Наступіла летняя пара – сезон адпускоў. На папулярныя пытанні пра законны адпачынак і яго аплату падчас нядаўняга прававога прыёму грамадзян расказала жыхарам Ушаччыны галоўны прававы інспектар працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Святлана Русланаўна СУПРУНЧУК (на здымку злева).
– Які мінімальны водпуск прадугледжаны па законе?
– 24 каляндарныя дні (не рабочыя!). Згодна з артыкулам 155 Працоўнага кодэкса РБ, такі водпуск абавязаны прадастаўляць усе наймальнікі. Аднак, ёсць пералік арганізацый, пасад, а таксама катэгорый работнікаў, якім устаноўлены водпуск большай працягласцю. Напрыклад, гэта педагогі, супрацоўнікі аварыйна-выратавальных службаў, інваліды, непаўналетнія.
– Хачу ўзяць адпачынак не цалкам, а часткамі. Колькі іх можа быць?
– Артыкулам 174 ПК прадугледжваецца падзел на дзве, пры гэтым адна павінна быць не менш за 14 каляндарных дзён. На большую колькасць частак падзяліць таксама можна – аднак такая магчымасць павінна быць прапісана ў калектыўным дагаворы ці іншым лакальным дакуменце арганізацыі.
– Ці трэба пісаць заяву на водпуск?
– Калі ён прадастаўляецца па графіку, такой неабходнасці няма, хаця важна ўзгадніць дату выхаду на адпачынак з наймальнікам. Затое апошні павінен паведаміць вам (у якой форме – не вызначана) пра пачатак водпуску не пазней, чым за 15 каляндарных дзён. Калі ж графік не захоўваецца, трэба напісаць заяву і не чакаць напамінаў.
– Ці могуць выклікаць на работу?
– Так, аднак для прыпынення водпуску патрэбна ваша згода (арт. 174 ПК). Пры гэтым з яго нявыкарыстанай часткай можна паступіць наступным чынам: забраць на працягу бягучага працоўнага года, далучыць да водпуску за наступны ці забраць грашовай кампенсацыяй, калі ўжо выкарысталі 14 і больш каляндарных дзён. Важнае ўдакладненне: адклікаць з водпуску нельга непаўналетніх а таксама работнікаў, якія маюць права на дадатковы адпачынак за работу са шкоднымі і (ці) небяспечнымі ўмовамі працы, за асаблівы характар работы.
– Водпуск супаў са святам. Ці абавязаны дабавіць дзень адпачынку і ці аплацяць яго?
– Гледзячы з якім. Калі гэта свята, аб’яўленае нерабочым днём (напрыклад, Новы год, 8 Сакавіка, 3 ліпеня), яго не ўключаюць у колькасць каляндарных дзён водпуску – такім чынам адпачнеце на адзін дзень даўжэй. Праўда, аплачвацца ён не будзе (арт. 151 ПК).
– У які тэрмін абавязаны выплаціць адпускныя?
– Калі ідзяце ў адпачынак па графіку – за два дні да пачатку водпуску ці раней. Калі ж графік не ўлічаны, вам таксама могуць выплаціць сярэдні заробак загадзя, але звычайна гэта робіцца пазней – праз два рабочыя дні з пачатку водпуску (арт. 176 ПК).
– Калі ўзяць водпуск пасля буйной прэміі, адпускныя павялічацца?
– Калі такую прэмію атрымалі ў поўны адпрацаваны месяц (без бальнічных, адпачынку за свой рахунак), то яе ўлічаць пры разліку адпускных. А значыць, іх памер павялічыцца.
– Ці можна працаваць без адпускоў, забіраючы грашовую кампенсацыю?
– Не. Як правіла, работніку прадастаўляюць адпачынак кожны год. У выключных выпадках яго частку могуць перанесці на наступны, але 14 каляндарных дзён абавязкова трэба адгуляць у бягучым. Да таго ж, замяніць грашовай кампенсацыяй – па дагаворы з наймальнікам – можна толькі частку водпуску, якая перавышае 21 каляндарны дзень. Праўда, разлічваць на гэта не могуць цяжарныя жанчыны, інваліды, непаўналетнія, спецыялісты са шкоднымі і (ці) небяспечнымі ўмовамі працы, а таксама работнікі, якім водпуск прадастаўлены авансам.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

