Аўтобусы са школьнікамі, актывістамі грамадскага аб’яднання і партыі “Белая Русь”, ветэранскай арганізацыі, Беларускага саюза жанчын і БРСМ, дзясяткі машын з арганізацый і проста ўшацкіх сямей. Такой ажыўленай лясная дарога на Бабовішча бывае толькі адзін раз у годзе – на 22 сакавіка. Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі – гэта і яе сумная дата. Хатынь – адна з нямногіх, і не самая вялікая вёска Беларусі з некалькіх тысяч з аднолькава гаротным лёсам неадноўленых папялішч. І гэты жалобны дзень мог бы праходзіць у маі, лютым ці верасні і называцца Касарской, Дубраўскай ці Тухацінскай трагедыяй, бо падчас 141 карнай аперацыі ў Беларусі знішчана 12 тысяч населеных пунктаў.
На брацкай магіле тры абеліскі. Навокал прастора, дрэвы, падступае лес. І вельмі ціха. Толькі разрывае паветра метраном – гучыць хвіліна маўчання. І рэжуць слых прапушчаныя праз сэрца выступленні старшыні райсавета, члена Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Мікалаеўны Марковіч і лідара ветэранскай арганізацыі Ніны Аляксандраўны Васілеўскай.
На Ушаччыне у час аперацый “Вясенняе свята”, “Марасячы дождж”, №28, “Дворнік”, “Котбус” цалкам ці часткова зруйнавана 194 вёскі.
Цяпер тут адзін, хоць і дабротны дом. А да 1941-га, згодна звестак Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, было 12 і 98 жыхароў, падчас вайны забіта 73 чалавекі і разбурана 7 хат. Астатнія з паўтысячы спаленых у Бабовішчы – з суседніх вёсак, бежанцы, бо карная аперацыя адбывалася праз тыдзень пасля прарыву блакады, калі ішла “зачыстка” тэрыторыі і сарціроўка насельніцтва.
З паказанняў К.І.Шаха з вёскі Афераўшчына на працэсе 1948 года: “Калі немцы зайшлі ў вёску, адразу спалілі 12 дамоў, усю скаціну і маёмасць адбіралі і накіроўвалі на Докшыцы, а людзей пачалі зганяць у адно месца. Дарашкевіч Васіль – 65 гадоў, Яцына Петрунеля – 70, Пасдзерскі Іосіф – 60 з-за старасці і хвароб ісці не маглі і іх расстралялі ля сваіх дамоў. Потым больш 20 чалавек, у асноўным жанчын з малымі дзецьмі, пагналі ў Бабовішча, што ў кіламетрах двух ад нас, а другую частку, у тым ліку і мяне – на катаргу ў Германію, дзе і прабыў да 9 мая 1945 года”. Падобныя і ўспаміны жыхаркі вёскі Глінішча С.М.Дрозд: “Немцы абстралялі вёску з мінамётаў, у выніку чаго спалілі 10 дамоў. Людзей у іх не было, усе мы, каля 200 чалавек, сышлі ў лес. Аднак паколькі былі з каровамі, конямі, нас хутка заўважылі і пагналі спачатку ў Глінішча, а потым у Стараселле. Адтуль чалавек 30, у тым ліку і мяне – у Докшыцы на катаргу, аднак мне ўдалося ўцячы. Пазней даведалася, што немцы спалілі ў нас і Бабовішчы, што ў кіламетры, каля 500 чалавек, у тым ліку Падгол Кацярыну з 4 дзецьмі, Дрозд Александрыну з двума і Сафію з трыма і многіх-многіх іншых. Я пазнала ваеннапалоннага Рэйперса. Гэта ён прыбыў на матацыкле з мінамётнай ротай, а потым заграз ля ручая, калі гнаў людзей з лесу”.
Хоць загінулі цэлыя сем’і з малымі дзецьмі – прадаўжальнікамі роду, тым не менш на Ушаччыне і за яе межамі ёсць людзі, для якіх гэты дзень – траур па загінуўшых родных. На мерапрыемстве прысутнічаў жыхар Стараселля Васіль Міхайлавіч Конан, у якога ў брацкай магіле ляжаць бабуля, цёткі і дзядзькі.
Толькі ў красавіку-маі 1944 года са 141 пацярпелай ад рук карнікаў вёскі Ушаччыны поўнасцю былі спалены Адворня, Анікееўшчына, Арцюшкі, Белюкоўшчына, Бычкоўшчына, Вялікія Дольцы, Гірсёнкі, Гараўцы, Двор Кублічы, Дарошкавічы, Дубраўка, Есяновікі, Кабак, Калінаўка, Ляхі, Мажэйчына, Мажэлена, Мазуліна, Асярэдкі, Асіпоўка, Ахотня, Пяскі, Петухі, Рубанікі, Рукшаніцы, Урбанова, Цвеціна, Чарнаручча, Чарсцвяды, Ягадкі. Вельмі многа вёсак, насупраць якіх не стаіць пазнака “спалены поўнасцю”, аднак разбуранымі аказаліся літаральна ўсе існаваўшыя дамы.
Вялізную падзяку за памяць аб ахвярах Бабовішча раённым уладам і ўсім ушачанам прасіла выказаць жыхарка Санкт-Пецярбурга Зоя Сцяпанаўна Бугай. Тут спалена першая сям’я яе бацькі, дзед і мноства родных. А інфармацыяй аб мітынгу яна падзялілася з Іванам Васільевічам Купрэвічам з Адэсы– дваюрадным братам і адзіным застаўшымся ў жывых з чатырох, хто вырваўся тады з агню.
Вольга Караленка.