Инвалид Нина Емельянова не отчаивается в самых сложных ситуациях

Наш современник

Ехала да гэтай жанчыны ў Арэхаўна, думала, зайду ў кватэру і цяжка будзе размаўляць пра яе здароўе і жыццё, выйду ад яе і захлынецца сэрца жалем. А адразу з парога на мяне дыхнуў спакой.
Мудрасць у поглядзе, першы снег сівізны ў скронях і інвалідная каляска.
Недзе гады ў тры ад роду, расказала Ніна Уладзіміраўна Емяльянава, здарылася хвароба — і больш ужо хадзіць не змагла. Сям’я тады жыла ў Ляснеўшчыне.
Так дзяўчынка пазнавала свет разам з пазнаннем сябе, усведамленнем, што не такая, як усе. Падрастала. Хацела на танцы пабегчы з моладдзю і хлопца завесці, плакала ў падушку, адчайвалася. Але побач былі бацькі. Потым засталася мама.
Зразумела, жыць дзяўчыне ў вёсцы без магчымасці рухацца было няпроста. І стала Ніна дабівацца, каб далі кватэру, бо ведала, што калі застанецца ў такім стане ў вясковай хаце без сваёй мамы, то не выжыве. Ёй пайшлі насустрач, дапамаглі: выдзелілі кватэру са зручнасцямі ў Арэхаўне. Змагацца з хваробай стала лягчэй. Яна навучылася нават жыць адна, маму сустракала толькі ў госці.
Але ж адна бяда не ходзіць. У Ніны быў брат, афіцэр, які служыў у Заслонаве. Аднойчы ён ехаў разам з мамай на матацыкле, і адбылося сутыкненне з аўтобусам. Мужчына ў свае 36 год загінуў, маці трапіла ў бальніцу.
– Калі я дабралася да бальніцы і ўбачыла маму, якая мяне не пазнала, то стала паўтараць адно: “Дай, Божа, мне сілы даглядаць самую родную, самую дарагую, – расказвае Ніна Уладзіміраўна. – Каб змясціць яе ў які-небудзь інтэрнат, такой думкі нават не ўзнікала”.
Любоў да блізкага, вера ў лепшае робяць цуд. Дома месяц маці ляжала ў бессвядомым стане. Дачка сваімі кволымі рукамі рабіла ўсё, каб ёй стала лепш. Сёння Ніна выказвае ўдзячнасць Богу за тое, што дапамог. Наогул, вера ў яго робіць жанчыну больш моцнай і цяпер. Яна, здаецца, не ўсведамляе, што моцная духам сама ад прыроды.
Якраз гэты ўнутраны склад характару і дазволіў выцягнуць з цяжкай ямы маму, да якой паступова вярнулася свядомасць, яна стала выходзіць у двор для прагулак, падтрымліваць у сваю чаргу дачку. Васемнаццаць гадоў пасля такой сур’ёзнай аварыі яны пражылі разам. І вось ужо другі год, як у Ніны Уладзіміраўны не стала мамы. Пахавала яна яе ў сваёй Ляснеўшчыне з дапамогай сяброў, такіх жа веруючых людзей. Паставіла добры помнік.
Цяпер у жанчыны паблізу нікога роднага няма. Сястра жыве з сям’ёй у Малдове, родныя мясціны наведвае раз у год. Але Ніна Уладзіміраўна не адчайваецца. Яе падтрымлівае тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, непасрэдна – яго работніца Кацярына Новікава, якая прыносіць лекі, прадукты, дапамагае ў хатніх справах. Хаця Ніна Уладзіміраўна многае імкнецца рабіць сама. Для яе пераадоленне хваробы – гэта і здольнасць самой карыстацца ваннай (о, чаго ёй каштавала такое), і мыццё падлогі, і наведанне часам магазіна ў Арэхаўне, а калі трэба, і базара ў гарпасёлку (у аўтобус уносяць каляску мужчыны-пасажыры). Прыходзяць “на сяло” суседзі. Свет не без добрых людзей. 
Трэба сказаць, у кватэры Ніны Уладзіміраўны – поўны парадак, шмат кветак у хаце. А яшчэ і ў двары столькі іх летам. Дзверы звонку “вартуе”суседскі кот, нават у час майго прыезду ён быў на месцы.
А яшчэ жанчына паказала мне свае вязаныя рэчы. Расказала, што па-рознаму набывае ніткі. Вось нядаўна купіла на базары сэкандхэндаўскую кофту, у якой адзін рукаў быў чорны, другі — ружовы. Распусціла, з нітак зрабіла прыгожую рэч. Раней Ніна працавала ад фабрыкі мастацкіх вырабаў на даму – усё ж матэрыяльная падтрымка.
А ўвогуле грошы – не так і важна, лічыць Ніна Уладзіміраўна. Галоўнае – вера і ўзаемаадносіны людзей. Гэта і ёсць жыццё. І ўжо калі жанчына развітвалася са мной, дадала:
– Будзеце пісаць у газету, абавязкова падкрэсліце, што чалавек ні ў якіх абставінах не павінен адчайвацца. І тым больш, калі ён у цяжкім становішчы.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: Н.У.Емяльянава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *