Імя Р.Барадуліна ведае, напэўна, кожны беларус. Нават калі не цікавіцца літаратурай, то вершы “Бацьку”, “Трэба дома бываць часцей” чуў дакладна не раз. Сапраўдны геній і патрыёт, іранічны і просты ў зносінах. Нягледзячы на высокія званні, для большасці знаёмых народны паэт з Ушаччыны быў і застаецца дзядзькам Рыгорам. 24 лютага яму б споўнілася 90 гадоў…
У памяці землякоў
Многія жыхары Ушаччыны свята захоўваюць рэчы, так ці інакш звязаныя з Рыгорам Іванавічам: фотаздымкі, зборнікі з яго аўтографамі… Дарэчы, у подпісах паэт ніколі не паўтараўся. Так, напрыклад, Л.В.Трафімавай, якая ў 1982-м была яшчэ маленькай, у кнізе “Ці пазяхае бегемот?” напісаў: “Харошай дзяўчынцы Людачцы, каб расла прыгожая і шчаслівая на радасць бацькоў”. У 2000-м Васілю Казьяніну ў “Здубавецьці” пажадаў “марцовага настрою” і падпісаўся дзядзькам Рыгорам. Нямала кніг з цёплымі пажаданнямі паэта мае і Н.Б.Янушкевіч, якая сябравала з жонкай пісьменніка Валянцінай Міхайлаўнай, а яе муж Васіль – з Рыгорам Іванавічам. У адной з кніг той напіша, што ў старэйшых класах ім – “бязбацькавічам” Кулінчыку і Арынчыку (па імёнах матуль) – вельмі хацелася зарабіць грошай, таму хадзілі летам піліць дровы, ну а Барадулін потым купіць сабе новую фуфайку, кірзавыя боты. Дарэчы, і швейная машынка, якую маці паэта перад вайной закапала ў зямлю, а пасля перашывала на ёй рэчы для мясцовых жанчын (трэба ж было хату адбудоўваць, Рыгорку гадаваць) таксама доўгі час захоўвалася ў Ніны Барысаўны дома. Р.Барадулін называў яе “машынкай-карміцелькай” і шчыра здзіўляўся, як маці ўсё паспявала: “Днём прыбіральшчыцай працавала, а ўвечары я клаўся спаць – яна ЯШЧЭ шыла, прачынаўся – УЖО шыла”.
“У фондах Ушацкага музея таксама ёсць падпісаныя Рыгорам Іванавічам зборнікі, нашы наведвальнікі ахвотна знаёмяцца з імі”, – зазначае экскурсавод (лектар) В.В.Спірчонак. Дарэчы, для самой Веры Васільеўны Р.Барадулін – не проста славуты зямляк, пра якога расказвае. Гэта яе любімы паэт, усе кнігі якога перачытала не раз, з якім была асабіста знаёмая, ды і школьнікаў як настаўнік беларускай мовы і літаратуры яго жыццём, творчасцю імкнулася зацікавіць.
Родная хата
Вядома, што нарадзіўся Р.Барадулін на хутары Верасоўка, паблізу Ушач. Калі ў канцы 30-х такія паселішчы пачалі знішчаць, бацька паэта быў вымушаны разабраць хату і перавезці ў мястэчка, на месца цяперашняга лецішча па вуліцы Школьнай. Паколькі быў цесляром, практычна ўсё зрабіў сваімі рукамі. З сынам пасадзілі вяз, які мы сёння бачым на падворку, разам рабілі і мацавалі шпакоўні. А пазней, калі не стала бабкі Маланні, яны пасадзілі бярозку. І ў 2014-м менавіта ля гэтых дрэўцаў людзі развітваліся з Рыгорам Іванавічам.
У час вайны бацька партызаніў у брыгадзе імя Чапаева, прапаў без вестак. Казалі, што нехта бачыў, як ён ішоў з гранатай на варожы танк… Акуліна Андрэеўна чакала яго ўсё жыццё, замуж так і не выйшла, а Р.Барадулін, калі прыязджаў ва Ушачы, браў кветкі і спяшаўся на мемарыяльны комплекс “Прарыў”, бо там на адной з пліт ёсць імя яго таты.
Калі пасля блакады маці з Рыгоркам вярнуліся ва Ушачы, убачылі на месцы дома адны галавешкі. Са старых тэлеграфных слупоў, іншага матэрыялу жанчына ўсё адбудоўвала, сама імшыла і, як успамінаў класік, як тая ластаўка над гняздзечкам, усё жыццё стварала дабрабыт.
Пасля тут быў сапраўдны літаратурны салон – у госці да пісьменніка прыязджалі сябры з Мінска, Віцебска, Балгарыі… Неаднаразова бываў тут і Уладзімір Караткевіч, які вельмі любіў Акуліну Андрэеўну і сам быў для яе як родны – сядуць разам за стол, яечняй, “пальцам пханай” каўбасой сілы падмацуюць і разам песні спяваюць.
Сёння ў матчынай хаце ўсё як пры жыцці паэта. На сценах – партрэты самых блізкіх людзей, ходзікі. Не ведаем, праўда гэта ці не, але кажуць, што яны спыніліся ў той час, калі ў Мінску Рыгора Іванавіча не стала. Захавалася і “падстрэшша” – асобны пакой на гарышчы, які ў якасці рабочага кабінета абсталяваў Р.Барадулін. Ён казаў так: “Я ад зямлі адарваўся, а на неба яшчэ не трапіў, знаходжуся паміж імі. Тут мне асабліва лёгка дыхаецца і пішацца”.
