
Спіс воінаў-інтэрнацыяналістаў Ушаччыны не надта вялікі – у ім на сённяшні дзень 33 чалавекі. А з 1989 года, што мінула з завяршэння той, чужой вайны, мы вывучылі яго ледзь не на памяць. Пісалі практычна пра ўсіх, за выключэннем зусім невялікай кагорты закрытых да зносін мужчын. І тым не менш, штогод перад 15 лютага спрабуем “прабіцца” да іх. І сёлета нарэшце ўдалося растапіць “лёд адчужанасці” Віктара Пятровіча Гірсёнка. Спецыяльна ўзялі гэтыя словы ў двухкоссе, бо ўсе, хто ведае яго, запратэстуюць – зусім не падыходзяць яны да гэтага душэўнага, неабыякавага чалавека. Проста ў кожнага “афганца” сваё стаўленне да тых часоў – ці занадта цяжка даюцца ўспаміны, ці саромеюцца нешта расказваць, бо не лічаць сябе героямі, ці тое і другое адразу.
Ці меркаваў юнак з Плігавак, калі трапіў у пагранвойскі, што апынецца ў Афганістане? На зборным пункце ва Ушачах, канечне, не: пагранічнікі – гэта ж дзяржаўная мяжа. Аднак ва ўчэбцы ў Кірках (Туркменістан) такія думкі паўставалі не столькі з-за блізкасці да баявых дзеянняў, колькі з-за дасведчанасці. Ужо дакладна ведалі, што многія салдаты з іх роду войск трапляюць у гушчыню падзей. Аднак, страху ці жадання “адкасіць” не паўставала ніколі. Ды і зайздрасці ў адносінах да земляка Якава Хвасціёнка, якога накіравалі на заставу.
Віктар таксама ахоўваў – толькі не мяжу, а аэрадромы ў 200 кіламетрах ад яе ў горадзе Майманэ – грамадзянскі і побач наш, ваенны. Дзяжурылі і днём, і ноччу з пражэктарамі, а рабіць гэта было намнога складаней, чым на заставах … ні дроту, які б спрацаваў, ні нейтральнай паласы. А вораг маскіраваўся пад мірных “чалнакоў”, якія на вярблюдах перавозяць груз, а ўся тэрыторыя вакол аэрадрома была імі замініравана.
“Тады толькі з’явіліся РС-кі: рэактыўныя снарады, якія як і аднаствольную разборную ўстаноўку душманы лёгка змяшчалі ва ўюкі, – расказвае былы стралок-гранатамётчык. – Здымалі з двухгорбага, менш чым за 3 хвіліны збіралі, запускалі і скрываліся ў сопках… Адхіленні такой стральбы, канечне, былі вялікія, тым не менш “ракеты” калі-некалі дасягалі цэлі, а мы з цяжкасцю маглі іх дастаць – дальнасць палёту снарадаў з мінамётаў была крыху меншай, – прыгадвае Віктар Пятровіч. – Праўда, за год, праведзены ў складзе пагранатраду, я бачыў толькі адзін спалены самалёт і адзін такі ж БТР, з якога нашы хлопцы паспелі выбрацца жывымі. А калі “духам” удавалася падцягнуць шматствольныя ўстаноўкі, то абстрэлы стаялі такія, што мы аднойчы месяц жылі выключна ў акопах”.
Былі яны, праўда, своеасаблівыя – у іх лёгка памяшчаліся не толькі людзі, але і бронетранспарцёры. Машыны, у якіх і спалі салдаты, поўнасцю хаваліся ў пяску, наверх выглядалі толькі вежы. Хаця, ветэран баявых дзеянняў сцвярджае, што палохае не гул, а цішыня: “Калі свісціць побач – значыць міма праляціць. Сваёй кулі, кажуць, не чуеш”. Стралок неаднойчы быў і на блок-пастах пры ахове калон савецкай тэхнікі. Напэўна, вязучы, спрацоўвала прадчуванне, аднак заўсёды чуў, як свісцела міма. Не давялося хаваць і баявых сяброў, з якімі ў трыццаці жылі ў адной палатцы. Ніякіх стацыянарных памяшканняў у пагранатрада не было – і харчаблок, і медчастка, і супрацьтанкавы ўзвод размяшчаліся таксама пад тэнтавым укрыццем.
За паўгода да дэмбелю яго камісавалі з-за хваробы. Ніхто з родных тады так і не даведаўся, што Віктар быў на сапраўднай вайне. Лісты ішлі на нумар часці, а ў іх юнак ні разу не агаварыўся, якая неспакойная ў яго “застава”. Ну а калі вярнуўся ў Плігаўкі… можна было плакаць толькі ад радасці.
Колькі разоў мы ў рэдакцыі атрымлівалі словы падзякі ў адрас гэтага чалавека. Той, хто прайшоў вайну, больш цэніць сапраўдныя каштоўнасці – падтрымку, узаемавыручку, чэснасць, сяброўства. А мабыць гэта рыса характару, толькі Віктар Пятровіч прызнаецца, што заўсёды імкнуўся быць патрэбным людзям. Вось і па жыцці ён займаецца выключна гэтым – на “хуткай” дастаўляе да хворых фельчара і вельмі часта сам падстаўляе плячо. Яно ў яго крэпкае – пры поўнай амуніцыі нагрузка была ў дзясятак кілаграмаў.
“З такім як Віця, хоць заўтра зноў у Афган”, – так перафразаваў вядомы выраз “у разведку пайшоў бы” старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімір Андрыковіч. І патлумачыў, што да В.Гірсёнка варта толькі звярнуцца – ніколі ні адмовіць. Вось і на абласных турзлётах, дзе штогод спаборнічаюць у стральбе, кіданні нажоў, рыбалцы і нават прыгатаванні блюд, гранатамётчык, канечне, “закрывае” першы від. Ён уваходзіць у касцяк іх суполкі і заўсёды ў першых радах на мітынгах і сходах, прымеркаваных да знакавай даты вываду войска з Афганістана (здымак, што на першай паласе, быў зроблены ў юбілейны 2024-ы). Пры парадзе, у медалях ён вельмі-вельмі рэдка.
Хіба што на 28 мая – яшчэ адна знакавая і вельмі дарагая для кожнага пагранічніка дата.
Вольга Караленка.
