На улице Витебской открылась электрическая зарядная станция для электромобилей

Общество

Электрычная зарадная станцыя пастаяннага току для электрамабіляў адкрылася і працуе ва Ушачах на вуліцы Віцебскай ля інтэрната для спартсменаў. Гэта навіна дакладна парадуе тых, хто клапоціцца пра навакольнае асяроддзе і ўмее лічыць грошы, а таму памяняў машыну са звычайным бензінавым ці дызельным рухавіком на больш экалагічны і эканамічны транспарт.

У ліку такіх, напрыклад, сям’я ўшачанкі Людмілы Урбан. “Электрычку” (так у народзе называюць машыны з зялёным нумарным знакам) яны з мужам набылі гэтай зімой і ўжо паспелі ацаніць яе перавагі. А яшчэ адным “бонусам” стаў для іх падарункавы сертыфікат на атрыманне паслуг па зарадцы транспартнага сродку, які ў рамках тыдня мабільнасці, што праходзіў у нашай краіне з 16 па 22 верасня, уручыў Людміле Уладзіміраўне начальнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук.
“Выкарыстанне альтэрнатыўных відаў транспарту, да якіх адносяцца электрамабілі, дазваляе захаваць паветра больш чыстым, і з’яўленне ва Ушачах такога аб’екта – выдатны падарунак для нашага запаведнага краю”, – падкрэсліў Міхаіл Аляксандравіч.

Адметна, што гэта першая зарадная станцыя на Віцебшчыне, якая адкрылася ў невялікім райцэнтры. Вядома ж, яе карыстальнікамі будуць не толькі ўшачане – уладальнікамі “электрычак” у раёне з’яўляюцца пакуль каля дзесяці чалавек. Да многіх нашых землякоў на электрамабілях з гарадоў прыязджаюць дзеці і ўнукі, для якіх новы аб’ект стаў прыемным сюрпрызам: цяпер не трэба будзе ламаць галаву наконт падзарадкі.

Абрадуюцца станцыі і шматлікія госці, якія аблюбавалі нашы спартыўныя аб’екты. Да слова, калі мы прыехалі сфатаграфаваць момант уручэння сертыфіката, ля комплексу была прыпаркавана яшчэ адна машына з “экалагічным” нумарам. Як паведаміў нам загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак, зарадная станцыя дадасць раёну яшчэ больш прывабнасці ў падарожнікаў. “Раней многія з тых, хто прыязджаў на спарткомплекс, пыталіся, дзе размешчана бліжэйшая электразарадка, і засмучаліся, што ехаць да яе трэба ў Лепель ці Полацк. Зараз жа ім будзе вельмі зручна: пакуль плаваеш у басейне ці займаешся ў трэнажорцы, батарэя якраз паспее зарадзіцца. На станцыі, дарэчы, прадугледжаны некалькі раз’ёмаў, каб “падсілкаваць” можна было электрамабілі кітайскай, еўрапейскай і амерыканскай вытворчасці. А яшчэ наша зарадка “хуткая” – што асабліва падабаецца карыстальнікам”, – тлумачыць Сяргей Іванавіч.

Ну а мы тым часам паспрабавалі высветліць ва ўладальнікаў “электрычак”, ці сапраўды яны такія зручныя і эканамічныя. Людміла Урбан прызналася, што перасесці на новую машыну ім параіў сын Павел, а ён дакладна мае рацыю, бо працуе на сталічнай станцыі сэрвіснага абслугоўвання электрамабіляў “MarsCars”. Вядома ж, і сам ужо некалькі год ездзіць на “зялёных нумарах”, бацькам жа падабраў машыну папулярнай кітайскай маркі “BYD”. “Кіраванне асвоілі без праблем – яно куды прасцей, чым у звычайным аўто, – распавядае ўшачанка. – Разам з машынай набылі спецыяльную дамашнюю станцыю. Тым, у каго ўласны дом, увогуле вельмі зручна: прыехаў вечарам і паставіў на зарадку. Батарэі хапае аж на 600 кіламетраў! І практычна ніякага тэхнічнага абслугоўвання, хіба што масла ў каробцы перадач зрэдку памяняць ды рызіну. А што да грошай, то, як мы падлічылі, працэнтаў на 60-70 паездкі танней абыходзяцца, чым на нашай былой дызельнай “Таёце”.

Абмеркавалі мы гэтую тэму і з нашым земляком Сяргеем Фаміным, які эксплуатуе “электрычку” ўжо два гады. Як прадпрымальнік, ён асабліва падкрэсліў той факт, што для стымулявання выкарыстання электратранспарту ў Беларусі прадугледжаны прэферэнцыі па падаткаабкладанні – у прыватнасці, інвестыцыйныя вылікі. Электрамабіль, які ён набыў для сваёй кампаніі, адзін з самых магутных у краіне (510 консіх сіл), аснашчаны двума электрарухавікамі і батарэяй 109 кВт, і калі параўнаць яго з бензінавымі машынамі адпаведнага класа, то эксплуатацыя абыходзіцца ў два разы дзешавей. “Інфраструктура для электратранспарту ў Беларусі з кожным годам паляпшаецца, аднак набываць яго раю тым, хто прывык планаваць свае дзеянні, у тым ліку і паездкі!”, – зазначыў наш зямляк.

А яшчэ прыгадаў, што зараз актыўна распрацоўваюцца вадародныя рухавікі, якія ў хуткім часе могуць стварыць канкурэнцыю электрычным. Многія лічаць, што будучае – менавіта за імі. Зрэшты, для экалогіі гэта будзе толькі плюсам.

У цяперашні час у Беларусі зарэгістравана 38,5 тысячы электрамабіляў. Прагназуецца, што да канца года іх колькасць дасягне 50000, а ў 2030 – 300000.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *