
“У якой друкарні выпускаецца газета?”, “Вы адвозіце файлы ў Наваполацк?”. Падобныя пытанні раз-пораз даводзіцца чуць. І хоць мы і расказвалі раней пра нараджэнне “раёнкі”, напярэдадні юбілея газеты ў чарговы раз накіраваліся ў Наваполацкую друкарню, каб прыадкрыць завесу закулісся. Тым больш што тэхналогіі развіваюцца настолькі імкліва, што і нас саміх чакалі сюрпрызы.
Пры ўездзе ў горад раблю званок у рэдакцыю, цікаўлюся, колькі хвілін да “пуску”. Дамовіліся мой прыезд і адпраўку газеты зрабіць сінхроннымі, каб не прапусціць ніводнага этапу, тым больш што працякаюць яны вельмі хутка. Маім гідам пагадзіўся стаць Уладзімір Васільевіч Каліна – дырэктар друкарні, у якой ужо амаль трыццаць гадоў выходзіць газета. У кабінеце адказнага выпускаючага затрымліваемся нядоўга. Алёна Зайчанка раскрывае ўсе восем перасланых ад нас па электроннай пошце палос, праглядае загалоўкі, даты, каб тэкст ці лінейкі не выходзілі за вызначаныя межы. І газету падхоплівае другі спецыяліст. “Зараз Саша яшчэ раз развярстае палосы – так, як патрэбна для друку”, – паказваюць мне знікаючыя на маніторы модулі, быццам нехта па кавалачках расцягвае з такой дакладнасцю ўпакаваныя нашым аператарам файлы. Атрымліваецца ўражліва, тым больш што за камп’ютарам нікога няма – Аляксандр Крулік сёння працуе на ўдаленні – зноў жа перавагі сучасных тэхналогій, якімі, асабліва ў час пандэміі, карысталіся многія кампаніі і арганізацыі. Трэба зазначыць, што калектыў у друкарні вельмі стабільны. Менавіта з гэтым спецыялістам і адточвалі 10 год таму пераход на новую праграму вёрсткі, а яшчэ раней абмяркоўвалі “прахадную” якасць здымкаў, фармат іх перадачы.

Ва ўчастку падрыхтоўкі друкарскіх форм намнога цікавей – шмат розных агрэгатаў, аднак пачынаецца ўсё зноў жа з камп’ютара, на якім капіроўшчык Руслан Лук’янаў раскладае газету на фарбы. Чатыры каляровыя старонкі (першая, восьмая і разварот) змешчаны побач на адным макеце, як і на другім чатыры чорна-белыя. Для апошніх будзе дастаткова адной метровай алюмініевай пласціны, пакрытай святлоадчувальным слоем, на які і перанясецца тэкст і здымкі. А вось для першых – ажно чатыры – па колькасці фарбаў, задзейнічаных у каляровым друку. Аказваецца, каб стварыць зялёны, ліловы, фіялетавы, аранжавы, карычневы – ды літаральна ўсе адценні, дастаткова толькі блакітнага, жоўтага, малінавага і чорнага колераў.
З 1996-га па 1998 год рэдакцыя сапраўды адвозіла ў Наваполацкую друкарню ўпакаваную ў дыскеты газету і прывозіла на пошту ва Ушачы ўвесь тыраж.
Прагледзеўшы апошні раз старонкі, Руслан вымае першую пласціну і ўстаўляе ў шафу на экспанаванне. За пару хвілін лазер “прачытае” ўсе знакі і літары, а другі прыбор праявіць іх, прамые і высушыць форму. Як негатывы фотаздымкаў, толькі замест плёнкі, а яна выкарыстоўвалася ў друкарні яшчэ 12 год таму, цяпер – метал. На спецыяльным станку капіроўшчык нумаруе лісты замежнымі літарамі, выбівае адтуліны, якімі яны замацуюцца да бабін, і адносіць у друкарскі цэх.
Формы падхоплівае друкар Алег Лазаронак. Хуткімі рухамі працірае іх спецыяльным растворам, каб не запэцкаліся аб агрэгат, а потым дакладна па маркіроўцы мацуе іх у нішы станкоў. На першым размясціліся сіні і чырвоны, на другім жоўты і чорны. Фарба наносіцца на паперу у такой жа паслядоўнасці на адзін і той жа здымак і загаловак, таму важна супердакладнасць устаноўкі пласцін.

І вось – пуск! Бабіны раскручваюцца, газетная папера бяжыць уверх-уніз паміж валкамі, на кожным “павароце” прыхопліваючы ўсё новыя выявы, і з’яўляецца на выхадзе сфальцаванай і перакладзенай. Алег вымае з сярэдзіны газетнага стосу адзін нумар і разглядае яго пад вязізнай лупай, робячы рэгуліроўкі на пульце. Потым правярае чарговы і… падымае вялікі палец. Толькі пасля гэтага абавязковага жэсту, які азначае, што адбітак задавальняе, Вольга Сураўцава пачынае складаць газеты ў пачакі па 300 штук, да гэтага першыя нумары ідуць у макулатуру.
Прайшло хвілін пятнаццаць – і машына спыняецца. Друкаванне, ды і падрыхтоўка форм, займаюць зараз менш часу, чым раней. Пачакі з наклейкамі “Патрыёт” далучаюцца да падобных, толькі з назвамі іншых 13 газет заходняй зоны вобласці. Праўда, самі друкары называюць выданні па райцэнтрах. “Браслаў пакуль прыпыніце – першая і другая палосы на замену”, – паведамляюць Руслану. Так, здараецца і такое. Замена была выклікана візітам на Віцебшчыну Прэзідэнта, а журналісты імкнуцца быць аператыўнымі. І хоць аператар гэтаму не рады, аднак моўчкі спыняе працэс і бярэцца за другую газету – перадаём іх амаль адначасова, таму ў канвееры атрымліваюцца і чэргі, і паўзы. “Мы заўсёды ідзём насустрач рэдакцыям, нават рабочая змена спецыялістаў, задзейнічаных на газетах, заканчваецца ў 19 гадзін”, – тлумачыць У.Каліна.

Усе рэдакцыі раз-пораз прыпадносяць друкарам сюрпрызы, а з пастаянных стасункаў у іх складаецца свой газетны рэйтынг. Ушачы ў ім зараз – на вышыні! “Хоць мы толькі праглядаем газету, звяртаем увагу перш на здымкі, якія ў вас, дарэчы, вельмі добрыя, аднак адчуваецца, што робіцца яна з душой. Ды і з перадачай вы не спазняецеся”, – дае свой водгук А.Лазаронак. Мы ж сапраўды даўно не чулі ў тэлефоне: “Не паспееце за пяць хвілін – і самавываз”. Гэта самая страшная пагроза, якая азначае, што нас усё роўна дачакаюцца і газету надрукуюць, а вось забіраць выпуск давядзецца самім. Бо роўна ў 19 гадзін паштовая машына забірае ўсе стосы і накіроўвае іх на сарціроўку. А раніцай “Патрыёт” ужо пачнуць раскладаць па скрынях падпісчыкаў. Я ж трымала газету ў пятніцу – самай першай – і адчуванне было ўзвышанае, тым больш што прысутнічала пры яе нараджэнні.
Вольга Караленка