Першыя крокі… з вялікім працягам
Ва Ушацкую школу Р.Барадулін пайшоў пераросткам – ужо ў 44-м. Вучыцца спачатку не надта хацелася: больш цікавілі падлеткаў знойдзеныя снарады, міны, патроны. У паэта нават ёсць верш “Палата мінёраў” – у ім успамінае, як ва Ушацкай бальніцы ляжалі хлопцы з адарванымі пальцамі, пакалечанымі рукамі і нагамі. У карыснае рэчышча накіраваць свае сілы дапамаглі педагогі. У ліку любімых Рыгор Іванавіч заўсёды называў Фадзея Францавіча Багдановіча, “цвёрдага, як смаляк, настаўніка, з чыстай, крынічнай мовай”. Паўплываў на яго далейшую творчасць і Антон Паўлавіч Баразна, які заснаваў у школе рукапісны часопіс “Першыя крокі” – Р.Барадулін змясціў у ім свае першыя вершы пад псеўданімам Алесь Чабор. Так падпісаўся і пад вершам, дасланым у хуткім часе ў “Чырвоную змену”.
Першую кнігу “Маладзік над стэпам” ужо выпускнік БДУ выдаў пасля ўдзелу ў рабоце будаўнічага атрада на цаліне. Як мы ведаем, пазней працаваў у розных выдавецтвах, рэдакцыях і ўсё жыццё прысвяціў творчасці. Нехта налічыў 60 яго паэтычных зборнікаў, хтосьці называе лічбу 100 – з улікам дзіцячых твораў, ліставанняў, дзённікаў-запісаў. Так ці інакш, але ў абсалютна кожнай кнізе гучалі родныя аўтару мясціны (Ушачы, Завячэлле, Вечалле, Ваўчо, Дзіва), любоў да іх. Багата аздабляў радкі і характэрнымі для нашай мясцовасці слоўцамі, выразамі: ушацкі малец, дзяронікі, бялюсенькі ўшачанін і інш.
Прэтэндэнт на Нобелеўскую прэмію
Паэзія Рыгора Іванавіча – вельмі разнастайная: часта пісаў пра маці, радзіму, родную мову, знаходзіў цікавае і для малых – спачатку для дачкі Ілоны, потым для ўнучкі Дамінікі. У апошнія ж дзесяцігоддзі свайго жыцця прыйшоў да духоўнай тэмы. Зборнік “Ксты” быў нават вылучаны на Нобелеўскую прэмію. Магчыма, не атрымаў яе толькі таму, што зразумець увесь каларыт, мілагучнасць сакавітай барадулінскай паэзіі (нездарма ж яго называлі “каралём метафары”) пасля перакладу на іншыя мовы ў нобелеўскім камітэце проста не змаглі.
У касцёл Р.Барадулін хадзіў і ў Мінску, і ва Ушачах. Што цікава, для апошняга напісаў словы гімна: пачуў неяк музыку аўтарства Алесі Каваленкі, вось і натхніўся.
Сяброўства з землякамі
Да апошніх дзён жыцця народны паэт падтрымліваў зносіны не толькі з вядомымі творцамі, але і простымі землякамі, у тым ліку школьнікамі. “Калі вучыўся ў 10 класе, часта праходзіў міма дома Рыгора Іванавіча, бачыў яго ў двары, але зайсці баяўся, – прыгадвае ўрач-рэаніматолаг Раман Клачок. – Але аднойчы рашыўся – і той адразу запрасіў у хату: “Пойдзем, табе кніжку падпішу”. Так пачалася гісторыя нашага сяброўства”. Хлопец заходзіў у госці, дапамагаў снег узімку пачысціць, а Р.Барадулін расказваў пра сваё жыццё.
Дарэчы, гарбатай частаваў проста незвычайнай! Заварвала духмяныя зёлкі яго жонка, гаспадар жа браў чайнік з заварнікам і, тройчы пераліваючы змесціва туды-сюды, кожны раз прыгаворваў: “Гліна – зямля – вада”. У чым сакрэт, Раман не ведаў, але напой станавіўся зусім іншым на смак. Свайму юнаму сябру Рыгор Іванавіч і верш “Прыходзім” прысвяціў – пра сэнс, з якім з’яўляемся на зямлі. Гэтыя радкі з аўтографам аўтара Р.Клачок дагэтуль захоўвае як найкаштоўнейшую рэліквію. З цеплынёй успамінае ён, і як адзначалі марожаным яго паступленне ў медуніверсітэт.
Вярнуўся дамоў назаўсёды
Ва ўсіх інтэрв’ю і свайму біёграфу Сяргею Шапрану пад запіс Р.Барадулін казаў, што хоча быць пахаваным менавіта на “бутаўскіх могілках”, побач з маці. “Валун сівы”, пра які чытаем у адным з яго вершаў, быў для паэта не проста вобразам – менавіта пад такім хацеў знайсці спачын.
Калі Рыгора Іванавіча не стала, усе яго прыжыццёвыя просьбы былі ўлічаны. Лёг ён у родную зямельку побач з самым дарагім чалавекам. Сівы ж валун узялі на адным з кубліцкіх палёў – падказала сястра яшчэ аднаго знакамітага ўшацкага творцы Васіля Быкава, з якім сябраваў Р.Барадулін.
Ідуць гады, стары вяз усё гэтак жа цягне ў неба свае галіны, а землякі па-ранейшаму з імпэтам і гонарам цытуюць яго вершы: “У мяне любоў не растрачана. Дзе б ні слаўся шляхоў сувой. Баравая мая Ушаччына, да апошняга ўздыху з табой”. І няма лепшага сведчання сапраўднага і шчырага народнага прызнання.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.