Ёсць аб’екты рэспубліканскія, ёсць раённыя, а ёсць мясцовага ці нават местачковага значэння. Ім ніколі не трапіць на дзяржаўнае фінансаванне, паколькі заўсёды знойдуцца задачы больш надзённыя і патрэбныя. Дык што ж, адмаўляцца ад сваёй задумы? Не, паколькі існуе другі варыянт. Зрабіць самім! Менавіта так і рашылі жыхары Старынкі Жарскага сельсавета, калі паставілі мэту аднавіць масток, што злучае іх вёску праз рэчку Ідута. Некалі менавіта па ім ішла асноўная дарога, быў ён хоць і драўляны, аднак шырокі і трывалы нават для машын і трактароў. А потым заезд у вёску зрабілі праз асфальтаваную шашу, аднак да магазіна, могілак, адзін да аднаго на госці людзі так і працягвалі хадзіць напрамкі. Лішні ж круг – з кіламетр!
Толькі дрэва з сямідзясятых гадоў струхнела, на поручні спадзявання не было – у любы момант правалішся. Старшыня Жарскага сельвыканкама Святлана Цімафееўна Міхейка параіла пераняць вопыт блізкага Гарадца, дзе нават два масты будавалі грамадой. А каардынаваць работы пагадзіўся Валерый Афанасьеў (на здымку) – ініцыятыўны рукасты мясцовы жыхар, які ў 90-я гады набыў тут домік.
– Ведаеце, літаральна ўсе прынялі ўдзел – і мясцовыя, і дачнікі. Няхай нехта не адразу пагадзіўся, па некалькі разоў усе хаты абыходзіў, аднак галоўнае – вынік, – расказвае Валерый Уладзіміравіч. – Ніякай таксы мы не вызначалі, даходы ва ўсіх розныя. Хто, як Андрэй Чэвідаеў, дапамагаў будаваць, варыць, з тых вырашылі грошай не браць. Наогул сродкі спатрэбіліся толькі на набыццё спецыяльных лістоў, не суцэльных, а з адтулінамі пад вуглом, каб не абледзянелі, з якіх і робяць пераходы над чыгуначнымі лініямі. Задумалі зрабіць на працяглы час, таму і спыніліся на метале.
Самыя вялікія жалезныя трубы, што злучылі два берагі, тут знаходзіліся раней, ацынкаванымі на поручні падзяліўся дачнік з Мінска Андрэй Павуціна, металам – Пётр Цвяцінскі і Фёдар Пугачоў, Арцём Лапіцкі з Барысава прывёз шлангі і прапан. Ну а галоўным памочнікам для Валерыя аказаўся Мікалай Мазурэвіч. Зварылі, пафарбавалі і вось – прыгажосць.
Дарэчы, Валерый Уладзіміравіч катэгарычна адмаўляўся браць на сябе лаўры арганізатара і фатаграфавацца аднаму. Толькі ўсе ці занятыя аказаліся, ці далёка ад вёскі. Ды і спадар Афанасьеў, паказваючы свае ўладанні, мімаходам зазначыў, што калі б не наш візіт, дык ён сценку ваннай ужо б завяршыў. Аднак не адмовіць у просьбе, таму мотаблокам ці транспартам дапамагае ўсім, хто папросіць. А зрабіць былы марак можа сапраўды усё. Вагонка – уласнай вытворчасці, перакладзеная печ, водаправод – таксама. А хуткасць работ якая! На завяршэнне рамонту дому, у якім, як кажуць, конь не валяўся, ён адвёў сабе толькі месяц. Усяго то і спраў, што калідор разбурыць, кухню пашырыць, веранду абшыць… Ва ўмелага гаспадара родам з Сержаноў ужо летняя альтанка і гасцявыя ацяпляльныя пакоі, парнікі і сажалка з карасямі, сад з персікамі ды абрыкосамі. Рай сваімі рукамі і выключна з выдатным настроем.
- “Ведаеце, галоўнае нават не ў тым, што ёсць масток, а што такія дружныя людзі ў нас жывуць. Нягледзячы на тое, што адны ўсяго пару разоў ім скарыстаюцца – няма патрэбы, а другія прыязджаюць толькі на лета, аказалася, што ўсе любяць нашу паўастраўную Старынку”, – задаволена зазначыў на развітанне Валерый.
Вольга Караленка.