За каждым решением — судьбы людей. Судья суда Ушачского района Ольга Лаюшко о своей работе

Общество

Не па гадах мудрая і сур’ёзная. У судзейскай мантыі сваё прафесійнае свята Вольга Лаюшка сустракае ўжо восьмы год, хаця Фемідзе служыць значна больш. На ёй ляжыць вялікая адказнасць – за лёсы людзей. Вынесці справядлівае рашэнне, упэўнена яна – гэта толькі частка справы. Трэба яшчэ паўплываць на падсуднага так, каб ён больш не вярнуўся на злачынны шлях, а гэта няпроста.

Да пасады суддзі ўраджэнка Ушач прайшла доўгі шлях. “Напэўна, многіх зараз здзіўлю, але ў юнацтве хацела займацца творчасцю: скончыла дзіцячую школу мастацтваў па класе “гітара” і ўяўляла, як стану выкладчыкам, – расказвае В.Лаюшка. – Але ў 11 класе сэрца падказала іншае – атрымала юрыдычную адукацыю спачатку ў адным з полацкіх каледжаў, а потым і ўніверсітэце. Дарэчы, у апошнім зрабіла ўпор на вывучэнне менавіта судова-пракурорска-следчай дзейнасці – марыла калі-небудзь стаць работнікам суда”.

Пасля каледжа наша зямлячка працавала юрысконсультам у адной з гаспадарак Полаччыны. А пасля замужжа, калі перабралася на малую радзіму, уладкавалася спецыялістам кадравай службы ў аддзел па адукацыі райвыканкама, дзе затрымалася да першага дэкрэтнага адпачынку. Дарэчы, падчас яго вучобу не спыняла: магла пазбавіцца бюджэтнага месца, якіх на курсе было ўсяго тры. Двухмесячнага сына пакідала на мужа, які браў у ПМК-66 водпуск, і ездзіла на сесіі. Увогуле ахвяраваць асабістым за гэты час даводзілася нярэдка.

“Для мяне ўсё паспяхова складвалася, – кажа наша субяседніца. – Спачатку ва Ушацкім судзе вытворчую практыку праходзіла, а пасля і свабоднае месца знайшлося. Некаторы час была загадчыкам канцылярыі, кансультантам суда, вядучым спецыялістам, сакратаром судовага пасяджэння.

Вельмі плённым быў для мяне гэты час, многаму навучылася ад старшыні суда Фадзея Анатольевіча Зінькевіча. А аднойчы ён запытаў, маўляў, колькі буду ў сакратарах хадзіць – уключыў у рэзерв кадраў і даў магчымасць да экзаменаў падрыхтавацца. Добра памятаю, як штудзіравала пытанні з розных галін права, як баялася ехаць на іспыты ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь і як радаваліся мае калегі, якім адразу паведамілі пра мой паспяховы вынік”.

26 мая 2017-га Указам Прэзідэнта В.І.Лаюшка была назначана на пасаду суддзі, прычым, у судзе Ушацкага раёна, як і хацела. 31 мая яна прыносіла прысягу, а ўжо на наступны дзень праводзіла сваё першае пасяджэнне.

“Не хваляваўся ў той дзень, напэўна, толькі пракурор, – смяецца Вольга Іванаўна. – Мы ж з “ухілістам” ад выплаты аліментаў, які да крымінальнай адказнасці прыцягваўся ўпершыню, трэсліся як асінавыя лісткі. Аднак усё прайшло без казусаў: мужчына атрымаў мінімальнае спагнанне ў выглядзе грамадскіх работ, а я засталася задаволена, што прыняла правільнае рашэнне”.

Прыгадвае суддзя і першае цяжкае злачынства, прычым, вельмі спецыфічнае. На лаву падсудных па факце замаху на забойства трапіла жанчына, якая ўдарыла сужыцеля нажом у сэрца, а пасля нанесла, скажам так, адчувальныя для мужчыны раненні. Нягледзячы на цяжар атрыманых траўм, пацярпелы выжыў і прымаў удзел у пасяджэннях. Было іх нямала, як і праведзеных экспертыз, эксперыментаў, выклікаў дадатковых сведак, бо абвінавачаная не прызнавала віну. Былі ў практыцы і рэальныя факты забойства. Так, на Полаччыне грамадзянка ў бытоўцы адной са шматпавярховак зарэзала кавалера. Прычым, прама ля цела не адзін дзень памінала забітага – пакуль жыхары дома не ўчуялі падазроны пах… Час быў упушчаны, што ўскладніла працэс.

“Пачатак маёй судзейскай кар’еры лёгкім не быў, – кажа В.І.Лаюшка. – Як аднойчы сказаў кіраўнік, калі такія справы асілю, дык з іншымі праблем не будзе. І што парадавала, у абодвух прыгаданых выпадках апеляцыі, праведзеныя па ініцыятыве абвінавачаных, пацвердзілі правільнасць прызначанага мной прысуду”.

Хаця лішніх эмоцый пры разглядзе спраў Вольга Іванаўна сабе не дазваляе, кожную прапускае праз сябе. Нядаўна, напрыклад, да яе трапіў непаўналетні юнак, які і сам спажываў наркотыкі, і іх закладчыкам быў, прычым, у буйным памеры. Шакіравала, як той – аднагодка яе сына – нібы прафесіянал, расказваў пра асаблівасці мефедрону і соляў, а пасля агучанага прысуду нават “дзякуй” суддзі сказаў, што прызначыла толькі 6 гадоў пазбаўлення волі – будзе магчымасць выйсці на волю яшчэ маладым і змяніць жыццё да лепшага.
Цікава, што нават самыя заўзятыя скандалісты у зносінах з В.І.Лаюшка паводзяць сябе стрымана. Быў, напрыклад, выпадак, калі калегі з Наваполацка, перадаючы ва Ушачы вельмі цяжкую, заблытаную справу на 10 тамоў, папярэдзілі, маўляў, без скаргаў не абыдзецца. Але ж ад усіх 4 рэцыдывістаў, якія “засвяціліся” на незаконным абароце наркотыкаў, крадзяжах у фізічных і юрыдычных асоб, ніводнай не паступіла. Больш таго, адзін прабачэння папрасіў, што крыху зэмацыяніраваў на пасяджэнні.

Многія памылкова лічаць, што ўсе судовыя справы вырашаюцца ў кабінетах. Насамрэч і суддзі, і іншым работнікам нярэдка даводзіцца бываць на раёне і за яго межамі. У выязным фармаце праводзяцца многія пасяджэнні. Гэта не толькі мае на мэце выхаваўчы фактар, але і дазваляе прыняць правільнае рашэння. Так было, напрыклад, у выпадку, калі жанчына абвінавачвала суседа ў тым, што яго сабака пакусаў яе коз. Але ў ходзе разгляду адміністрацыйнай справы, на які ў мясцовы дом культуры запрасілі многіх вяскоўцаў, высветлілася, што па населеным пункце гуляе цэлая зграя чатырохлапых – і які спакусіўся на гадаванцаў пацярпелай, дакладна сказаць немагчыма. Як вынік, мужчына адказнасці не панёс.

Што ў прафесійных буднях суддзі самае складанае? Зусім не правакацыйныя выхадкі прысутных у зале, якія спрабуюць вывесці служыцеля закона з сябе. Не зносіны з выпівохамі ці агрэсарамі, якія часта трапляюць на лаву падсудных. Трэба доўга настройвацца, каб зачытаць прыгавор з пазбаўленнем волі (максімальны, які даводзілася прызначаць – 10 гадоў строгага рэжыму). Маральна цяжка разглядаць справы, у якіх фігуруюць блізкія людзі: брат і сястра не могуць падзяліць бацькоўскі дом, мам і тат пазбаўляюць правоў у адносінах дзяцей… Аднак ёсць, падкрэслівае Вольга Іванаўна, і прыемныя моманты: напрыклад, калі землякі прыходзяць з жаданнем усынавіць ці ўдачарыць дзіця…

З цеплынёй расказвае ўшачанка пра сваю сям’ю: мужа і двух сыноў. Малодшаму Цімошы зараз пяць гадоў, а Дзяніс – ужо дзесяцікласнік, пра якога мы не раз расказвалі як пра пераможцу розных музычных конкурсаў. Дарэчы, дасягае хлопец такіх высокіх вяршыняў дзякуючы стараннасці і мэтанакіраванасці – гэтыя якасці, па ўсім відаць, пераняў ад маці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *