Для 10 тысяч беларускіх навабранцаў 23 мая стала асаблівай датай: у гэты дзень яны прынеслі ваенную прысягу. Самай маштабнай стала ўрачыстасць у вучэбным цэнтры ў Барысаве, дзе клятву дастойна выконваць воінскі абавязак маладыя вайскоўцы прамаўлялі ў прысутнасці Прэзідэнта краіны, Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Дарэчы, у прыгаданым вучэбным цэнтры пачынаюць ваенную службу і пяцёра ўшачан.
Стала годнай традыцыяй – праводзіць падобныя цырымоніі на знакавых аб’ектах, звязаных з гераічнымі подзвігамі беларускага народа. Так, каля паўтысячы маладых дэсантнікаў былі галоўнымі героямі ўрачыстасці на плошчы Перамогі ў Віцебску. А папаўненне 7-й асобнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС Беларусі прыносіла ваенную прысягу на ўшацкім “Прарыве”.

Вайскоўцаў прывітаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, які падкрэсліў, што цырымонія праходзіць на святым для кожнага беларуса месцы: “У гады Вялікай Айчыннай вайны ўшацкая зямля стала сімвалам мужнасці і адвагі нашых продкаў, якіх ніякая сіла не змагла паставіць на калені!”.
Па тым, якімі падцягнутымі выглядалі навабранцы, як чаканілі крок, праходзячы маршам па Плошчы Памяці, было бачна, што першы месяц у арміі аказаўся для іх плённым. І, канечне, кульмінацыяй падзеі сталі для кожнага словы прысягі, прымалі якую камандзіры, а віншавалі воінаў ганаровыя госці мерапрыемства, у ліку якіх была і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Ушацкага райсавета Наталля Марковіч.
“Тэкст клятвы, канечне, ведаў на памяць, ды ўсё ж вельмі хваляваўся, бо атмасфера была неверагодна ўзнёслай! – прызнаўся нам ваеннаслужачы Дзмітрый Ледаковіч. – Дарэчы, раздзяліць са мной гэтую падзею з роднага Падсвілля прыбыла група падтрымкі аж з 9 чалавек, у тым ліку і мая дзяўчына”. “А я сёння прыехаў паглядзець на свайго старэйшага брата Дзяніса, а яшчэ і прачуць атмасферу цырымоніі: хутка ж таксама пайду служыць”, – падзяліўся з намі 17-гадовы Мікіта Султан з Чашнікаў.

Хоць ушацкія навабранцы ў 7-ю брыгаду не трапілі, нашы землякі на “Прарыве” прысутнічалі. Аляксандр і Людміла Вялюга прыехалі на мемарыял, каб убачыць, як прыносіць прысягу іх унук Кірыл Дубко. “Ён – хлопец з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, а пасля заканчэння тэхнічнага каледжа выказаў жаданне служыць па кантракце ва ўнутраных войсках”, – з гонарам распавядалі нам жыхары Глыбачкі.
Яркіх фарбаў у атмасферу мерапрыемства дадало выступленне духавога аркестра вайсковай часці 5530, відовішчную праграму прадэманстравалі юнакі і дзяўчаты з наваполацкага ваенна-патрыятычнага клуба “Сокал”. Самыя юныя госці мерапрыемства з захапленнем разглядалі зброю і прымяралі абмундзіраванне салдат, матулі і бабулі частавалі навабранцаў дамашнімі гасцінцамі, а камандзіры пераконвалі бацькоў, што іх сыны ў арміі забяспечаны абсалютна ўсім неабходным – і падстаў для хвалявання няма. Самымі ж папулярнымі ў гэты дзень на “Прарыве” былі пажаданні годнай службы і мірнага неба над галавой.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

