Курение сокращает продолжительность жизни на 5-7 лет

Калейдоскоп

Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, спажыванне тытуню штогод забірае каля 7 мільёнаў чалавечых жыццяў. З мэтай прафілактыкі курэння, яго негатыўных наступстваў з 4 па 31 мая ў нашай краіне праводзіцца інфармацыйна-адукацыйная акцыя “Беларусь супраць тытуню”.

Тытунёвая індустрыя не здаецца, агрэсіўна прасоўваючы новыя прадукты: электронныя цыгарэты, прылады з сінтэтычным нікацінам. Часта гэта маскіруецца пад “інавацыі”, але мэта адна – прыцягнуць новых карыстальнікаў і ўтрымаць старых. Пры гэтым галоўнай мішэнню часта становіцца моладзь. Араматызатары, яркія ўпакоўкі, зманлівы маркетынг робяць шкодныя прадукты “моднымі”.

У свеце каля 40 мільёнаў падлеткаў ва ўзросце 13-15 гадоў ужо ўжываюць тытунь, 20 мільёнаў – кураць цыгарэты, амаль столькі ж – спрабуюць электронныя (у 9 разоў часцей, чым дарослыя!), 10 мільёнаў – выкарыстоўваюць бяздымны тытунь.

Самай распаўсюджанай прычынай далучэння да курэння з’яўляецца падлеткавы канфармізм – маўляў, так рабілі мае сябры (55,1%). Сваю лепту ўносіць таксама банальная цікаўнасць (36%). Пры гэтым першыя цыгарэты часцей выклікаюць непрыемныя адчуванні: сухасць у роце, кашаль, галаўны боль, галавакружэнне. Аднак імкненне быць як усё штурхае на паўторныя спробы і прыводзіць да прывыкання.

У Беларусі курыць амаль трэць насельніцтва, прычым, у сельскай мясцовасці гэты паказчык вышэйшы, чым у горадзе. Мужчын сярод аматараў тытуню больш, але ў апошні час прадстаўніцы прыгожай паловы змяншаюць адставанне. Сярэдні ўзрост, калі набываюць такую звычку – 17,5 года: 16,9 – у мужчын, 19,9 – у жанчын.

Курэнне скарачае працягласць жыцця прыкладна на 5-7 гадоў. Яно часта становіцца прычынай сардэчна-сасудзістых, алергічных, а таксама анкалагічных паталогій – са звычкай звязваюць больш высокую захваральнасць на рак лёгкіх, поласці рота, глоткі, гартані, стрававода. Тытунь змяшчае нікацін – рэчыва, якое выклікае наркатычную залежнасць і характарызуецца дакучлівай, непераадольнай цягай да цыгарэт.

Калі перастаць курыць у сярэднім і нават старэйшым узросце, ад 5 да 15 працэнтаў знізіцца рызыка ўзнікнення пухлін, а таксама інфарктаў і інсультаў. Шанс быць здаровым адназначна ёсць!

Алла НІКІЦЕНКА, інструктар-валеолаг Ушацкага РЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *