1 кастрычніка размеранае жыццё аддзялення кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у Вяркудах расквечваюць яркія падзеі і ўражанні.
Сюды абавязкова завітваюць госці: сёлета, напрыклад, у іх ліку былі актывісты раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”. Яе старшыня Дзіна Садоўская ў рамках акцыі “Павага. Клопат. Адказнасць” падарыла ўсім 30-ці пастаяльцам прыгожыя кружкі са святочнымі малюнкамі, а таксама перадала загадчыку аддзялення Алене Ігнатовіч электрамасажор для шыі і плеч, які дакладна будзе запатрабаваны ў пажылых людзей.
У кожным пакоі Дзіне Міхайлаўне былі шчыра рады: ветэраны не толькі дзякавалі за падарункі і ўвагу, а і дзяліліся ўспамінамі, расказвалі пра цяперашняе жыццё, хвалілі клапатлівы персанал установы. Былы трактарыст калгаса “Адважны барацьбіт” Васіль Васільевіч Бондал з такой нагоды апрануў парадны пінжак з узнагародамі, атрыманымі за ўдарную працу. А ўраджэнец вёскі Цётча Пётр Ягоравіч Кладніцкі сфатаграфаваўся з госцяй, каб адправіць здымак сваім родным. “У аддзяленні я толькі другі дзень, але ўжо бачу, што сумаваць тут не дадуць!”, – з аптымізмам зазначыў мужчына.
Душэўнай атрымалася і акцыя актывістаў БРСМ “Падары радасць абдымкаў”: апрануўшы касцюм сэрца, яны крэатыўна павіншавалі бабуль і дзядуляў.
Чакаў пастаяльцаў і яшчэ адзін сюрпрыз: паездка на канцэрт ва Ушачы. Нельга сказаць, што забаўляльныя мерапрыемствы для ветэранаў – у навіну: так, на пачатку тыдня яны пабывалі на святочнай праграме ў Вяркудскім СДК, завітваюць мясцовыя артысты і ў аддзяленне. Аднак падарожжа ў раённы цэнтр, канечне, падарыла асаблівыя эмоцыі. “Бачым, што ініцыятыва БСЖ пажылым людзям спадабалася, таму мяркуем і надалей арганізоўваць такія выезды”, – падкрэсліла Д.Садоўская.
Наталля БАГДАНОВІЧ