29 июня — день освобождения Ушачского района от немецко-фашистских захватчиков

Общество

Войскі першага Прыбалтыйскага фронту, часці 6 гвардзейскай і 43 армій – так гучаць сухія звесткі аб вызваленцах, якія 29 чэрвеня ўвайшлі ва Ушачы. Так, раённым цэнтрам яны авалодалі хутка, а вось падрыхтоўка да фарсіравання Заходняй Дзвіны вялася з 12 чэрвеня. Начнымі маршамі чырвонаармейцы па лясах і балотах рухаліся бліжэй да варожых умацаванняў, і на ўчастку прарыву працягласцю 18 кіламетраў загад аб наступленні чакалі байцы 2358 гармат і мінамётаў. Многія з іх прымуць на Ушаччыне апошні бой.

Камандзір аддзялення Канстанцін Кутрухін адаб’е пяць контратак і 27 чэрвеня ў баі за Хадакова закрые сваім целам варожы дзот. Днём раней Барыс Юркін пасля пераправы ракі знішчыць гарнізон дзота і рашуча кінецца ў траншэю з фашыстамі, дзе і загіне. Імёны гэтых расіян, якія пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, добра вядомы жыхарам Дубраўкі і Глыбачкі. У брацкай магіле ў аграгарадку пахаваны і камандзір яшчэ аднаго падраздзялення капітан Якаў Калашнікаў. Перад штурмам абароны ля вёскі Павулле ён атрымае ліст аб смерці брата і адпіша маці: “Цяжка нам. Але ўсведамленне, што ён загінуў як верны сын нашай Радзімы, змякчае гора”. Гэты ліст наўрад ці апярэдзіў чарговую для маці пахавальную. 29 чэрвеня Якаў Іванавіч будзе смяротна паранены асколкам снарада, а Ксенія Сямёнаўна ў мірны час прыедзе з Луганскай вобласці на магілу сына… Армяне, грузіны, татары – войска было шматнацыянальным, але вызваляла Беларусь як сваю малую радзіму.

Сярод тых, каму пашчасціла 29 чэрвеня ўехаць на танку ў роднае Двор Пліна, быў Георгій Іванавіч Ярмош. Толькі на хвіліну забяжыцца ён у хату і будзе далей біць ворага ў складзе І Прыбалтыйскага фронту. Папоўняць яго рады і ўсе выжыўшыя пасля прарыву блакады мсціўцы Ушацкай партызанскай зоны, каб вызваляць Латвію, Літву, Польшчу. Многія з іх не вернуцца дадому, а да пліт з іх імёнамі ніхто не ўскладае сёння кветак.

Беларусы ж памятаюць і цэняць дарагі кошт падоранай нам свабоды. І 29 чэрвеня, у дзень вызвалення Ушацкага раёна пліты на мемарыяльным комплексе “Прарыў” зноў сталі чырвонымі ад гваздзікоў – прадстаўнікі ўсіх арганізацый прынялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу і ўшанавалі памяць аб загінулых, якія вызвалілі Ушачы яшчэ восенню 1942-га і аднавілі савецкую ўладу, дапамаглі Чырвонай Арміі выбіць фашыстаў не толькі з нашага, але і многіх іншых раёнаў.

Півоні да прозвішча Уладзіміра Апёнка паклалі Максім Манух і Фёдар Уладзіміравіч Хамёнак, якія спецыяльна прыехалі на мітынг са Старога Сяла. “Возім унука на ўсе патрыятычныя мерапрыемствы. Ён павінен ведаць гісторыю сваёй зямлі”, – сказала бабуля хлопца Антаніна Казіміраўна Бычкова.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *