Контроль, помощь, развитие: рабочая группа оценила готовность туробъектов Ушаччины

Общество Ушаччина туристическая

Амаль два дзясяткі аб’ектаў у розных кутках раёна наведала рабочая група ў час традыцыйнага перадсезоннага аб’езду турыстычных кропак Ушаччыны. І трэба адзначыць, што маршрут гэты пакрысе прырастае – сёлета, напрыклад, па дарозе ў Мірны, дзе размешчаны дом паляўнічага Ушацкага лясгаса, мы завярнулі на Тартак, бо мінулым летам лесаводы абсталявалі тут зоны адпачынку на беразе ўзятага ў арэнду вадаёма.

На здымку: гаспадыня аграэкасядзібы “Рыбакова хата” Ірына Навагродская распрацавала для турыстаў некалькі дзясяткаў тэматычных краязнаўчых маршрутаў па наваколлі вёскі Белае, а ў яе калекцыі сабрана больш тысячы рарытэтных прадметаў, што датычацца розных этапаў гісторыі тутэйшых мясцін.

● Пачатку масавага сезона было прысвечана пасяджэнне міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па пытаннях развіцця турызму. На Ушаччыне ёсць усё, каб стаць прыцягальным для турыстаў рэгіёнам: выдатная прырода і экалогія, пэўная інфраструктура, але каб атрымліваць ад гэтага прыбытак, трэба развівацца больш інтэнсіўна, прыцягваць інвестараў, актыўна і крэатыўна сябе рэкламаваць.

Вядома ж, прадстаўнікі пажарнай, экалагічнай, санітарнай службаў, турыстычнай і юрыдычнай галіны адпраўляюцца ў такое падарожжа не з простай цікавасці: іх мэта – высветліць, наколькі гатовы ўшацкія аб’екты да масавага прыёму гасцей, указаць на недахопы, якія варта тэрмінова ўхіліць, каб адпачынак на Ушаччыне прынёс людзям толькі станоўчыя эмоцыі.

Так, вельмі засяроджана аглядаў кожную пабудову, ацэньваў спраўнасць ацяпляльнага абсталявання, сачыў, каб паўсюдна былі ў наяўнасці вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Сафронаў. А прадстаўнікоў РЦГЭ найперш цікавіла забеспячэнне аб’ектаў якаснай вадой і стан харчаблокаў.

Зрэшты, у рабочай групы была не толькі кантрольная місія: спецыялісты адказвалі на пытанні, імкнуліся паспрыяць вырашэнню праблем. А яны ў суб’ектаў турыстычнага бізнесу, вядома ж, узнікаюць. Нашы аграэкасядзібы знаходзяцца пераважна ў глыбінцы, і відавочна, што пры іх стварэнні ў запаведных месцах гаспадары не разлічвалі на ідэальную лагістыку. Але хацелі б, каб належным чынам абслугоўваліся гравійкі, а прадстаўнікі мясцовай улады дапамагалі вырашаць надзённыя пытанні.

Як гэта было, напрыклад, у сітуацыі з сядзібай “Бераг мары”, размешчанай на ўездзе ў вёску Белае. Па гэтым участку дарогі аўтамабілі рухаюцца даволі шпарка, уздымаючы аблокі пылу, і ўладальнікі тураб’екта звярнуліся ў дзяржаўтаінспекцыю з просьбай устанавіць тут знак абмежавання хуткасці. “Хочам выказаць падзяку начальніку аддзялення ДАІ Мікалаю Гаўрылюку за ўвагу і неабыякавасць – як бачыце, нам пайшлі насустрач!”, – канстатавалі Генадзь і Таццяна Лапіцкія, паказваючы на знак з лічбай “40”. Мы ж адзначылі, што з мінулага лета тэрыторыя сядзібы стала яшчэ прыгажэй – муж і жонка не шкадуюць для гэтага сіл і сродкаў. За дэбютны сезон яны прынялі 85 чалавек – магчыма, было б і больш, але зрабілі акцэнт на сямейным адпачынку і адмовіліся ад шумных кампаній, што прыязджаюць на выхадныя павесяліцца. “Вось толькі складана самім бялізну мыць”, – зазначыла гаспадыня і была рада пачуць, што такую паслугу зараз аказваюць у пральні новага ўшацкага інтэрната для спартсменаў.

Выключна ў пазітыўным ключы выказваліся пра стасункі з мясцовай уладай гаспадары аграэкасядзібы “Дольчэ Віта” Андрэй і Святлана Барэйкі: “У нас вялікая тэрыторыя, але госці жадаюць прагуляцца і па наваколлі, пакатацца на квадрацыкле – была, праўда, адна непрыемная акалічнасць: адразу за нашай вёскай утварылася звалка, куды на працягу некалькіх год несумленныя людзі звозілі бытавое смецце. Мы разам з іншымі жыхарамі Корсакава вырашылі арганізаваць суботнік, а старшыня Сарочынскага сельвыканкама Віталь Клімашэўскі ахвотна падтрымаў ініцыятыву: дапамог знайсці транспарт для вывазу адходаў, да справы далучыўся нават “Амкадор”, які ліквідаваў усе “прыкметы” былога сметніка”.

“Хоць ёсць асобныя недапрацоўкі, у цэлым можна канстатаваць, што правераныя аб’екты гатовы прымаць гасцей і радаваць іх якасным адпачынкам”, – падводзіць вынік дырэктар турцэнтра Ушацкага раёна Дар’я Мілая.

Трэба сказаць, што сёлета да рабочай групы далучыліся і члены журы раённага конкурсу на лепшую аграэкасядзібу, які ўпершыню праводзіць прыгаданая вышэй арганізацыя. Ацэньваць удзельнікаў будуць па цэлым комплексе крытэрыяў: ад паказчыкаў дзейнасці за год да ўзроўню гасціннасці, захавання мясцовых традыцый і прапаганды здаровага ладу жыцця. У час паездкі прайшоў стартавы этап конкурсу, падчас якога гаспадары пастараліся крэатыўна прэзентаваць свае сядзібы. Мы яшчэ вернемся да гэтай тэмы і падрабязней раскажам пра ўсіх удзельнікаў.

Вынікі ж будуць падведзены толькі ў верасні, а адным з прызоў для пераможцаў стане размяшчэнне звестак пра аб’ект на рэкламным білбордзе, што ўстановяць на рэспубліканскай трасе ля Сарочына. Банер вырабяць за кошт бюджэтных сродкаў, вылучаных на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *