Два пажары з 16 па 17 мая адбылося на Ушаччыне. На жаль, у агні загінуў адзін чалавек.
Вечарам пятніцы выратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў вёсцы Рыбакі. Падчас тушэння ў адным з пакояў пад пластом канструкцый, якія абваліліся, знойдзена цела гаспадыні дома 1957 года нараджэння. Агонь знішчыў маёмасць, пашкодзіў столевае перакрыцце і сцены. Па папярэдняй версіі прычынай трагічнага здарэння стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
А раніцай у суботу на адной з сядзіб па вуліцы Аграрнай у вёсцы Ліпавец загарэлася лазня. Абышлося без пацярпелых, будынак, які пабудаваны летась моцна пашкоджаны агнём. Верагодная версія ўзнікнення пажару – парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення, у прыватнасці, перакал печы.
З пачатку года ва Ушацкім раёне зарэгістравана ўжо 13 пажараў, на якіх загінула 2 чалавекі. Складваецца даволі напружаная абстаноўка: у разліку на тысячу насельніцтва гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у вобласці, за аналагічны перыяд мінулага года ў раёне было зарэгістравана толькі 5 узгаранняў. Каб папярэдзіць бяду, выратавальнікі штодня праводзяць прафілактычную работу з насельніцтвам розных узростаў, выкарыстоўваючы розныя формы. Напрыклад, на мінулым тыдні арганізавалі “Пасты бяспекі” ў магазінах “Еўраопт” і “Капеечка”, разам з аўтамагазінамі праехалі па населеных пунктах Жарскага і Кубліцкага сельсаветаў, выступілі ў працоўных калектывах, правялі заняткі з дзецьмі. У чарговы раз супрацоўнікі МНС нагадваюць і ўсім нашым чытачам: будзьце асцярожны з агнём, не курыце ў памяшканнях і не кідайце акуркі з балконаў, не перакальвайце печы, не перагружайце электрычную сетку і не карыстайцеся няспраўнымі электрапрыборамі.
Вольга КАМАРКОВА.