Обряд «Зажинки» дал официальный старт уборочной в Ушачском районе

Сельское хозяйство

Такі кароткі і ёмісты наказ даў кіраўнік нашай дзяржавы беларускім хлебаробам перад сёлетнім жнівом. Гучалі гэтыя словы і падчас абраду “Зажынкі”, які па традыцыі ладзіўся на Ушаччыне на старце ўборачнай.

Надвор’е будзе ўвесь час такое: дождж, суха, сонечна, дождж… Падобнага года яшчэ на нашай памяці не было!”, – меркаванне Прэзідэнта, выказанае некалькімі гадзінамі раней на рэспубліканскай селектарнай нарадзе, тут жа праілюстравалі палявыя ўшацкія рэаліі. У пачатку дзейства, што разгарнулася на ячменных палетках за завячэльскім комплексам, залатыя каласы лагодна шамацелі і песціліся ў цёплых ліпеньскіх промнях, а ўдзельнікі “Зажынак” задаволена зазначалі, што нябесная канцылярыя, відаць, прадугледзела для годнай справы пагоднае акно. Але адкуль ні вазьміся наплылі шэрыя аблокі – і апошнія акорды свята гучалі ўжо пад акампанемент нуднай імжы…

Ды ўсё ж настрой удзельнікам жніўнага абраду гэта не сапсавала. І хоць яго сцэнарый штогод падобны, але калі бачыш, як лунаюць у паветры замацаваныя на камбайнах беларускія сцягі, як перад пачаткам урачыстасці паціскаюць адзін аднаму рукі механізатары з розных гаспадарак, міжволі пранікаешся ўзнёслым перадстартавым хваляваннем! У бліжэйшыя некалькі тыдняў на жніўных палетках мы будзем угаворваць іх на хвілінку выйсці з кабіны для здымку, перажываць, каб не “пагоршылі кадр” іх стомленыя вочы, прасоленыя працоўным потам майкі і кашулі… Але ў гэты дзень будучыя героі рэпартажаў выглядаюць бездакорна: акуратна прыбраныя, у беленькіх футболках з ушацкім гербам і надпісам “Хлебаробы Ушаччыны” – такі падарунак падрыхтавалі ім работнікі раённай бібліятэкі, улічыўшы памер кожнага.

А.Карабань, А.Майсеенка.

“Сафійскія дары” сёлета будуць убіраць самы вялікі клін азімага ячменю: 432 гектары з 725 адведзеных пад гэту культуру ў раёне. На ўчарашнюю раніцу ўшацкія гаспадаркі ўбралі 176 га ячменных палеткаў. Усяго ж хлебаробам давядзецца змалаціць 6450 гектараў зерневых і зернебабовых. Прыступілі аграрыі і да ўборкі азімага рапсу, які сёлета займае 1255 га.

Ну а маладзенькія ўшацкія прыгажуні па спрадвечнай традыцыі паднеслі механізатарам і ганаровым гасцям хлебныя караваі. Ад імя ўсіх землякоў прывітала аграрыяў і пажадала ім дастойна справіцца з нялёгкай задачай член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня райсавета Наталля Марковіч. Выканала яна і яшчэ адну прыемную місію: уручыла маладому спецыялісту Мікіту Завадскаму, які зараз выконвае абавязкі кіраўніка “Ільюшынскага”, ключы ад новага камбайна, што перададзены гаспадарцы ў рамках дзяржаўнай падтрымкі.

М.Завадскі, Н.Марковіч.

Чарговая прыгожая традыцыя – калі перадавік прадпрыемства, дзе ладзіліся мінулагоднія “Зажынкі”, павязвае сімвалічны ручнік работніку гаспадаркі, што прымае сёлетнія. І ў гэты раз у дзеянні быў падвоены сэнс, бо вопытны ільюшынец Аляксандр Майсеенка, які на мінулых “Дажынках” атрымаў Падзяку Прэзідэнта непасрэдна з рук Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, перадаў сімвалічную эстафету маладому работніку “Сафійскіх дароў” Артуру Карабаню. Зрэшты, гэты хлопец у хлебаробскай справе таксама не навічок – дастаткова прыгадаць, што летась яго фота ўпрыгожвала раённую Дошку гонару.

А вось партрэтны здымак дырэктара “Сафійскіх дароў” Гурамі Гівіевіча Буркенадзэ – сапраўдны эксклюзіў, бо амаль немагчыма ўгаварыць заклапочанага справамі кіраўніка папазіраваць перад камерай. Але ў гэты раз нам дапамог сцэнарый абраду!

Распачынаць любую справу варта з Божым блаславеннем – малітву аб добрым ураджаі ўзнёс протаіерэй Вячаслаў Лобец. А яшчэ пажадана, каб старт быў вясёлым: паспрыялі гэтаму фальклорныя песні ў выкананні культработнікаў і народныя танцы ад юных удзельнікаў калектыву “Спадчына”. Аддаючы даніну продкам, першыя каласы жанчыны зрэзалі сярпамі. І вось гучыць баявое: “Па машынах!” Бадзёра ўзнімаецца ў кабіну “Нью-Холанда” Артур Карабань. За ім стартуюць “Палессі” Юрыя Юркевіча, Артура Ігнатовіча і Валерыя Башуна, якія штогод з надыходам палявога сезона мяняюць камунгасаўскую справу на нялёгкія механізатарскія будні. Садзіцца за штурвал адказны і спрытны ў працы Андрэй Яфрэмаў. Менавіта гэтым работнікам даручаны сёлета “караблі палёў” буйнога ўшацкага сельгаспрадпрыемства. “Яшчэ нядаўна хлопцы працавалі ў розных гаспадарках, зараз жа – усе мае!” – з бацькоўскай усмешкай зазначае Гурамі Гівіевіч.

Першыя каласы жнуць сярпамі.

“У цэлым сельгаспрадпрыемствы раёна да жніва падрыхтаваныя. Удзельнічаць у ім будзе 21 камбайн, на кожным ёсць работнік. Плячо падставілі шэфы з УП ЖКГ, лясгаса, дарожных прадпрыемстваў, калі работы разгорнуцца больш масава, далучыцца дадатковая тэхніка на адвозцы, – акрэсліла стан спраў начальнік райсельгасхарча Юлія Міхайлаўна Ладнова. – І напэўна, нікому не трэба казаць, што страціць сёлета нават часцінку вырашчанага абсалютна недапушчальна!”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *