Зіма – у разгары, нават снег у нас сёлета маецца, а значыць, надышоў час для стартаў юных біятланістаў. У гэтыя дні па ўсёй краіне праходзяць раённыя і гарадскія этапы рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Школьнікі нашага раёна традыцыйна выяўлялі мацнейшых на трасе Вялікадолецкай СШ. У малодшай узроставай групе (10-11 год) “золата” заваявалі фаварыты: Ганна Бука і Мікіта Бугаёў, “срэбра” – Дар’я Рэут і Данііл Кастаненка. У сярэдняй (12-13) першынствавалі Ксенія Бука і Іван Карпёнак, другія месцы – у Валерыі Гоман і Кірыла Пугача. Усе названыя біятланісты – выхаванцы настаўніка Вялікадолецкай школы Уладзіміра Лапіцкага. Юнакі з гэтай установы занялі п’едэстал і ў старэйшай групе (14-15 год): першым стаў Антон Рэут, другім – Міхаіл Смірноў, трэцім – Дзмітрый Гоман. А вось “золата” і “срэбра” ў дзяўчат дасталіся адпаведна Марыі Рубіс з Глыбачанскай школы і Мілане Лабёнак з Ільюшынскай.
У камандным заліку не было роўных вялікадальчанам, глыбачанцы заваявалі “срэбра”, ільюшынскія школьнікі – “бронзу”.
Па выніках спаборніцтваў вызначаны састаў, што прадставіць раён на абласным этапе, правядзенне якога запланавана на сярэдзіну наступнага тыдня. Пажадаем нашым спартсменам высокіх хуткасцяў і трапных стрэлаў!
Наталля БАГДАНОВІЧ.

