Давид Иванов первым в Ушачском районе перевёз тысячу тонн зерна от комбайнов

Сельское хозяйство

Зразумела, віцябчанін Давід Іваноў і раней ведаў, што боханы не растуць на дрэвах, але ячмень ад пшаніцы не адрозніваў, бо вось так блізка далучыцца да жытняй таямніцы давялося ўпершыню.

Сваю камандзіроўку ва Ушацкі раён вадзіцель “Віцебскаблводаканала” ўспрыняў без асаблівых эмоцый – усё роўна ж знаходзіцца за баранкай, не прынцыпова – дзе. Але пабачыўшы залатыя нівы на крутых узгорках, адчуўшы паскораны рытм жніва, характарызуе свой новы занятак маладзёжным словам “Прыкольна”.

Асаблівую місію вадзіцеляў на ўборачнай ён засвоіў у першы дзень, калі старэйшыя калегі з “Ільюшыскага” падалі яму балончык з пенай. Яна ў тым, каб ні прасыпалася ні зярнятка і каб не прастойвалі камбайны. Таму і імчаў да мігатлівага маячка, незалежна ад таго, на чыім бункеры загаралася лямпачка. Гэта калі ўсе камбайны разам убіралі. Ну а большую частку жніва, да якога далучыўся 25 ліпеня, ён быў замацаваны за дзвюма адзінкамі. Таму нават з улікам вымушанага прастою, які ўтварыўся ў канцы мінулага тыдня з-за прагарэлага глушыцеля, яго ніхто не можа дагнаць – Давід перавёз ужо 1115 тонн збожжа.

“Шчыра сказаць, я і лічбаў сваіх не ведаю, ды і пра наяўнасць такога спаборніцтва ўпершыню чую. Еду, куды накіруюць, зразумела, імкнуся хутка выгружацца і назад. Мне сапраўды цікава, захоплівае. Разумееш, што робіш частку вельмі важнай работы, таму хачу хутчэй вярнуцца ў ваш раён”, – казаў Давід, які на гэтым тыдні рамантаваў свой МАЗ на вытворчай базе прадпрыемства. У Віцебскім водаканале ён таксама заняты перавозкай, толькі зямлі ці торфу. Працуе на глейных пляцоўках, дзе выбіраюць каштоўную сыравіну.

Танаж для памочніка, сапраўды, не адыгрывае ролі. Аплата яму ідзе пагадзінная, ну а што ў табелі будуць стаяць большыя лічбы, чым 8-кі, гэта дакладна. Ля камбайнаў ён застаецца столькі, колькі трэба – і да 11 гадзін вечара таксама.

Галоўная перадумова яго лідарства – 20-тонны МАЗ, які ўмяшчае адразу два поўныя бункеры. А другая ў тым, што ён аказаўся ў счэпцы з перадавікамі не толькі гаспадаркі, але і раёна – Стасам Малахавым і Аляксандрам Хараком. Камбайнеры выцягвалі нядаўна загразлую ў нізіне крутога ўзгорка гружаную машыну, на шчасце – адзінкавы раз.
Раззнаёміўся ж 21-гадовы хлопец з усімі работнікамі гаспадаркі, занятымі на ўборачнай. Разам харчуюцца ў полі, а ўвечары ўсіх іншагародніх адвозяць у гасцініцу ў гарпасёлак. І яго ўсе выдатна ведаюць, нягледзячы на тое, што “Ільюшынскаму” дапамагаюць тры цёзкі з прозвішчам Іваноў. Справа ў тым, што вадзіцелі з Віцебскай ТЭЦ і некаторых іншых арганізацый пастаянна чаргуюцца, а ён – адзіны і нязменны прадстаўнік “Віцебскводаканала”.

У гараджаніна ніхто з родных не быў заняты ні на жніве, ні наогул у сельскай гаспадарцы. А Давід цяпер зможа смела казаць, што ведае, якой цаной здабываецца хлеб.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *