Тише едешь — больше будет. Качеству уборки зерновых — особое внимание

Сельское хозяйство

Сёлетняя ўборка зерневых упэўнена набліжаецца да завяршэння. На надвор’е аграрыям скардзіцца не прыходзіцца і прычынамі замаруджвання тэмпаў становяцца хіба што недахоп паліва ды паломкі тэхнікі, да чаго можа прывесці банальная зношанасць механізмаў. Што ж датычыцца якасці ўборкі, то яна амаль поўнасцю залежыць ад суб’ектыўных прычын – наладкі камбайнаў і сумлення таго, хто знаходзіцца за рулём. Страты зерня на полі бываюць заўсёды, але часта з-за халатнасці асобных працаўнікоў яны перавышаюць дапушчальныя нормы.

“Якасць уборкі нездавальняючая, аплату працы не рабіць” – такі запіс пасля праверак, якія спецыялісты райсельгасхарча перыядычна праводзяць з пачатку жніва, з’явіўся ў пуцявых лістах некалькіх камбайнераў розных гаспадарак. Асноўныя прэтэнзіі – высокія зрэз і скорасць руху камбайна, неадпаведнасць рэгуліровак механізмаў збожжаўборачных машын, агрэхі. Сумны рэйтынг-ліст па колькасці парушэнняў “узначальвае” КУСГП “Кублічы”, бо тут быў зафіксаваны поўны набор указаных вышэй хібаў, а з негатыўнага боку адзначыліся ўсе без выключэння камбайнеры. Між тым, менавіта ў гэтай гаспадарцы, дзе раслінаводства павінна стаць асноўнай крыніцай даходаў, самая нізкая ўраджайнасць сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў.

Выказаў незадаволенасць якасцю ўборкі на пазамінулым тыдні намеснік начальніка райсельгасхарча па раслінаводстве Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў і некаторым працаўнікам КУСГП “Вялікадолецкае” – на полі пасля праходу камбайнаў там-сям заставалася нязжатая збажына. Прычым, да аднаго з трох працуючых на ўчастку камбайнераў прэтэнзій не было.

– Вельмі нізкі ячмень, – галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Віктаравіч Зянюк ад выяўленага факта не адмаўляецца, але лічыць неабходным пракаменціраваць непрыемную сітуацыю. – Ягор Мацюш убіраў збажыну на больш роўных месцах. Участкі ж, дзе працавалі Рыгор Філімонаў і Сяргей Вусько, былі няроўныя, і нават калі максімальна апусціць жняярку, усё роўна не атрымлівалася падрэзаць усе каласы.

Выпадкі, калі на адным і тым жа полі ў розных камбайнераў якасць уборкі адрозніваецца, не адзінкавыя. У КУСГП “Арэхаўна” за збожжаўборачным агрэгатам Арцёма Баяронка і Валерыя Башуна сярод саломы заставаліся неабмалочаныя каласы пшаніцы з-за неадпаведнай рэгуліроўкі механізмаў, а вось у працаваўшага побач экіпажа Аляксандра Каваленкі і Мікалая Купрыянава на такім жа КЗС-1218 якасць уборкі адпавядала ўсім патрабаванням.

Падчас апошняга з рэйдаў невялікімі памерамі сцяблін ячменю спрабавалі апраўдаць свае хібы на жніве і механізатары некаторых іншых гаспадарак. С.А.Белагрыўцаў разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Міхаілам Аляксандравічам Шуком у сераду наведалі поле за вёскай Капусціна, дзе ўпершыню з пачатку ўборачнай у КУСГП “Глыбачаны” было задзейнічана аж 6 адзінак тэхнікі. Яшчэ на пад’ездзе да камбайнаў не парадавалі вока пакінутыя на ржэўніку “астраўкі” незахопленага жняяркай ячменю. Нягледзячы на раўнінны рэльеф упоперак радоў на УАЗе ехаць было вельмі складана – якасць апрацоўкі поля пры сяўбе пакідала жадаць лепшага, што адбілася і на якасці ўборкі. Як ні стараўся малады камбайнер Арцём Падсаднік апускаць жняярку, усё роўна месцамі яна не зразала каласы на нізкарослай ніве, а месцамі наадварот вырывала з зямлі дзярніну. Былі пытанні і па якасці абмалоту той збажыны, якая трапіла ўнутр малацілкі камбайна, бо за ім на зямлі заставалася значная колькасць зерня – неадрэгуляванымі аказаліся зазоры рашотак. Па гэтай жа прычыне, а таксама з-за неадпаведнасці абаротаў вентылятара дапускалі страты і некаторыя іншыя камбайнеры.

– Мужыкі, самі сябе кантралюйце, – схіліўшыся над іржышчам і ўказваючы на яўныя прыкметы браку, сароміў камбайнераў С.А.Белагрыўцаў. – Рэгуліроўка на адной і той жа культуры можа мяняцца некалькі разоў і мінімум тры на дзень: раніцай, у абед і вечарам вільготнасць розная.

Грэбняў на полі за Стаямі, дзе працавала тэхніка ААТ “Дземенец”, не назіралася, але прычыны для прэтэнзій да камбайнераў з боку правяраючых  усё ж знайшліся. Не пагадзіўся з імі Аляксандр Яловік, за камбайнам якога ўсё ж заставалася зерне, маўляў “лепш і не атрымаецца”, але побач быў прыклад Анатоля Грачова, што якасць уборкі ўсё ж можна павысіць. Для гэтага дастаткова крыху знізіць скорасць.

Жаданне аграрыяў скарыстацца спрыяльным надвор’ем і хутчэй убраць збожжа зразумелае. Але скорасць не павінна станавіцца прычынай пагаршэння якасці – аб гэтым гаварылася неаднаразова. А прыклады разумных суадносін хуткасці ўборкі і яе якасці ёсць. На мінулым тыдні супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю правялі праверку арганізацыі жніва ў ААТ “Ільюшынскі”, якое сярод лідараў па тэмпах уборкі, і не знайшлі парушэнняў якасці ні ў аднаго з чатырох правераных камбайнераў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *