На базе ФОК “Юность-Ушачи» прошла межрайонная спортландия «Спорт равных возможностей» среди людей с инвалидностью и волонтёров

Cпорт

Сваім прыкладам яны пераконваюць, што сіла – гэта не толькі пра фізічны складнік, але найперш і пра дух. Людзі з інваліднасцю і валанцёры, нашы землякі і жыхары Глыбокага прынялі ўдзел у міжраённым спартыўным свяце “Спорт роўных магчымасцяў”, якое праводзіцца на базе “Юнацтва-Ушачы” ўжо не першы год.

Размешчаная ў спартыўнай зале выстава літаратуры “Жыць і перамагаць” ад спецыялістаў цэнтральнай раённай бібліятэкі, станцыя “Бяспека” ад супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях… Перад пачаткам мерапрыемства стала зразумела: выключна спартыўнымі баталіямі справа не абыдзецца. Аднак для ўдзельнікаў, якія ў большасці сваёй маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, – гэта толькі плюс. З захапленнем яны разгадвалі філворды і складалі з прапанаваных слоў прыказкі, адпрацоўвалі правілы бяспечных паводзін і прымяралі форму выратавальніка-пажарнага.

Градус турнірнай інтрыгі быў вельмі высокім. У конкурсах, якія нагадалі аб набліжэнні зімы і навагодніх святаў, каманды выпрабоўвалі свае сілы ў імправізаваным хакеі, на хуткасць складалі пажаданне сапернікам, збіралі “снежкі”. Шматлікія ж балельшчыкі тым часам з азартам сачылі за ходам падзей, бурнымі апладысментамі падтрымлівалі ігракоў.
Атмасфера ў зале ў гэты дзень царыла асаблівая. Трэба было бачыць, як усе шчыра парадаваліся, калі на футбольнай пляцоўцы ўшачанін Артур Дробат чатыры разы запар забіў мяч у вароты, як трапна ляцеў дроцік у мішэнь з рук Галіны Шаўлюгі. Яркіх уражанняў мерапрыемству дадалі таксама вакальныя нумары ад культработнікаў.

– Гэта той выпадак, калі перамога – не самае галоўнае, – выказаў упэўненасць, віншуючы ўдзельнікаў спартакіяды, намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў. – Куды важней – жывыя зносіны, сяброўства, узняцце духу і настрою, якія сёння адназначна былі.

Усе каманды ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі прызамі ад сектара спорту і турызму, памятнымі падарункамі ад ТЦСАН. Дарэчы, уладальнікаў “бронзы” з Глыбокага чакаў прыемны сюрпрыз: адна з ушацкіх каманд аддала ім вялікі торт пераможцаў – з надзеяй на далейшае сяброўства, правядзенне розных сумесных мерапрыемстваў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *