95 весен Клавдии Ивановны: история жизни, пережившей войну и сохранившей доброту

80-летие Победы Общество

Зноў вясна. Ранняя, цёплая – абуджаецца ўсё жывое. Мы ідзём да дома, дзе нас чакае Клаўдзія Іванаўна Сазонава – жанчына, якая 10 сакавіка сустрэла 95-ю вясну і свой чарговы юбілей. У яе выдатная памяць, ціхі голас і вельмі добрыя ўважлівыя вочы колеру неба.

Сям’я Івана Данілавіча і Фядоры Малахаўны Сазонавых, у якой падрастала трое дзяцей, яшчэ да Вялікай Айчыннай з вёскі Лісічына перабралася ў Кублічы. Бацька нядаўна вярнуўся з фінскай, меркаваў пабудаваць новы дом. І зноў вайна…Тады 11-гадовая дзяўчынка на свае вочы бачыла, як 3 ліпеня ў мястэчка ўварваліся першыя нямецкія танкеткі, а ў будынку школы хутка размясцілася камендатура. З таго часу няпрошаныя госці часта наведваліся ў двары за малаком, яйкамі, мясам.

Па суседстве з іх домам жыла яўрэйская сям’я. Гаспадар Іцка быў бляхаром – з металічных лістоў на заказ рабіў розныя бытавыя рэчы. Клаўдзія Іванаўна памятае смак іх нацыянальнай мацы – з нагоды свят суседзі частавалі сваёй выпечкай. Напярэдадні вайны да яго на адпачынак з Масквы прыехала дачка Соня з дзвюма ўнучкамі. Старэйшая ўжо сама чакала дзіця, а з малодшай Клава сябравала, аднак нават не развіталася… Калі калона яўрэяў пад канвоем назаўсёды пакідала Кублічы, жыхарам забаранялася нават выглядаць у вокны. А перад гэтым гета агарадзілі калючым дротам, а кожную раніцу і ўвечары стралялі ў яго накірунку, каб трымаць у страху. Сазонавы прапаноўвалі Соні схаваць у іх дачок, толькі яна адмовілася, сказала, што тады расстраляюць і іх. У студзені 1942 года разам з яўрэямі з Ушач у брацкай магіле аказаліся і 170 кублічан.

Клаўдзія Іванаўна заўсёды плача, калі прыгадвае былых суседзяў. Таксама як і пяцёра сяброў-аднагодак, з якімі разам гулялі на вуліцы. У час адной з бамбёжак яны беглі да праваслаўнага храма, падземныя хады якога служылі бомбасховішчам. Не дабеглі – забіла, а Клаву асколкам параніла ў нагу. З таго часу рухомыя гульні сталі для яе недасягальнымі. Ды што там гульні, нават хадзіць было праблематычна. Толькі калі з вайны вярнуўся бацька, адвёз на кані дзяўчынку ў полацкую бальніцу, дзе ёй паставілі пратэз. У палаце яна ляжала разам з Зінаідай Тусналобавай-Марчанкай… і пра свой боль забывалася. У маладой дзяўчыны не было ні рук, ні ног.

Кладзія Іванаўна так і не стварыла сям’і, а прафесію абрала па сілах – увесь час працавала швачкай. Наогул у яе залатыя рукі, якія “выпусцілі” сотні дываноў, сурвэтак і самых розных вязаных рэчаў. Заўсёды дзялілася імі з пляменнікамі, у дом аднаго з якіх – Васіля Міхайлавіча Сазонава ва Ушачы перабралася леташняй зімой.

Як многа карыснага даведаліся мы ад аб вайне, земляках. І расказ сведкі тых страшных падзей успрымаўся зусім не так, як са старонак падручнікаў. Вялікі дзякуй Вам, Клаўдзія Іванаўна, у добрым здароўі сустракайце яшчэ не адну прыгожую вясну. І няхай спраўдзяцца вашы пажаданні – каб ва ўсіх рабят было лагоднае дзяцінства і ніхто з беларусаў больш не ведаў, што такое вайна.

Ганна Бугай, Валерыя Мядзвецкая,
вучаніцы 4 класа Ушацкай СШ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *