Откажитесь от курения — берегите здоровье!

Общество

Пра тое, што курэнне з’яўляецца шкодным для здароўя, ведаюць усе, нават дзеці. Аднак у сілу таго, што непрыемнасці, звязаныя з курэннем, як бы адтэрмінаваны ў часе, кожны курэц думае, што яны яго не датычацца. А расплата за гэтую згубную звычку непазбежная. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, курэнне забівае кожнага дзясятага чалавека ў свеце, і пры захаванні цяперашняй структуры спажывання тытуню каля 500 мільёнаў людзей могуць у канчатковым выніку загінуць. Больш паловы гэтай колькасці – падлеткі і дзеці.
Агульнавядома, што калі ўцягнуўся, то вельмі цяжка адмовіцца ад цыгарэт. Хоць побач нямала і станоўчых прыкладаў… Той, хто захапляўся раней гаркотай дыму, і той, хто курыў усяго адзін ці некалькі разоў, або наогул не браў у рот цыгарэту, мае сваю гісторыю, свае адносіны да тытуню. 

Задумайцеся!
— 1-2 пачкі цыгарэт утрымліваюць смяротную дозу нікаціну. Для падлетка смяротная доза – палова пачка. Курца ратуе толькі тое, што гэта доза ўводзіцца ў арганізм паступова, частку нікаціну нейтралізуе фармальдэгід – іншы яд, які змяшчаецца ў тытуні.
— Кожная выкураная цыгарэта скарачае жыццё чалавека на 14 хвілін.
— Тытунь з’яўляецца прычынай смяротнасці ад рака лёгкага ў 90 працэнтах усіх выпадкаў, ад бранхіту і эмфізэмы – у 75 працэнтах і ад хваробы сэрца – у 25. Прыкладна 25 працэнтаў рэгулярных курцоў памруць заўчасна менавіта па прычыне курэння. Многія з іх змаглі б пражыць на 10, 20 ці нават 30 гадоў даўжэй.
— Курэнне рэзка паніжае каэфіцыент інтэлекту. Калі ў людзей, якія не кураць, IQ у сярэднім роўны 101 балу, то ў тыповага курца ён змяншаецца да 94, а ў тых, хто скурвае больш пачка ў дзень, не перавышае 90. Прычынай рэзкага пагаршэння інтэлекту курцоў служыць тое, што іх галаўны мозг атрымлівае недастаткова кіслароду.
— Курэнне можа выклікаць страту зроку, рак вуснаў і поласці роту, з’яўляецца фактарам рызыкі інфіцыравання сухотамі.
— У дзяцей і немаўлят, падвергнутых уздзеянню цыгарэтнага дыму, часцей здараецца пнеўманія, астма, атыт, бранхіт, раздражненне вачэй. У іх вышэйшая ў сем разоў рызыка захварэць ішэмічнай хваробай сэрца ў будучым, загінуць ад сіндрому раптоўнай дзіцячай смерці.
— Падпаленая цыгарэта – унікальная хімічная фабрыка, якая вырабляе больш 4 тысяч злучэнняў, у тым ліку больш 40 канцэрагенаў – рэчываў, спрыяльных узнікненню рака.
— Узровень смяротнасці сярод курцоў вышэйшы на 70 працэнтаў у параўнанні з тымі, хто не курыць. Лічыцца, што ўзровень смяротнасці прама прапарцыянальна колькасці выкураных цыгарэт і стажу курэння.

Ю.Ф.Васілевіч, галоўны інжынер КУСГП “Вялікадолецкае”:
– На мой погляд, лепш не пачынаць курыць, бо потым вельмі цяжка спыніць гэтую звычку. Нам трэба браць за прыклад тых, хто не пачынаў, таму і не цягне. Сярод такіх – малады вадзіцель Віталь Бука. Малайчына хлопец, трымаецца і іншым прыклад паказвае.
П.І.Пратасевіч, былы намеснік рэдактара газеты “Патрыёт”:
– У сямідзесятых калектыў наш быў большы: рэдакцыя плюс работнікі друкарні… Прычым, большую палову супрацоўнікаў складалі мужчыны. І амаль усе мы “дымілі”, хаця кожны ў душы хацеў кінуць такую звычку. І вось аднойчы знайшлі выйсці – вырашылі скласці калектыўную дамову наконт таго, што з заўтрашняга дня не будзем курыць. Было вельмі няпроста. Хто вытрымаў некалькі дзён, хто стаў цішком курыць за дзвярыма рэдакцыі ці нават межамі раёна (маўляў, там дамоўленасць не дзейнічае), а ў мяне хапіла сілы волі з той пары абыходзіцца без нікаціну. Не адзін дзесятак гадоў прайшоў, а я і сёння рады таму выпадку.
І.У.Лапёнак, прафарганізатар ЦБУ №221 г.п.Ушачы філіяла 216 ААТ “Беларусбанк”:
– У нашым калектыве курыць толькі вадзіцель, усе астатнія, у тым ліку мужчыны (служба бяспекі і праграмісты) не захапляюцца гэтым. Па-першае, такія самі работнікі, а па-другое, некалькі гадоў назад нам было даслана пісьмо з цэнтральнага апарата аб забароне курэння ў памяшканні банка. І гэта правільна.
П.Ю.Варатынскі, трэнер ДЮСШ:
– У мяне з курэннем такія адносіны. Калі я вучыўся ў другім класе, васьмікласнікі прымусілі мяне выкурыць тры цыгарэты. Пачалося моцнае галавакружэнне, і пасля таго па сённяшні дзень няма ніякага жадання “атручвацца” горыччу дыму. І бацька мой у свой час кінуў курыць, а курыў жа з 16 да 52 гадоў. Атрымалася так, што яму зрабілі аперацыю, няёмка хапацца за цыгарэту ў бальніцы, вось і спыніў захапленне. Цяпер яму 85 гадоў.
Р.М.Голуб, намеснік начальніка прадпрыемства меліярацыйных сістэм па механізацыі:
– Са звычкай курыць чалавеку справіцца няпроста. Каб кінуць яе, патрэбна вельмі вялікае жаданне і, мабыць, пэўныя абставіны. У нас у калектыве заслугоўвае пахвальбы, напрыклад, слесар Міхаіл Пятровіч Чобат. Свядома не курыць столькі гадоў…
Н.М.Ціханёнак, настаўніца Ушацкай СШ:
– Калі гаварыць аб праблеме курэння, то хочацца падкрэсліць, што значную ролю адыгрывае акружэнне, якое вакол чалавека. Калі мы, жыхары, засяліліся ў свой другі пад’езд кааператыўнага дома № 2, корпус 2 па вуліцы Віцебскай, то адразу стварылі атмасферу сяброўства, калектыўнага падтрымання парадку. А гэта яшчэ як садзейнічае развіццю станоўчых схільнасцяў чалавека, выкараненню ганебных звычак. Проста рабілі заўвагу, калі хто пачынаў курыць у пад’ездзе, і гэта спрацоўвала. У нас дымавой заслоны няма, кожны жыхар імкнецца не шкодзіць. Дарослыя, дзеці падтрымліваюць парадак. Усюды чысціня, прыгажосць, і гэта залежыць толькі ад нас саміх.
Падрыхтавала Г.АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *