10 августа — День строителя. Побывали на главной стройплощадке Ушачского района

Общество

Мінула некалькі тыдняў, як будаўнікоў віншавалі з пачынам – у мікрараёне Віцебскай укладалі першыя панэлі будучай шматпавярхоўкі. Фундамент падказваў памеры і нават планіроўку, аднак вельмі схематычна. А перад прафесійным святам самай стваральнай у свеце прафесіі мы ўжо заглядалі ў будучыя кухні і залы сёлетніх навасёлаў. Цяпер дакладна зразумела, куды будуць выходзіць вокны якога пакоя, а таксама ёсць унікальная магчымасць паглядзець на матэрыял, з якога яны складаюцца. Экскурсію па другім паверсе для нас праводзілі тынкоўшчыкі ПМК-66. Так, толькі выводзяцца сцены, а аддзелачнікі ўжо шчыруюць на аб’екце.

 

С.Паўліц, Н.Бародзіч, В.Леднік.

 

“Бачыце, панэль трохслойная, адразу з уцяпляльнікам – мінеральнай ватай, – брыгадзір Сямён Паўліц паказаў на вонкавую сцяну з аконным праёмам, дзе выразна праглядаўся будаўнічы “бутэрброд” з жоўтай праслойкай пасярэдзіне і бетонам з бакоў. – Так што будзе цяплей, чым у цагляным. Ну а ў перспектыве ў нашай рабоце наогул неабходнасць адпадзе – панэлі выпускаюць і адразу чыставыя – пафарбаваныя і з вокнамі, па сутнасці гатовыя сцены”.
Пакуль што работы ў тынкоўшчыкаў хапае, больш таго, яны у пэўным сэнсе адказваюць за трываласць і прамярзанне канструкцый – запаўняюць бетонам вуглавыя стыкі і ўсе швы, а потым зачышчаюць і раўняюць іх, а таксама робяць па праекце адтуліны пад будучыя разеткі. Не трэба чакаць, пакуль муляры слой за слоем выкладуць цагляную кладку – яе няма, будаўніцтва панэльнага дома нагадвае зборку канструктара і з’яўляецца больш хуткім. Праўда, “лега” гэта не надта простае, і генпадрадчыку – Шумілінскай ПМК-70 давялося нават стажыравацца ў наваполацкіх калег. Усе апошнія шматкватэрныя дамы спецыялісты гэтай арганізацыі, як і Ушацкай ПМК-66 узводзілі цаглянымі, а тэхналогія будаўніцтва абсалютна розная. У кожным пакоі абавязкова ўбачыш жоўтыя металічныя трубы – паколькі няма каркаса, яны падтрымліваюць канструкцыі да ўстаноўкі новага рада панэляў і “прашыўкі” металу паміж імі.

А.Толкач, А.Гаравец, А.Герасімаў, В.Мітрохін, П.Бурак, А.Касіч.

Як і ў папярэднія гады, шумілінскія і ўшацкія будаўнікі працуюць паралельна на адных аб’ектах. І стабільна штодня курсіруюць паміж раённымі цэнтрамі аўтобусы, прычым, не ўхаластую. У сем раніцы Алег Кіслоў стартуе ад адміністрацыйнага будынка ПМК-66, высаджвае ўшачан у Уле, дзе адбываецца перасадка, і прывозіць на будоўлю шумілінцаў. Такім чынам утвараюцца міжраённыя брыгады. На ўзвядзенні шматпавярхоўкі акрамя тынкоўшчыкаў зараз працуюць ушацкія муляры Аляксандр Манецкі і Мікалай Маккавееў. Яны ў штаце ПМК-70 – на дзве арганізацыі засталася толькі адна брыгада спецыялістаў кладкі. Менавіта дэфіцыт кадраў стаў адной з прычын масавага пераходу на Віцебшчыне на панэльны спосаб будавання. Застаць іх на аб’екце, праўда, не атрымалася – працуюць муляры па графіку па чатыры дні паўсутачнымі зменамі – такім чынам і ўвечары гучыць зварка, апускае панэлі кранаўшчык, прымае матэрыялы пагрузчык.
У тынкоўшчыкаў і столяраў ПМК-66 – звычайныя выхадныя, а калі аб’ект ва Ушачах – то і стандартны рабочы час. Але зусім нядаўна Наталля Лявонаўна Бародзіч, Валерый Васільевіч Леднік і Сямён Сямёнавіч Паўліц таксама працавалі за межамі раёна, а за кошт дарогі вольны час укарочваўся. На такія непазбежныя страты спецыялісты, а ўсе яны вопытныя і маюць 4 разрад, гатовы, была б аддача.

