Из Москвы в белорусскую глубинку: как семья пенсионеров нашла счастье на Ушаччине

Общество

Масквічы Алег і Наталія Біран усё сталае жыццё правялі ў расійскай сталіцы, маюць і дачу недалёка ад мегаполіса, аднак пасля выхаду на заслужаны адпачынак на пастаяннае месца жыхарства перабраліся ў Беларусь, ды і знаёмым дапамаглі прыдбаць домік побач са сваім у ціхім закутку аграгарадка Вялікія Дольцы – былой вёсцы Міхалкаўшчына. “Мы ведалі, што будзем жыць менавіта тут, хоць падмаскоўная дача лепш абсталявана і краявіды там не горшыя. Аднак акрамя прыроды патрэбна была яшчэ адна ўмова – касцёл. На Ушаччыне ёсць і тое, і другое”, – тлумачыць выбар месца жыхарства Алег Гаррыевіч.

Нягледзячы на тое, што не карэнныя, іх ведае нямала ўшачан: адны – як прыхаджан, другія не раз частаваліся яйкамі перапёлак, трэція з іх падачы завялі на сваіх падворках мініяцюрных нясушак. Я ж пазнаёмілася з цікавай сям’ёй менавіта з-за незвычайных гадаванцаў, з якімі яны не развітваюцца на працягу дзесяцігоддзяў. Трымалі нават у маскоўскай кватэры.

Асноўная перавага гэтых птушак менавіта ў тым, што займаюць мала месца, сядзяць у спецыяльных клетках, якія можна як пабудаваць, так і набыць. І, канечне, у тым, што нясуцца ўжо на 40-45-ы дзень і “па будзільніку” – праз пэўны інтэрвал у 24-28 гадзін, які залежыць ад пароды і тэмпературы ўтрымання. Алег і Наталія разводзяць як “тэхасцаў” – белых перапёлак яйца-мясной пароды, так і залацістых маньчжурцаў. Любы з відаў перапёлак вельмі хутка расце, а таму і хутка акупляецца. Максімальную вагу птушкі нарошчваюць праз чатыры месяцы, і хоць з тушкі атрымліваюць 400 грамаў мяса – усё ж гэта далікатэс, як і дыетычныя яйкі. Пры практычна аднолькавай каларыйнасці з курынымі іх перавага ў намнога большым (у некалькі разоў) утрыманні вітамінаў і мікраэлементаў. Так, па аб’ёме яны саступаюць: на адно курынае патрэбна 4-5 перапяліных, аднак выкарыстоўваюцца ў любыя стравы і лічацца карыснымі сырымі. Як і булён, халадзец. Ну а які мяккі атрымліваецца “цыплёнак-табака”. Завялі размову пра мясную гастраномію, хоць і не ў ёй асноўны сэнс, невыпадкова. Бо калі разводзіць птушак самім, праз інкубатар (самкі яйкі не выседжваюць), то вылупіцца прыблізна палова “хлопчыкаў”. І хоць іх таксама пакідаюць у разліку адзін самец на 4-5 самак, зразумела, што большая частка пойдзе менавіта ў суп.

На адным квадратным метры можна трымаць 80-100 перапёлак. А калі пабудаваць мнагаярусную клетку, то магчыма і паўтысячы.

У Алега і Наталіі зараз каля 80 птушак. Так многа, бо нядаўна гасцілі і летам зноў прыедуць пяцёра ўнукаў, для якіх перапёлкі яшчэ і забава. Кормяць іх траўкай, назіраюць, як яны па чарзе прымаюць ванны з пяску і попелу. Догляд за імі нескладаны: спецыяльны камбікорм і вада, зацененае месца, у моцныя маразы скарочанае да дзвюх клетак пагалоўе прыносяць у дом. “Мы ўсім раім заводзіць гэту птушку, нават у кватэрах. Трымаюць жа папугаяў, дык у такой жа па памеры клетцы 5 перапёлак памесціцца: і дыетычныя яйкі будуць, не гаворачы пра тое, што ёсць дэкаратыўныя пароды”, – прыводзіць пераканаўчыя перавагі Наталія Аляксееўна. Таксама для здаровага харчавання набылі Біраны і коз, гіпаалергенным малаком малых пояць, сыры рэгулярна вараць. У іх раздолле, можна трымаць. Гэтае месца выбірала маці Алега, якая пераехала сюды ў дзевяностых. Сын дапамагаў абжывацца, неаднойчы прыязджаў на Ушаччыну, ды і кажа, што ў якіх бы краях ні бываў, заўсёды марыў вярнуцца ў Беларусь – на радзіму продкаў і месца жыхарства сясцёр. Так на пенсіі і перабраліся ў апусцелы домік, паступова мяняючы яго пад сябе. Любяць натуральны матэрыял. І гаспадар, які ладзіць з дрэвам, абшыў ім сцены прасторнай кухні-гасцінай, пабудаваў шафы і вешалкі. А ў зале і спальні ўсё завешана “алмазнымі” работамі жонкі. “Было б менш гадоў, трымалі б вялікую гаспадарку. Вітаем моладзь накшталт нашых суседзяў з Заазер’я, якая не баіцца вясковага жыцця. Сёння ж можна стварыць умовы як у горадзе, ну і навошта туліцца па здымных кватэрах і палову зарплаты аддаваць за іх”, – перакананы масквічы, якія злавілі сябе на думцы, што калі вяртаюцца аднекуль, даўно гавораць: “Паедзем дамоў ва Ушачы”.

Сям’я Біранаў – цікавыя суразмоўцы. Алег Гаррыевіч працяглы час быў радыямайстрам на даследчым судне, працаваў на чыгунцы, у пошуках сябе і для сябе дадаткова атрымаў тэалагічную адукацыю. Наталія Аляксееўна – ветэран атамнай прамысловасці з 40-гадовым стажам, былы супрацоўнік навукова-даследчага інстытута неарганічных матэрыялаў, вядучага ў Расіі па распрацоўцы ядзернага паліва.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *