Наша знаёмства з новай зорачкай ушацкага дзюдо і самба Аняй Пугач, якая ў гэтым месяцы заваявала ўжо трэці ў сваёй непрацяглай кар’еры медаль рэспубліканскага першынства сярод выхаванцаў ДЮСШ, пачалося ў раздзявалцы залы адзінаборстваў ушацкага спарткомплексу з… праслухоўвання запісанай на мабільнік песні. Менавіта так юная спартсменка праілюстравала адказ на пытанне, як ёй удалося ўзяць “срэбра” на рэспубліцы. “Перад выхадам на татамі ўключаю ў навушніках гэты трэк – і зараджаюся суперэнергіяй!” – з хітрынкай у вачах патлумачыла яна.
Бадзёры хіт у рэп-стылі быў прысвечаны настаўніку дзяўчыны Крысціне Зуевай. “Яна кіруе на самба жалезнай рукой…” – гучала з дынаміка. “Няўжо сама сачыніла?” – здзівілася я. “Ну, не зусім: штучны інтэлект дапамог! – прызнаецца Аня. – У нашай Крысціны Сяргееўны суровы трэнерскі стыль, яна вельмі патрабавальная – але менавіта так загартоўваецца чэмпіёнскі характар. Але ў душы яна добрая, мы і павесяліцца ўсе разам можам – аднак пасля трэніроўкі”.
На аддзяленне самба васьмікласніца з Арэхаўна запісалася пазалетась. Крысціна Сяргееўна ўбачыла яе здольнасці на ўроку фізкультуры і запрасіла на трэніроўку. “Як зараз памятаю свой першы занятак: у групе былі толькі хлопчыкі, але мяне гэта не засмуціла: нас у таты з мамай сямёра, так што я з кім заўгодна кантакт наладжу. Пабегалі хвілін 20, зрабілі практыкаванні, а потым трэнер выдала мне куртку-самбоўку і паказала прыём – кідок праз бядро. З таго часу гэта мой любімы элемент, не адну чыстую перамогу мне прынёс. А вось кідок з каленяў пакуль не так спрытна выходзіць – але і яго асвою!” – зазначае Аня.
Барацьба ёй адразу спадабалася, запісаўся ў спартшколу і малодшы брат Юра, а трэнер пачала падвозіць дзяцей з аграгарадка ў райцэнтр на ўласным аўто. “Нічога асаблівага ў гэтым няма, – з усмешкай тлумачыць Крысціна Сяргееўна. – Трэба ж вербаваць здольных вучняў, пакуль калегі на іншы від не пераманілі. Да таго ж мы з іх матуляй, якая ў свой час таксама займалася адзінаборствамі ў групе Веры Васільеўны Кілінай, – стрыечныя сёстры”.
“У нас ужо і пяцігадовы Косцік пытаецца, калі яму можна будзе на барацьбу!” – працягвае аповед пра сваю вялікую сям’ю Аня. З цеплынёй расказвае пра тату Дзмітрыя Вітальевіча і маму Людмілу Віктараўну, якія працуюць адпаведна ў Сарочынскім лясніцтве і Арэхаўскай школе, з гонарам узгадвае старэйшую сястру Соню, якая летась паступіла ва ўніверсітэт на замежную мову. Падкрэслівае, што ў кожнага з дзяцей ёсць свой абавязак па доме, старэйшыя прыглядаюць за малодшымі, Аня, напрыклад, любіць пагуляць з трохгадовым Арцёмкам, а яшчэ адказвае за догляд за сабачкам, якога завялі па яе просьбе.
“Нават не ўяўляю, як можна жыць аднаму: гэта так сумна. Калі я вяртаюся са спаборніцтваў, мяне на парозе сустракае цэлая каманда балельшчыкаў: віншуюць, абдымаюць – гэта такія радасныя хвіліны!” – разважае яна. Не забываецца прыгадаць і тое, якую падтрымку адчувае ў роднай школе, і просіць выказаць падзяку дырэктару Ларысе Аляксандраўне Булаўка і ўсім настаўнікам, якія з разуменнем ставяцца да паездак на турніры і гатовы дадаткова з ёй займацца.
Усяго за два гады трэніровак Аня выйшла на ўзровень лепшых юных спартсменак краіны. І калі глядзіш на гэту хударлявую дзяўчынку, нават не верыцца, што яна спрытна кідае на татамі больш фактурных саперніц. Так, калі на нядаўнім чэмпіянаце рэспублікі па самба, дзе яны з сяброўкай па камандзе Светай Крупеняй заваявалі бронзавыя медалі, Аня баролася ў вазе да 36 кілаграмаў, то на першынстве па дзюдо самая лёгкая група пачынаецца з 40 кіло. Ды і дзяўчаты тут выступалі на год старэйшыя – але наша зямлячка ў бліскучым стылі дайшла да фіналу! Прычым, турнір складваўся для яе няпроста: ужо ў першай схватцы ёй супрацьстаяла дзюдаістка, якая трэніруецца ў Мінску, і рэферы ў неадназначным моманце прысудзілі ёй незаслужаныя балы – Аня аспрэчыла рашэнне, эпізод перагледзелі на відэа – і аддалі перамогу нашай зямлячцы. Зусім крыху не хапіла да “золата” – але ёсць усе падставы меркаваць, што перамогі ў гэтага ўшацкага тандэма баявой спартсменкі і “суровага” трэнера яшчэ наперадзе!
Наталля БАГДАНОВІЧ.