А.Леднік, В.Сісковіч.

Ва Ушацкай ПМК-66 зараз працуе ўсяго 17 чалавек. Пералічаныя вышэй брыгады, а таксама бетоншчык Васіль Сісковіч, механізатар Аляксей Леднік, вадзіцель Алег Кіслоў, кранаўшчык Павел Бурак, стропальшчык Сяргей Дзегцяроў. Застаць на вытворчай базе пастаянна можна хіба Васіля Васільевіча, які па-ранейшаму загадвае бетонным цэхам, з дапамогай Сяргея Уладзіміравіча рыхтуе для будоўлі, а таксама прыватнікаў раствор. Паралельна яны ж займаюцца і падрыхтоўкай кацельні. Вялікая тэрыторыя з мноствам памяшканняў, інтэрнатам на прадпрыемстве засталася, і яе таксама трэба абслугоўваць. Ну а ў Алега Лявонавіча і Аляксея Васільевіча, Паўла Мікалаевіча – па тры, а ў час адпускоў і па чатыры адзінкі тэхнікі. Міксер, аўтобус, МАЗ, бульдозер, кран, амкадор… штодня даводзіцца мяняць штурвал і віды дзейнасці. Уся гэта тэхніка была задзейнічана, калі капаўся катлаван пад фундамент новага аб’екта, рабілася планіроўка і нават аснова пад устаноўку мнагатоннай “стралы”, без якой немагчыма ўзвядзенне панэльнага дома.
А вось каго дакладна можна сустрэць на месцы ў любы час – гэта галоўнага бухгалтара Людмілу Конан! Яна зараз і за кіраўніка, і за дыспетчара, і за аддзел кадраў. Па апошніх абавязках ёй лёгка меркаваць пра былую веліч нашай перасоўнай механізаванай калоны – лічы штодня прыходзяць людзі за даведкамі на налічэнне пенсіі. А яшчэ больш у арганізацыі ветэранаў вытворчасці, якія і пабудавалі сучасныя Ушачы. Вялікі дзякуй кажам мы ім за камфортныя дамы, правераную гадамі якасць работ, за той значны след, што пакінулі пасля сябе.

Ва Ушацкай ПМК-66 можна заказаць як гатовы раствор аб’ёмам да трох кубоў у адным міксеры, так і сухую вапнавую сумесь для тынкавання сцен. Тэл. 5-70-71.

Асаблівы дом

Ну а ў вядучага інжынера па тэхнічным наглядзе за будаўніцтвам Лепельскага УКБ Юрыя Сазанкова мы пацікавіліся пра асаблівасці новага дома, у якім практычна ўсё жыллё будзе арэндным.
– Адметнасцяў шмат. Як ужо і гаварылі, гэта будзе першая ва Ушачах шматпавярхоўка з ліфтам – таму і пад’езд адзін, па восем кватэр на паверсе. Другая істотная асаблівасць – індывідуальнае газавае ацяпленне: кожны жыхар зможа самастойна рэгуляваць тэмпературу ў пакоях, як гэта робяць прыватнікі. Паколькі ў падвале адсутнічае цеплатраса, падлогу першага паверха ўцяпляць слоем мінеральнай ваты, таксама як і столь пятага паверха, а таксама гарышча дома са скатным дахам. У дадатак да ўсяго – каляскі, веласіпеды жыхары змогуць пакідаць у спецыяльным для гэтага памяшканні на першым паверсе.
У доме будзе пяць трохпакаёвых кватэр, 11 – “аднушак” і 24 – “двушкі”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *