Маштабна і ўзнёсла Беларусь адзначыла адметную дату сваёй суверэннай гісторыі – 20 ліпеня 1994 года А.Лукашэнка афіцыйна ўступіў у пасаду Прэзідэнта краіны.
Аляксандр Рыгоравіч прынёс тады клятву верна служыць свайму народу – і слова стрымаў! За тры дзесяцігоддзі яго кіраўніцтва Беларусь ператварылася ў моцную квітнеючую дзяржаву.
Галоўнай пляцоўкай святкавання стаў сталічны Палац спорту, дзе сабраліся патрыёты з усіх куточкаў краіны, каб прадэманстраваць адзінства беларусаў і выказаць Прэзідэнту шчырую падзяку. Атмасфернай і вельмі масавай атрымалася ўрачыстасць і ў Віцебску – больш шасці тысяч жыхароў Прыдзвіння прайшлі прыгожымі калонамі па цэнтральнай вуліцы горада, разгарнулі на Плошчы Перамогі вялізнае палотнішча са слоганам “За Бацьку!” і правялі ў Летнім амфітэатры патрыятычны форум “30 год пад знакам якасці”. Вялікае прадстаўніцтва на ім меў і наш раён, дэлегацыю якога ўзначалілі старшыня райвыканкама Сяргей Садоўскі і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня райсавета Наталля Марковіч.
Да слова, удзельнікаў мерапрыемства ў горадзе можна было пазнаць яшчэ да яго пачатку. Вызначалі актывістаў не толькі дзяржаўныя сцягі і плакаты ў падтрымку кіраўніка дзяржавы, а і адзенне: дамовіліся, што для народнай акцыі лепш падыдуць не ўборы дзелавога стылю, а зручная летняя вопратка – і людзі прыйшлі на форум у футболках з выявамі дзяржаўнай сімволікі, вышыванках з васількамі і, канечне, мерчы прэзідэнцкага брэнда “Першы” з трапнымі выказваннямі нашага лідара.
Адкрыў жа форум Дзяржаўны гімн, для выканання якога на галоўную сцэну вобласці ўзняўся зводны хор прадстаўнікоў усіх раёнаў. У іх ліку былі людзі розных прафесій і сацыяльных груп, а голас Ушаччыны ў велічную гарманічную палітру дадалі мнагадзетныя сем’і Сакаловых і Рэвенка.
Юбілей інстытута прэзідэнцтва даў нагоду ацаніць не толькі сучаснае, а і мінулае суверэннай Беларусі, каб усвядоміць, з якога незайздроснага “стартавага матэрыялу” ўдалося пабудаваць цяперашнюю краіну. Пасля развалу СССР для нашай маладой дзяржавы надышоў час эканамічнага хаоса і палітычных аванцюр, сацыяльнага і духоўнага крызісу.
“Беларусь, як вытворца канчатковай прадукцыі, найбольш востра адчула наступствы разбурэння адзінага народна-гаспадарчага комплексу… Узнікалі перадумовы, каб наша краіна апынулася пад знешнім кіраваннем. Былі спробы расцягнуць лепшыя кавалкі дзяржуласнасці, а народ пакінуць жабраком…”, – прыгадваючы гэты перыяд, зазначаў А.Г.Лукашэнка ў сваім выступленні на пятым Усебеларускім народным сходзе.
І менавіта моцны лідар здолеў аб’яднаць усіх, хто жадаў краіне росквіту, выступіў гарантам стабільнасці і бяспекі нашай дзяржавы. Беларусь стала эканамічна незалежнай, змагла захаваць і прымножыць агульнанародную ўласнасць.
Ужо з першых гадоў кіравання Прэзідэнта ключавым элементам унутранай палітыкі стала бескампрамісная барацьба з карупцыяй – і зараз усе ведаюць: “недатыкальных” у краіне няма, пазбегнуць адказнасці не дапамогуць ні грошы, ні статус. І згубную з’яву ўдалося ўтаймаваць: зараз у агульнай структуры злачынстваў карупцыйныя займаюць не больш 2-х працэнтаў.
Красамоўная і наступная лічба: калі ў сярэдзіне 90-х за рысай беднасці знаходзілася больш трэці беларусаў, то цяпер узровень малазабяспечанасці складае ўсяго 3,6 працэнта. Прэзідэнт неаднойчы падкрэсліваў, што сацыяльная дзяржава – наш нацыянальны брэнд, і на падтрымку могуць разлічваць усе яе грамадзяне. Гэтыя і іншыя факты прыгадваліся на віцебскім форуме.
Пра гісторыю і сучаснасць нашай Радзімы, ролю Прэзідэнта і сапраўдных патрыётаў Беларусі ў яе станаўленні і развіцці са сцэны амфітэатра казалі старшыні аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Субоцін і Дзмітрый Дзямідаў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па нашым рэгіёне, міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Ліневіч, памочнік Презідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Мялешкін. Кранальна перадавалі сваю павагу да Аляксандра Рыгоравіча прадстаўнікі старэйшага пакалення, асабліва вылучаючы яго намаганні ў справе захавання гістарычнай памяці. Клятву вернасці дзяржаве прынесла моладзь. Ледзь хапіла вялікай сцэны, калі на яе ўзняліся актывісты грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, якія, дарэчы, і сталі ініцыятарамі патрыятычнай акцыі. Павіншаваць Прэзідэнта змаглі ўсе прысутныя ў амфітэатры, запісаўшы агульны відэазварот.
“Удзел у патрыятычным форуме – гэта магчымасць выказаць адданасць роднай краіне, даць ацэнку зробленаму за тры дзесяцігоддзі – а яны сапраўды прайшлі пад знакам якасці.
Выдатна, што сёння тут шмат моладзі: думаецца, падчас акцыі яна атрымала моцны ўрок патрыятызму. Прывіваць правільны светапогляд, фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю трэба з маленства. Менавіта таму на свята я прыехаў з дзецьмі”, – зазначыў кіраўнік нашага раёна С.Садоўскі.
На працягу ўсяго дзейства ў зале не змаўкалі апладысменты і, як пазней казалі ўдзельнікі нашай дэлегацыі, крэслы амфітэатра ў гэты дзень былі практычна непатрэбнымі, бо літаральна ўсе нумары праграмы людзі сустракалі стоячы. Мнагатысячны форум падпяваў радкі хітоў, якія пайшлі ў народ – пра тое, што хата бацькоў не прадаецца, любімую не аддаюць, а Бацька ў нас круты. З першых год прэзідэнцтва гэтае свойскае імя замацавалася за А.Лукашэнкам – такім чынам беларусы падкрэсліваюць яго аўтарытэт, блізкасць да зямлі і людзей. Спрадвеку ў нашых мясцінах лічылася, што бацька – гэта першы сярод роўных. Улада ж у сучаснай Беларусі менавіта такая – свая, народная, з сапраўдным нацыянальным лідарам, які ведае, як пастаяць за суайчыннікаў.
Сям’я ЦЕРАШКАЎЦОЎ, аграгарадок Глыбачка:
“Гэты дзень запомніцца надоўга. Выступаць на публічных мерапрыемствах даводзілася і раней, але выйсці на галоўную сцэну вобласці – канечне, вельмі адказна і хвалююча! Узняліся мы на яе разам з прадстаўнікамі іншых раёнаў, якія ў розныя гады бралі ўдзел у праекце “Уладар сяла”, каб выказаць такім чынам падтрымку нашаму Прэзідэнту і яго палітыцы – у тым ліку і ў справе павышэння дабрабыту маладых сем’яў, паляпшэння якасці жыцця вяскоўцаў. Плён вялікай дзяржаўнай падтрымкі мы адчуваем на сабе”.
Ніна Іосіфаўна ЕСІПАВА, пенсіянерка:
“Калі ў 1994-м прыйшла на выбарчы ўчастак, з шасці кандыдатур менавіта Аляксандр Лукашэнка неяк адразу выклікаў давер і сімпатыю. За яго і прагаласавала ў абодвух турах. А на выбарах 2001 года ўвайшла ў ініцыятыўную групу па яго вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты, сабрала шмат подпісаў і пазней атрымала Ліст падзякі ад Аляксандра Рыгоравіча. Да таго ж мяне запрасілі ў Мінск на ўрачыстасць з нагоды яго ўступлення на пасаду – такія моманты, канечне, запамінаюцца на ўсё жыццё. Трыццаць год з гонарам сачу за дзейнасцю Прэзідэнта, горача падтрымліваю яго палітыку. Асабліва ж хачу падкрэсліць клопат дзяржавы пра старэйшае пакаленне. У нас дастойная пенсія – ведаю, што расходы на яе выплату складаюць каля 9 працэнтаў унутранага валавога прадукта, а гэта значная лічба. Кожны пажылы беларус можа разлічваць на медыцынскую дапамогу і ўвагу сацыяльных службаў. І нават пра наш вольны час дзяржава клапоціцца, адкрываючы аддзяленні, дзе мы можам збірацца, развіваць таленты. Рада, што калісьці не памылілася ў сваім выбары!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.