Вызваленне нашай краіны ад фашысцкіх захопнікаў стала кропкай адліку новага этапу гісторыі. І за 80 год Беларусь прайшла каласальны шлях ад аднаўлення народнай гаспадаркі да інавацыйных праектаў будучага. Менавіта гэтая тэма разглядалася ў працоўных калектывах падчас чарговага Адзінага дня інфармавання.

На савецкім падмурку
За гады вайны эканоміка рэспублікі была адкінута на ўзровень 1913 года. Акупанты знішчылі больш паловы нацыянальнага багацця, аднак самаадданая праца беларусаў дазволіла ў кароткі час аднавіць народную гаспадарку. У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі былі ўзведзены нашы флагманы МАЗ, МТЗ і БелАЗ, пабудаваны Бярозаўская і Лукомльская ДРЭС, Навополацкі і Мазырскі НПЗ, Беларускі металургічны завод, Салігорскі калійны камбінат. А пасля заканчэння савецкай эпохі ў нашай краіне захавалі ўсе лепшае, каб на гэтым падмурку грунтаваць далейшае развіццё.
У Беларусі няма вялікай колькасці карысных выкапняў, таму стаўку мы робім на развіццё высокіх тэхналогій. Сёння ў краіне рэалізуюцца шэсць комплексных “праектаў будучага”: “Нацыянальны электратранспарт”, “Біятэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе”, “Дакладнае земляробства”, “Інавацыйная ахова здароўя”, “Біятэхналогіі для фармацэўтыкі”, “Разумныя гарады Беларусі”. Менавіта яны павінны стаць кропкамі росту для нацыянальнай эканомікі.
Мірны атам
Суверэнная Беларусь не толькі заваявала космас, але і ўвайшла ў “Клуб краін мірнага атама”. Стратэгічнае рашэнне аб будаўніцтве БелАЭС, прынятае ў 2008 годзе, стала прынцыпова важным для ўстойлівага доўгатэрміновага развіцця краіны і павышэння нацыянальнай бяспекі. Сёння БелАЭС забяспечвае звыш 40% унутраных электраспажыўцоў краіны. Беларусь у ліку сусветных лідараў па долі атамнай генерацыі ў агульным энергабалансе краіны.
● У цяперашні час толькі ў 32 краінах маюцца атамныя энергаблокі, і Беларусь у іх ліку.
IT-краіна
Беларусь стала сучаснай IT-краінай. У 2005 годзе адкрыўся Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), які стаў паспяховай галіной беларускай эканомікі, створанай з нуля ў перыяд незалежнасці рэспублікі. Сёння ён фарміруе да 4% валавога ўнутранага прадукту і забяспечвае 30% экспарту паслуг усёй Беларусі.
● У 2024 годзе экспарт ПВТ склаў 1,8 млрд долараў ЗША. Ён стаў вядучым IT-кластарам у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Паслугі рэзідэнтаў Парка запатрабаваныя ў больш чым 150 краінах свету, на ўсіх кантынентах і нават у Антарктыдзе.
Яшчэ адзін унікальны тэхналагічны праект – “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя” (БНБК), аналагаў якой няма ў Еўропе. Гэта не проста найбуйнейшы аграхолдынг, а знакавы праект па глыбокай перапрацоўцы збожжа з атрыманнем незаменных амінакіслот, камбікармоў, прэміксаў, у якіх маюць патрэбу аграрыі ўсяго свету.
У лідарах па экспаце прадуктаў
Сучасная Беларусь – адна з нямногіх краін свету, якая цалкам забяспечвае харчовую бяспеку (сярод дзяржаў – членаў ЕАЭС дасягнуты самы высокі ўзровень – 96%). За апошнія тры дзесяцігоддзі забяспечанасць збожжам, мясам, малаком на душу насельніцтва вырасла ў 2 разы, агароднінай – у 3. Наша краіна знаходзіцца ў топ-5 сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі. Узровень самазабеспячэння Беларусі малаком і малочнымі прадуктамі складае больш за 280%, мясам і мясапрадуктамі – каля 140%.
● Беларускія прадукты прадстаўлены ў больш чым 100 краінах свету, а агульная сума іх экспарту – каля 8 млрд долараў.
Едуць да нашых медыкаў
У інавацыйным рэчышчы развіваецца медыцына. Сучасная беларуская транспланталогія – перадавая галіна, таму да нас з’язджаюцца пацыенты з усіх куткоў планеты. Прагрэсіўныя метады лячэння беларускіх кардыёлагаў, нейрахірургаў, распрацаваныя нашымі навукоўцамі новыя спосабы барацьбы з ракам з дапамогай клеткавых тэхналогій – тое, чым мы можам ганарыцца. Але галоўнае ў ахове здароўя не толькі сучаснае абсталяванне, а і кваліфікаваныя кадры. Па забяспечанасці насельніцтва медыцынскімі работнікамі Беларусь апярэджвае многія еўрапейскія краіны.
Прамысловыя брэнды
Як ужо прыгадвалася, мы захавалі і пераўтварылі практычна ўсе буйныя вытворчасці.
● Каля 80% вырабленых у СНД трактароў – беларускія.
Зараз у лінейку найбольш вядомых нацыянальных брэндаў краіны ўваходзяць: тэхніка Мінскага завода колавых цягачоў, “Гомсельмаша”, “Белкамунмаша”, “Амкадора” і іншых прадпрыемстваў машынабудавання; прадукцыя “Атланта”, “Гефеста”; адзенне ад “Элемы”, “Світанка”, “Mark Formelle”, “Мілавіцы”; усім знаёмыя брэнды “Санта Брэмар”, “Маціяс”, “Савушкін прадукт”, “Камунарка” і “Спартак”; а таксама ракетная сістэма залпавага агню “Паланэз”, іншая прадукцыя абароннага сектара эканомікі.
* * *
Такім чынам, дзякуючы рашучасці беларускага лідара, працавітасці грамадзян і прыняцця вывераных рашэнняў наша краіна ўпэўнена рухаецца наперад у сваім развіцці. І сёння мы маем сур’ёзныя кропкі росту, якія будуць вызначаць развіццё ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
“Свет велізарны, а Беларусь у нас адна. Памятаеце пра сваю Радзіму. Шануйце і беражыце мірнае неба над нашай краінай”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.