В сердце природы: в Ушачах открылась экотропа с живописной смотровой площадкой

Благоустройство Общество

Унікальная прырода і добрая экалогія – бясспрэчныя казыры нашага раёна. І канечне, нам трэба больш плённа выкарыстоўваць свой багаты патэнцыял. Нядаўна ў гэтым напрамку зроблены яшчэ адзін крок: Ушацкі лясгас абсталяваў цудоўную экасцяжыну, якая стане новай славутасцю раёна і ўвойдзе ў турыстычныя маршруты.

Трэба сказаць, што месца для аб’екта падабралі вельмі ўдалае: пралягае сцяжына па лясных угоддзях непадалёк ад гарадскога пляжа на Вечаллі, а распачынаецца побач з Ушацкім лясніцтвам. Маляўнічую шыльду ля дарогі дакладна не прапусціш! Мы ж, канечне, паспяшаліся апрабаваць маршрут, ледзь толькі даведаліся пра яго адкрыццё. Меркавалі стаць першымі, ды дзе там! Дружная кампанія дзяцей і дарослых, якую ўбачылі на ўваходзе, прыйшла сюды ўжо ў другі раз. Гэта, зрэшты, і нядзіўна, бо ў ліку падарожнікаў аказаліся родныя перадавога работніка лясгаса Міхаіла Карабаня. “Трэба ж ацаніць тое, над чым разам з калегамі так старанна працаваў наш тата і дзядуля!”, – не без гонару паведамілі нам дачка і ўнучка лесавода.

Мы ж тым часам сабралі ўласную паходную кампанію, запрасіўшы ў яе работніцу Ушацкага лясніцтва Раісу Качан. Жанчына аказалася выдатным экскурсаводам, бо таксама шчыравала на ўладкаванні сцяжыны і ведае ўсё “знутры”.

Водар векавых соснаў, спевы птушак і вялікі мурашнік, сунічная палянка і кусцікі чарніц – гэта для тых, хто стаміўся ад гарадскіх будняў і прыйшоў атрымаць асалоду ад натуральнай прыроды. “Разынка” маршруту – шыкоўная аглядавая пляцоўка, вакол якой – некранутыя лясныя пейзажы, а ўнізе – звілістая рачулка, што выцякае з Дземенца (мясцовыя называюць яе Крывухай). Дзе знойдзеш лепшы антураж для каларытных сэлфі?

Заўсёды ёсць тыя, хто хоча пачарпнуць з кожнай вандроўкі новыя веды – такім людзям на экасцяжыне дакладна спадабаецца! На ўсім яе маршруце размешчаны стэнды з разнастайнай інфармацыяй, і пад канец прагулкі мы ведалі, што каб пры ўзгаранні агонь не распаўсюдзіўся па лясных кварталах, лесаводы робяць мінералізаваныя палосы і супрацьпажарныя разрывы; вялікая сінічка, мухалоўка, шпак і лазараўка – іх лепшыя сябры, бо дапамагаюць знішчаць шкоднікаў; верхавінкі пабегаў маладых дрэўцаў бываюць белымі не з-за хваробы, а таму што іх апрацоўваюць спецыяльным сродкам, каб зберагчы зімой ад паядання ласямі і казулямі. І дакладна нялішняй стала інфармацыя, што ў ілжывай апенькі зямлісты пах і няма “спаднічкі”, а прыгожы чырванакніжны ландыш – расліна ядавітая: пасля кантакту з ёй трэба мыць рукі. Дарэчы, стваральнікі паклапаціліся пра тое, каб прагулка па экасцяжыне была бяспечнай.

“Мы хацелі, каб людзі змаглі ўбачыць, як наладжана лясная гаспадарка, даведацца, наколькі няпростая і шматгранная праца ў лесаводаў, усвядоміць, што наша прырода вельмі прыгожая і яе неабходна берагчы!”, – так акрэсліў мэту праекта дырэктар Ушацкага лясгаса Аляксей Апёнак. Да слова, і сам ён унёс значную лепту ў яго рэалізацыю: менавіта Аляксею Мікалаевічу належала ідэя ўзвядзення аглядавай пляцоўкі.

“Над гэтым аб’ектам працаваў увесь лясгас, – зазначае намеснік па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства Вераніка Пацэйка. – Асаблівую ж падзяку хочацца выказаць супрацоўнікам Ушацкага лясніцтва і ляснічаму Андрэю Падвойскаму, які не толькі ўмела арганізоўвае падначаленых, а і сам заўсёды гатовы ўзяць у рукі рабочы інструмент, будаўнічай брыгадзе, што ўзводзіла канструкцыі, памочнікам з іншых лясніцтваў і падраздзяленняў. Можна нават сказаць, што экасцяжына згуртавала ўсіх лясгасаўцаў. Дарэчы, кропку ў праекце мы яшчэ не паставілі і плануем многае ўдасканаліць. І канечне, лепшай узнагародай за нашу працу будуць пазітыўныя эмоцыі землякоў. Спадзяёмся, што гэты аб’ект прывабіць на Ушаччыну турыстаў і мы ўнясём дастойную лепту ў рэалізацыю ключавога напрамку стратэгіі развіцця нашага раёна. А яшчэ вельмі хочацца, каб людзі беражліва ставіліся да таго, што зроблена для іх”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *