Когда хобби становится делом жизни: история фуршетного мастера и кондитера Ирины Тихоновой

Общество

Пакуль многія прадстаўніцы прыгожай паловы прадумвалі ўборы да 8 Сакавіка і атрымлівалі першыя віншаванні, Ірына Ціханава практычна не адыходзіла ад пліты. Мнагадзетная маці, канечне, парадавала блізкіх шыкоўнымі святочнымі стравамі, але ж гатавала іх у значна большай колькасці – заказы паступалі не толькі з раёна, але і Полацка, Наваполацка… Ужо дзесяць год, як ушачанка аформіла самазанятасць і займаецца кулінарыяй.

Гэта, напэўна, гены “заявілі пра сябе”, – усміхаецца Ірына. – Поварам была маці, якая з любога прадукту ўмела па пяць-шэсць унікальных страў на нашу вялікую сям’ю зрабіць. Я была чацвёртым дзіцем, на кухню толькі паесці заходзіла. Самастойна ж гатаваць пачала пасля замужжа – як кажуць, жыццё прымусіла.

Творчы па натуры чалавек, яна шукала сябе ў розных сферах: спрабавала вязаць, шыць цацкі, варыць мыла… Цікавасць жа да тортаў з’явілася падчас другога дэкрэтнага адпачынку – выпадкова ўбачыла ў інтэрнэце, які спрытны дэсерт знаёмая прыгатавала, і таксама загарэлася. Праштудзіравала дзясяткі кулінарных блогаў, заказала ўсё неабходнае на маркетплэйсе і пачала “адпрацоўваць” навыкі на блізкіх: якраз вясной у многіх дні нараджэння. Ну а фотаздымкі дэсертаў, відэа з працэсам гатавання Ірына актыўна выкладвала на свае старонкі ў сацсетках, таму хутка і першыя заказчыкі з’явіліся.

– Не думала, што змагу зрабіць такі занятак галоўнай крыніцай даходаў, таму на некаторы час яго адклала, – прызнаецца І.Ціханава. – Працягвала працаваць у цэнтры дзяцей і моладзі, ТЦСАН, дзіцячым садзе… І вельмі сумавала па кулінарыі. Але ж лёс зноў падказаў, што трэба нешта мяняць – неяк убачыла відэа пра выраб кветак з зефіру і вырашыла паспрабаваць. Муж і свякроў, у якой зараз жывём, у такім памкненні мяне падтрымалі, дапамагалі з дзецьмі. Ну а я тады на кухні праводзіла ўвесь вольны час, падносамі з зефіркамі не толькі сталы ды падаконнікі застаўляла – другое прымяненне нават сушылка для бялізны знайшла.

Дарэчы, да вялізных аб’ёмаў Ірына ўжо прывыкла, хоць даўно займаецца не толькі кандытаркай. Так, прайшла навучанне і стала фуршэтным майстрам – прадумала пералік закусак для дарослых, распрацавала дзіцячае меню з запатрабаванымі і максімальна бясшкоднымі карндогамі, гамбургерамі. Каб не сядзець без справы ў чаканні святочных дат, узялася за выраб паўфабрыкатаў (катлет, галубцоў, пельменяў, сырнікаў – усяго, што можна замарозіць) – яны і саму, і заказчыкаў выручаюць. А нядаўна, калі ў знаёмай узніклі праблемы з арганізацыяй памінак, пайшла насустрач – неабходныя для такога стала стравы цяпер і іншым землякам гатуе.

– Канечне, трэба было вучыцца, – прызнаецца ўшачанка. – Інфармацыі з інтэрнэта адназначна недастаткова, таму прайшла не адзін дзясятак платных курсаў, пераймала вопыт у паспяховых майстроў-кулінараў, знаўцаў бізнесу. Добра гатаваць – гэта, канечне, важна, але ж і без умення прадаваць справа далёка не пойдзе. Для зручнасці кліентаў ажыццяўляю дастаўку, і не толькі па Ушаччыне. Наладзіла супрацоўніцтва з аграсядзібай “Марусіна хата” – турысты любяць нацыянальную кухню.

У ліку самых запатрабаваных страў І.Ціханава называе блінчыкі з рознай начынкай (на сёлетнюю Масленіцу іх больш за 100 кілаграмаў рэалізавала – адразу на чатырох патэльнях смажыла), мерэнгавы рулет, а таксама беларускія варэнікі з бульбай, клёцкі, дранікі. Дарэчы, быў выпадак, калі апошніх адразу 130 штук заказалі – чатыры гадзіны ля пліты прастаяла.

 

Цяпер значна прасцей: гатаваннем можна не толькі дома займацца. Стары будынак у двары, які доўгі час не эксплуатаваўся, Ірына з мужам Яўгенам перарабілі ў кулінарны цэх – з прасторнай кухняй, на якой улічаны ўсе патрабаванні Санпіну, асобным памяшканнем з маразільнымі, халадзільнымі камерамі. З набыццём прадуктаў – таксама праблем ніякіх: усё свежае, якаснае ўшачанка набывае ў мясцовых магазінах, асобныя інгрэдыенты – у Полацку. На наша пытанне, як столькі паспявае, яна адказвае без замінкі:

– Увесь сакрэт – у жорсткім планаванні: у мяне кожная хвіліна на дзень распісана. Ды і памочнікі на экстранны выпадак ёсць: не толькі свякроў, якая добра гатуе, але і муж (можа, напрыклад, прадукты нарэзаць, мяса адбіць, ды і да заказчыкаў з’ездзіць), дзеці (ім давяраю складваць скрыначкі для ўпакоўкі). Між тым, і для сябе, сям’і час знаходжу. Нядаўна запісалася на танцы, люблю пачытаць, на выхадныя з блізкімі абавязкова куды-небудзь выбіраемся. Ці ўсяго, пра што марыла, дасягнула? Напэўна, не – ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! (смяецца). – У перспектыве планую прадпрымальніцтва аформіць – змагу яшчэ выязныя мерапрыемствы з абслугоўваннем праводзіць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *