Больш паўсотні чалавек накіравалася 29 лістапада на жывёлагадоўчыя аб’екты гаспадарак – у раёне прайшоў чарговы суботнік.
Не першы і не другі пасля нарады па Віцебскай вобласці, калі Прэзідэнт паставіў задачу навесці поўны парадак на комплексах, тым не менш незавершаных работ на фермах яшчэ шмат.
На вуліцы трымаўся мароз. Няхай і невялікі, аднак пры павышанай вільготнасці звонку адчуваеш сябе няўтульна. “Гэта калі стаяць, – усміхаюцца газавікі. – А з малаткамі, ламамі, піламі нават горача будзе”. Застала спецыялістаў раёна газазабеспячэння раніцай. І хаця на цялятніку ў Сержанах акрамя вартаўніка не было нікога з прадстаўнікоў “Ільюшынскага”, мужчыны ведалі што рабіць і паводзілі сябе на аб’екце па-гаспадарску. Падвезлі загадзя падрыхтаваныя драўляныя слупы, хутка дэманціравалі старую агароджу.
Дворык для выгулу жывёлы і да суботнікаў не ўяўляў прахадны двор – закрыты з усіх бакоў. Аднак па меры эксплуатацыі нахіліліся апоры, правіслі дошкі. Таму і працягвалі газавікі рамонт, распачаты папярэднімі шэфамі. Самі яны таксама не ўпершыню дапамагаюць гаспадаркам – хто другі, хто трэці раз выязджаў цяслярыць на ферму ў Глыбачку. Пры планаванні дапамогі ўлічваюцца рэальныя сілы шэфаў, таму мужчынскія калектывы накіроўваюцца на працаёмкія віды. Вось і сувязісты на гэты раз аказаліся на перакрыцці даху, дакладней, дапамагалі гэта рабіць выратавальнікам на адным з хлявоў на жывёлагадоўчым комплексе ў Ільюшыне. У гэтай гаспадарцы такім чынам у суботу было занята больш за ўсё людзей. Прадстаўнікі сферы культуры шчыравалі ўнутры хлявоў на пабелцы сцен.
Звонку комплексу “Маяк” засталі спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Падумалася, што не проста грэюцца ля вогнішча, але і кашавараць. Так, яны сапраўды гатавалі, толькі не кашу, а бітум. “Хутка можна разбіраць, зверху ўжо булькае, а знізу яшчэ не ўвесь растапіўся”, – памешваючы чорную сумесь, тлумачыў Ігар Пліско. А Аляксей Базылеў разліў яе па невялікіх ёмістасцях, і брыгада накіравалася ў цэх па ўтрыманні цялушак на афарбоўку.
У адрозненне ад кароўнікаў у Ільюшына, працаваць у “Сафійскіх дарах” было лягчэй, бо папярэдне жывёлу вывелі на прагулку. Курыраваў работы намеснік брыгадзіра Генадзь Сінякоў, які і патлумачыў, што знізу апоры цялятнікаў можна апрацоўваюць таксама алейнай фарбай, каб не ўпітвалася вільгаць, аднак асноўны колер кватэр для жывёлы ўсё ж белы. Вапна прымяняецца не толькі для дэзінфекцыі, але і паляпшэння мікраклімату, асвятлення памяшканняў. А паколькі робіцца гэта не адзін раз у год, то пабелка – самы танны і эфектыўны сродак. Супрацоўніцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва даволі шпарка “прайшліся” па сценах даўгога калідора, што злучае ўсе цэхі комплексу, а паколькі не першы раз менавіта на гэтым аб’екце, то адзначылі, што і работнікі “Маяка” не сядзелі без справы – парадак відавочны.
Прыгадалі самыя буйныя кропкі суботніка, хаця работы па выдаленні гною, падсыпцы і рамонце вяліся на кожнай ферме ўласнымі сіламі. Калі не рабіць гэтага штодня, то не будзе не толькі парадку, але і прадукцыі, бо чысціня памяшканняў – гэта першая ўмова захавання тэхналогіі.
Вольга Караленка




