Ушачане приняли участие в XIII Международном «Вишнёвом фестивале» в Глубоком

Культура

На гэтым тыдні вектар культурнага жыцця Віцебшчыны перамясціўся ў Глыбокае, дзе ўжо ў 13-ты раз прайшоў “Вішнёвы фестываль”.

 

Традыцыйна актыўны ўдзел у брэндавым свяце суседзяў прынялі ўшачане. Распачаў яго шырокую праграму міжнародны маладзёжны форум “Вішнёвы фармат”. Як аказалася, у расійскім горадзе Увараве таксама праходзіць прысвечаны гэтай ягадзе фэст – удзельнікі з Тамбоўскай вобласці далучыліся да адкрытага дыялогу, падчас якога размова ішла пра падабенства і асаблівасці нашых культурных традыцый. Актыўнасць тут праявіла і ўшацкая моладзь. А наш Яўген Крывёнак нават атрымаў ад расійскіх гасцей прыгожую футболку – у якасці прыза за крэатыўную ідэю: запрасіць на фестываль, які, дарэчы, называецца “Вішневарава”, здымачную групу АНТ, каб расказаць пра яго беларускім гледачам.

“Паездка была яркай і пазнавальнай: мы пабывалі таксама ў рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы, на выставе “Традыцыі і культура Японіі”, на этна-вечарынцы. Вядома ж, такія мерапрыемствы маюць не толькі забаўляльную мэту, яны спрыяюць развіццю рэгіёнаў, рэкламуюць іх культурны і турыстычны патэнцыял”, – падзялілася з намі ўдзельнніца ўшацкай дэлегацыі Маргарыта Далжонак.

Не абышлася праграма свята без выступлення нашай “Ушачаначкі” – творчы калектыў парадаваў гледачоў і папоўніў сваю багатую скарбонку дыпломам ад арганізатараў. А ўдзельнікі народнай студыі “Адраджэнне” паказалі сябе ў абласной выставе-конкурсе галаўных убораў “Справа ў капелюшы”. Высокі ўзровень майстэрства рукадзельніцы Ганны Бабянок у мастацтве саломапляцення для нас, канечне, не навіна: яе стыльныя ўборы да твару любой прыгажуні – ды вы і самі гэта бачыце! Сведчыць пра тое і дыплом ад журы конкурсу.

Да слова, у чэрвені жыхары Глыбокага змаглі ацаніць таленты і іншых удзельнікаў “Адраджэння” – у мясцовым Доме рамёстваў ладзілася выстава “Майстры Ушаччыны прадстаўляюць…”, на якой былі работы Святланы Гарыслаўкі, Марыны Герцык, Леаніда Лісоўскага, Лідзіі Хамічонак, Айгуль Смык, Аксаны Гардзіёнак, Лідзіі Чальян, Дзіны Кулагі і іншых ушацкіх майстроў. “У нас усталяваліся сяброўскія сувязі з глыбоцкім творчым клубам “Крыніца”, вось і вырашылі паказаць суседзям свае вырабы. У рамках прэзентацыі экспазіцыі правялі з калегамі “круглы стол”: падзяліліся ідэямі і напрацоўкамі, абмеркавалі будучыя сумесныя праекты”, – расказала нам кіраўнік студыі С.Гарыслаўка.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымках: ушацкая моладзь у гасцях у Вішнёвай каралевы; удзельніцы “Адраджэння” С.Гарыслаўка, А.Бабянок, М.Герцык.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *