алкагольнага ап’янення. На няпропуску пешаходаў “засвяціліся” 202 вадзіцелі.

Паколькі парушэнняў у хлопца дагэтуль не было, атрымаў вусную заўвагу і флікер у падарунак.

Цікавімся ў жыхаркі райцэнтра, як яна ацэньвае адносіны вадзіцеляў да пешаходаў, ці ўзнікалі канфліктныя сітуацыі на дарозе? “Нічога дрэннага не магу сказаць, – ахвотна адказвае зямлячка, – звычайна прапускаюць, але і сама, перш чым ступіць на “зебру”, стараюся глядзець па баках. Не пераходжу дарогу з думкай, што ўсе тут абавязаны мяне прапускаць”. І гэта правільна!

У 2024-м на Ушаччыне – у вёсцы Вацлавова і на пераходзе ля райбальніцы – адбылося 2 аварыі з удзелам пешаходаў. Адна жанчына загінула, другая атрымала траўму.

“Перад выхадам на пешаходны пераход, трэба пераканацца, што ўсе аўтамабілі паспелі спыніцца. Пазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі. На загарадных трасах рухацца па абочыне і толькі ў асобных выпадках (калі тая не прыдатная для перамяшчэння) па краі праезнай часткі і ў абавязковым парадку насустрач руху транспарту”, – нагадвае С.Калбасаў.
Усяго за час рэйду выявілі 6 парушальнікаў: трох вадзіцеляў, аднаго веласіпедыста без святлоадбівальнай камізэлькі і двух пешаходаў, адзін з якіх быў “падшафэ”. Людзі, на жаль, дагэтуль даволі бесклапотна ставяцца да правілаў і ўласнай бяспекі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Безопасность на дороге: в связи с ростом трагедий с пешеходами ГАИ усиливает контроль в Витебской области

  1. Многие пешеходы в Ушачах вышагивают по зебре, уткнувшись в телефон, даже не удосуживаясь взглянуть по сторонам. И часто «нога за ногу», еле-еле, ну, очень хочется выйти из машины и придать таким ускорение.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *