«Формула-1» на воде: как прошел этап Кубка СНГ по водно-моторному спорту в Ушачах

Cпорт

На сёлетнім фестывалі “Экстрым Прарыў” будзе ўпершыню праведзены этап Кубка СНД па водна-маторным спорце сярод лодак класа Enduranсе, а таксама аквабайкаў Jet Ski і Runabout. Зрэшты, і на мінулагоднім форуме спартсмены дэманстравалі сваё майстэрства ў гонках па хвалях нашага Вечалля, аднак спаборніцтвы былі не такімі статуснымі. Тым не менш гледачы змаглі ацаніць іх відовішчнасць, ну а мы не ўпусцілі шанс пазнаёміцца з гоншчыкамі.

У гэтым спорце, які культывуе ДТСААФ, Беларусь і Расія супрацоўнічаюць вельмі цесна – этапы Кубка СНД і іншыя спаборніцтвы праходзяць у гарадах абедзьвюх краін, прыбылі расіяне і на наш фестываль. На п’едэстале ж па выніку гонкі моталодак першае і другое месцы занялі Мікалай Іваноў з Падмаскоўя і Аляксей Васіленка з Санкт-Пецярбурга, а “бронзу” заваяваў беларус Андрэй Галаўкоў, які, дарэчы, з’яўляецца дырэктарам Федэрацыі водна-тэхнічнага спорту і турызму, што аб’ядноўвае расійскіх і беларускіх экстрэмалаў. Да слова, усе яны маюць медалі чэмпіянатаў свету і Еўропы. “На беразе мы – сябры, а на вадзе – сапернікі… але таксама ў братэрскім духу! – зазначае Андрэй Віктаравіч. – Канечне, водна-маторны спорт – спецыфічны і не вельмі масавы: на набыццё і абслугоўванне лодкі патрэбны сродкі і час, а яшчэ і паліва – мая, напрыклад, расходуе 15-17 літраў у гадзіну. Мы пастаянна над імі “чаруем”, штосьці ўдасканальваем, але ж гэта таго варта, бо ні з чым не параўнаць задавальненне, якое атрымліваем у час гонак. Наша захапленне дае падставу да падарожжаў: напрыклад, зусім нядаўна на гэтых трох лодках, што прывезлі ва Ушачы, мы бралі ўдзел у 24-гадзінным марафоне, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Увогуле мы шмат дзе пабывалі і можам канстатаваць, што на Вечаллі спаборнічаць вельмі зручна і прыемна: вада тут “мяккая”, пакатыя берагі гасяць хвалі, а лес наўкол захінае возера ад ветру. Тады як у Піцеры ўзятыя ў граніт вадаёмы маюць “адбойны” эфект – развіваць вялікую хуткасць там больш складана. Адным сло вам, цяпер мы разведалі вечальскія вартасці і гасціннасць ушачан, таму будзем сюды зноў імкнуцца!”.

“Водна-маторны спорт прываблівае людзей самага рознага ўзросту: займацца на лодках і аквабайках пэўнага класа можна з 8 год, а вось “верхняя мяжа” ўвогуле не пазначана. У нашай суполцы ёсць легендарны чалавек Юрый Смірноў, які ў 75 удзельнічаў у піцерскім марафоне, ды і зараз, у свае 86, можа праімчаць па вадаёме, – далучаецца да размовы старшыня міжнароднай федэрацыі Арцём Салаўёў. – Як і ўсе экстрэмальныя віды, наш спорт, канечне, рызыкоўны: лодкі развіваюць вялікую хуткасць, бакавыя перагрузкі на паваротах супастаўныя з “Формулай 1”, а ўдары на “кочках” не менш адчувальныя, чым на ралі “Дакар”. На жаль, здараюцца і траўмы, таму гоншчыкі выступаюць у шлемах, апранаюць спецыяльныя касцюмы”.

Білеты на фестываль можна набыць у касе спарткомплексу або на платформе BezKassira.by. Нагадаем, што да 19 мая кошт на іх дзешавей на 33%.

…Калі ж пасля гонкі ўдзельнік этапаў кубка СНД Алег Карымаў прапанаваў мне праехаць з ім па возеры, адмовіцца, канечне, не змагла. Падумала: хуткасць жа будзе не такая, як у час сапраўднага заезду, і я здыму відэа, таму прыхапіла з сабой тэлефон – пра што, зрэшты, адразу пашкадавала. Яго проста не было чым трымаць, бо рукі спатрэбіліся, каб намертва ўчапіцца ў канаты на бартах! Ацаніла я і тыя самыя “кочкі” – хвалі, на якіх мы падскоквалі і адпраўляліся ў вольны палёт над вадой! Мабільнік жа давялося проста прыціснуць ступнёй да дна лодкі і спадзявацца, каб яго не заліло вадой… Як ні дзіўна, і я, і тэлефон выпрабаванне вытрымалі – нават некалькі кадраў напрыканцы заезда у мяне засталося! Гэты ж артыкул спецыяльна прызапасіла да таго часу, калі мы будзем набываць білеты на чарговы фестываль: каб і самой прыгадаць тыя адрэналінавыя пачуцці, і вам іх перадаць. Не змарнуйце шансаў далучыцца да незвычайнага дзейства пад назвай “ЭкстрымПрарыў”!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *