Сергей Михайлович Вусько — хороший работник и семьянин

Наш современник

У добра дагледжаным вясковым доме, з душой пабудаваным у вёсцы Малыя Дольцы, жыве Сяргей Міхайлавіч Вусько. Работа на трактары не з лёгкіх. Уздымае зябліва ў светлавы дзень да 25 гектараў, засявае 50, а прадыскаваць можа і таго больш. А пазней садзіцца за штурвал камбайна. Радуецца ўраджаю, а калі і засмучаецца, што не апраўдаліся надзеі хлебароба… А колькі ў яго абаяльнасці і шчырасці, колькі сардэчнасці, калі расказвае пра сваю справу.

– Калі я рос, дзіцячага сада ў нас не было і мяне бацька часта браў з сабой, – успамінае Сяргей Міхайлавіч. – А працаваў ён на трактары, так што я з ранняга дзяцінства знаёмы з тэхнікай. З бацькам быў і ў полі, і ў майстэрні. Ва ўсім яму “дапамагаў”, а ён мне і не забараняў. Вечарам, задаволеныя і выпацканыя, мы вярталіся дадому, а раніцай усё зноў пачыналася спачатку. Я з дзяцінства любіў займацца жалязякамі, нешта прыкручваў, прымацоўваў, мне было цікава паглядзець, як працуе той ці іншы механізм. Рос я, і расло жаданне – не паглядзець, а звязаць свой лёс з тэхнікай. У школе я вучыўся добра, меў прыкладныя паводзіны, быў сакратаром камсамольскай арганізацыі. Мог бы паступіць і ў прэстыжныя навучальныя ўстановы, але вырашыў пайсці па шляху бацькі: пасля вучобы вярнуўся ў родную гаспадарку і працую механізатарам.

Ён не толькі добры работнік, але і сем’янін, які вядзе здаровы лад жыцця: не п’е і не курыць. Разам з жонкай выхоўваюць двух сыноў і дачку, жывуць у міры і згодзе.

Жонка Раіса працалюбівая і стрыманая, ад яе не пачуеш скарг на лёс. Калі муж у полі, яна бярэ на сябе работу па гаспадарцы, клапоціцца пра дзяцей. З імі жыве і бацька мужа – і яму трэба ўдзяляць увагу. Іх старанне ў працы аплачваецца дабрабытам у сям’і. Ёсць у гаспадарцы Вусько і трактар, і машына.

Прыходзячы з работы, Сяргей бачыць у доме парадак і жонку з усмешкай на твары. Гаспадарка дагледжана, і ў агародзе ўсё расце. У гэтай сям’і кожны уздых прысвечаны роднай зямлі.

Бацькі Сяргея сяляне. Тата – майстар на ўсе рукі, “пан сахі і касы”. Маці вырасціла пяцярых дзяцей, працаўніца, цярплівая гаспадыня, якая кожны дзень і час прысвячала дзецям.

Рая і Сяргей таксама па прыкладзе бацькоў выхоўваюць дзяцей так, каб не было за іх сорамна. Можа ў іх тояцца прадзедаўскія гены вялікіх аратаў, хлебаробаў, садаводаў. Трэба толькі даць ім магчымасць праявіцца, выхаваць любоў да роднай зямлі, абудзіць цікавасць да сваёй гісторыі, традыцый.

Жадаю, каб птушка шчасця заўсёды кружылася над домам гэтых цудоўных людзей.

С.ВАСІЛЕЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *